АДМЕТНАСЦІ ЗБОРУ ПОПІСАЎ НА АДКРЫТЫХ ТЭРЫТОРЫЯХ
2001-07-17
АДМЕТНАСЦІ ЗБОРУ ПОПІСАЎ НА АДКРЫТЫХ ТЭРЫТОРЫЯХ
Праз некалькі дзён - 20 ліпеня - сканчаецца збор подпісаў за вылучэнне кандыдадатаў у прэзідэнты Беларусі. На сёння штабы ўжо васьмі патэнцыйных кандыдатаў абвесцілі, што маюць больш за неабходны мінімум у 100 тысяч.
У гэтай васьмёрцы - лідэр Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч, старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларускай Уладзімір Ганчарык, былы кіраўнік Гродзенскай вобласці Сямён Домаш, былы міністр абароны Павел Казлоўскі, лідэр Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін, дзеючы кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, былы кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Леанід Сініцын і былы прэм'ер-міністр Міхаіл Чыгір.
Пры гэтым ініцыятыўныя групы Гайдукевіча і Сініцына, а таксама Міхаіла Марыніча, пасла Беларусі ў Латвіі, паспелі атрымаць папярэджанні ад Цэнтрвыбаркама. Папярэджанне групе Гайдукевіча было вынесена за тое, яе сябры ў Лідзе і Мінску раздавалі буклеты з біяграфіяй и фота лідэра ЛДПБ. Група Сініцына атрымала папярэджанне за тое, што ў яе склад быў уключаны чалавек, які не даваў на тое згоды, але пры гэтым атрымаў плату ў 5 долараў (тут, праўда, лагічная супярэчнасць). За падобнае ж парушэнне была папярэджаная і група Міхаіла Марыніча - адзін з яе сябраў звярнуўся ў ЦВК з заявай пра тое, што яму і некаторым іншым аплацілі камандзіровачныя выдаткі на збор подпісаў.
А вось у Аляксандра Лукашэнкі Цэнтрвыбаркам ніводнага парушэння не знайшоў. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына так і заявіла ў інтэрв'ю Беларускаму тэлебачанню: Ніводны факт не пацвердзіўся. Таму яна назвала інфармацыю аб такіх парушэннях, у тым ліку і тую, што размяшчалася на нашым сайце, "піарам, скіраваным супраць выбараў". Сама ж спадарыня Ярмошына са зборшчыкамі подпісаў асабіста не сутыкалася, бо жыве "на закрытай тэрыторыі".
Паверыць у праўдзівасць выказванняў старшыні Цэнтрвыбаркаму перашкаджае тое, што, жывучы на адкрытай тэрыторыі, увесь час атрымоўваеш іншую інфармацыю, прычым ад людзей, якім верыцца больш, чым самаму найлепшаму дзяржаўнаму чыноўніку - ад бліжэйшых сваякоў, сяброў і знаёмых. Напрыклад, аб тым, што ў дзіцячы садок прыходзілі збіраць подпісы за Лукашэнку ў працоўны час, у чым дапамагала адміністрацыя. Пасля таго, як некаторыя падпісаліся, сябра ініцыятыўнай групы заявіла людзям, што па Канстытуцыі яны ўжо не маюць права падпісвацца за іншых кандыдатаў.
Ці аб тым, як на буйным прадпрыемстве ў райцэнтры подпісы збіраліся сакратаркамі адміністрацыі завода, таксама ў працоўны час. Многім з тых, хто адмаўляўся падпісвацца, пагражалі брыгадзіры й начальнікі цахоў. А тым, хто падпісваўся, казалі ўсё тую ж хлусню - што яны нібыта больш не маюць права падпісвацца за іншых кандыдатаў.
Усё гэта мне распавядалі людзі, далёкія ад палітыкі і абсалютна не зацікаўленныя ў "піары, скіраваным супраць выбараў". Таму я не буду здзіўляцца, калі праз некалькі тыдняў Цэнтрвыбаркам абвесціць, што за спадара Лукашэнку сабралі нашмат больш подпісаў, чым за астатніх кандыдатаў - збор подпісаў на адкрытых тэрыторыях у Беларусі мае нацыянальныя адметнасці.
Аляксей ЗНАТКЕВІЧ, рэдактар сайта.
17 ліпеня.