ВЫЗНАЧАНЫ АДЗІНЫ КАНДЫДАТ АД АПАЗІЦЫІ
2001-07-22
ВЫЗНАЧАНЫ АДЗІНЫ КАНДЫДАТ АД АПАЗІЦЫІ
21 ліпеня быў вызначаны адзіны прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі ад апазіцыйнай кааліцыі -- старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларускай Уладзімір Ганчарык.
Можна спрачаццца, ці сапраўды сп. Ганчарык - найлепшая кандыдатура з "пяцёркі" прэтэндэнтаў. Напрыклад, паводле сацыялагічных апытанняў, невялікі, як і ў іншых альтэрнатыўных кандыдатаў, рэйтынг лідэра ФПБ не вырас за апошнія месяцы. Застаюцца адкрытымі пытанні аб тым, ці здолее сп. Ганчарык набыць сур'ёзную папулярнасць за апошнія 7 тыдняў перад выбарамі і ці не зашкодзіць яму у гэтым невысокі аўтарытэт "афіцыйных" прафсаюзаў у грамадстве. Няясна таксама, ці паспрыяе сп. Ганчарыку тое, што ягоная пазіцыя па многіх найважнейшых пытаннях - ад незалежнасці Беларусі да эканамічнай рэформы - застаецца расплывістай.
Але як бы хто ні ставіўся да асобы кіраўніка ФПБ, вылучэнне адзінага кандыдата было неабходным крокам для апазіцыі, якая ў іншым выпадку не мела б шанцаў на перамогу. Несумненным плюсам сп. Ганчарыка з'яўляецца тое, што ўладам будзе цяжка стварыць яму вобраз радыкала і разбуральніка стабільнасці. Тэарэтычна, ён павінны прыцягваць сімпатыі тых, хто баіцца сацыяльных ўзрушэнняў, але пры гэтым згубіў давер да дзеючага кіраўніцтва.
Што тычыцца так званага "пратэстнага электарату", то старшыні ФПБ будзе цяжэй змагацца за яго, чым, напрыклад былому кіраўніку Гродзенскай вобласці Сямёну Домашу. Тут шмат будзе залежаць ад таго, наколькі рэальнай будзе шырокая грамадская кааліцыя і наколькі сп. Ганчарык здолее прыцягнуць да працы ў сваю падтрымку не толькі традыцыйных хаўруснікаў ФПБ, але і тых, з кім існуюць ідэалагічныя разыходжанні - напрыклад, Партыю БНФ ды Аб'яднаную грамадзянскую партыю. Таксама важна заваяваць сімпатыі каманд іншых прэтэндэнтаў з "пяцёркі", асабліва ў правінцыі, і апазіцыйных рухаў моладзі - такіх як "Зубр" і "Малады фронт".
Паводле звестак Цэнтрвыбаркама на 21 ліпеня, толькі чатыры прэтэндэнты здалі больш за 100 тысяч подпісаў, неабходных для рэгістрацыі кандыдатамі. Гэта старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч, спадары Ганчарык і Домаш, і дзеючы кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. Натуральна, што па колькасці здадзеных подпісаў сп. Лукашэнка значна абыйшоў сваіх супернікаў (гл. каментар за 17 ліпеня).
Згодна з пагадненнямі, у выпадку рэгістрацыі сп. Ганчарыка, сп. Домаш павінны будзе зняць сваю кандыдатуру. Такім чынам, можа стварыцца сітуацыя, калі самым "правым" сярод кандыдатаў будзе сп. Гайдукевіч, да якога традыцыйны апазіцыйны электарат не мае асаблівай прыхільнасці. Праўда, старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошыня паведаміла БелаПАН, што яшчэ тры кандыдаты здалі прыкладна па 100 тысяч подпісаў -- старшыня Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін, генеральны дырэктар ЗАТ "Атлант" Леанід Калугін і пасол Беларусі ў Латвіі Міхаіл Марыніч. Першы таксама абавязаўся зняць сваю кандыдатуру ў выпадку рэгістрацыі сп. Ганчарыка. Калі зарэгіструюць сп. Марыніча, будзе лагічна выглядаць нейкая форма хаўрусу паміж ім і лідэрам ФПБ.
Што тычыцца сп. Калугіна, узнікаюць натуральныя пытанні: "Як ініцыятыўная група ў 120 чалавек здолела сабраць 100 тысяч подпісаў? Няўжо выкаўначыя ўлады праспалі патэнцыйна небяспечнага кандыдата?" З даволі вялікай доляй верагоднасці можна адказаць на гэтыя пытанні і сёння, але лепей усё ж пачакаць рашэння ЦВК датычна подпісаў і рэгістрацыі.
Аляксей ЗНАТКЕВІЧ, рэдактар сайта.
22 ліпеня.