Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары Прэзідэнта Рэспублiкi Беларусь 2001 года
 
Каментары

ХТО БАІЦЦА БДІПЧ?


2001-07-31

ХТО БАІЦЦА БДІПЧ?


Місія Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ, якая планавала прыбыць ў Беларусь 1 жніўня для назірання за выбарчай кампаніяй, пераносіцца на пазнейшы тэрмін. Беларускія ўлады не даслалі запрашэнне, без якога прыезд назіральнікаў немагчымы.

"Я вельмі расчараваны гэтым рашэннем", - заявіў 30 ліпеня дырэктар БДІПЧ Жэрар Студман. - Кожны дзень, на які адкладаецца наш прыезд, змяншае нашую здольнасць да прафесійнага назірання, якое мы праводзім у іншых краінах АБСЕ". На думку сп. Cтудмана, затрымка прыезду місіі "падрывае ўнутраны і міжнародны давер да выбараў".

Беларусь, як і любая іншая краіна, што ўваходзіць у Арганізацыю па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе, прыняла на сябе абавязацельства запрашаць назіральнікаў БДІПЧ на свае выбары. Гэтая асноўная арганізацыя па назіранні за выбарамі ў Еўропе яшчэ 9 ліпеня праінфармавала беларускі ўрад аб сваім жаданні даслаць 1 жніўня місію назіральнікаў у Беларусь, аднак афіцыйнага запрашэння так і не дачакалася.

Прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Павел Латушка фактычна не адказаў на пытанне БелаПАН, чаму беларускія ўлады вырашылі пакуль не дапускаць назіральнікаў БДІПЧ у краіну. Сп. Латушка заявіў толькі, што тэрміны запрашэння назіральнікаў не вызначаныя ў дакументах АБСЕ і таму цалкам залежаць ад рашэння краіны, якая праводзіць выбары. Беларусь дашле запрашэнне БДІПЧ "у бліжэйшы час", сказаў прэс-сакратар МЗС.

Гучыць добра, але чаму нельга было даслаць запрашэнне раней? У адсутнасць афіцыйнага тлумачэння даводзіцца рабіць здагадкі.

У прыватнасці, планавалася, што місія БДІПЧ будзе назіраць за рэгістрацыяй кандыдатаў у прэзідэнты, якая пачынаецца 5 жніўня. Прэтэндэнтаў засталося толькі чацвёра, таму Цэнтрвыбаркам можа разабрацца з імі даволі хутка. Можа быць, прысутнасць у Беларусі назіральнікаў БДІПЧ непажаданая да рашэння аб рэгістрацыі ці нерэгістрацыі кагосці з прэтэндэнтаў? А можа быць улады вырашылі ўвогуле не дапускаць такіх назіральнікаў у краіну да дня выбараў, памятаючы аб тым, як БДІПЧ адмовілася прызнаваць вынікі леташніх выбараў у Палату прадстаўнікоў, паназіраўшы чатыры тыдні за ходам выбарчай кампаніі? Урэшце, калі тэрміны запрашэння не вызначаныя ў дакументах АБСЕ, чаму б не даслаць яго ў апошні дзень?

Камусці гэтыя версіі здадуцца недарэчнымі. Але сам факт вымушанага пераносу місіі аўтарытэтнай міжнароднай арганізацыі - гэта чарговы ўдар па рэпутацыі Беларусі на міжнароднай арэне.

Аляксей ЗНАТКЕВІЧ, рэдактар сайта.
31 ліпеня.