Каментары
МАШЭРАВА СЫХОДЗІЦЬ З ДЫСТАНЦЫІ: КАМЕНТАР 4 ЛIПЕНЯ
2001-07-04
Аўтар: Аляксей ЗНАТКЕВІЧ, рэдактар сайта.
МАШЭРАВА СЫХОДЗІЦЬ З ДЫСТАНЦЫІ
Наталля Машэрава - дэпутат Палаты прадстаўнікоў і дачка дагэтуль папулярнага
кіраўніка БССР Пятра Машэрава - вырашыла адмовіцца ад змагання за пасаду
прэзідэнта Беларусі на сёлетніх выбарах.
Як паведаміў беларускай службе Радыё Свабода 4 ліпеня прэс-сакратар Цэнтральнай
выбарчай камісіі Валерый Юрэвіч, Машэрава падала ў Цэнтрвыбаркам заяву
з просьбай ануліраваць рэгістрацыю яе ініцыятыўнай групы. Паводле словаў
Юрэвіча, прычыны гэтай просьбы ў заяве не тлумачацца. Цэнтрвыбаркам плануе
прыняць рашэнне па заяве 5 ліпеня.
Звязацца з самой Машэравай па каментар пакуль не атрымалася. Памочніца
Машэравай у Палаце прадстаўнікоў паведаміла Радыё Свабода, што да 10 ліпеня
тая будзе знаходзіцца за межамі Беларусі.
Чуткі аб тым, што Машэрава здыме сваю кандыдатуру з'явіліся яшчэ на мінулым
тыдні. Тады Машэрава ў інтэрв'ю БелаПАН адмовілася ад каментару. "Сітуацыя
больш складаная, чым вы думаеце", - сказала яна.
Відавочна, што рашэнне Машэравай было выклікана ціскам з боку цяперашняга
кіраўніцтва Беларусі. Аляксандр Лукашэнка назваў рашэнне Машэравай ісці
на выбары "ударам у спіну". Апошнія апытанні паказвалі рэзкі рост папулярнасці
Машэравай - у чэрвеньскім рэйтынгу Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных
і палітычных даследаванняў яна падзяліла другое месца з былым прэм'ер-міністрам
Міхаілам Чыгіром. У адказ на "закрытае" пытанне (даваўся спіс прозвішчаў
магчымых кандыдатаў і некалькі варыянтаў адказаў па кожным прозвішчы)
17 працэнтаў апытаных адказалі, што прагаласуюць за Машэраву.
Цяпер мы наўрад ці даведаемся, наколькі рэальным супернікам Лукашэнку
на выбарах магла б стаць Наталля Машэрава, якая ідэалагічна вельмі блізкая
да цяперашняга кіраўніка Беларусі (гл. каментар за 27
чэрвеня). Але яе сыход з выбарчай гонкі, хутчэй за ўсё, сведчыць аб
тым, што Лукашэнка мае намер правесці выбары па "жорсткім" сцэнары, страхуючыся
ад нечаканасцяў. Можна прагназаваць нават адмову ў рэгістрацыі ўсім больш-меньш
моцным кандыдатам з "пяцёркі" дэмакратычнай апазіцыі (Уладзіміру Ганчарыку,
Сямёну Домашу і Міхаілу Чыгіру), а таксама папулісту Сяргею Гайдукевічу
і "наменклатуршчыкам" Міхаілу Марынічу і Леаніду Сініцыну. Тут вельмі
дарэчы можа прыдасца нядаўні прэзідэнцкі дэкрэт №20, які ўводзіць абавязковае
дэклараванне даходаў і маёмасці не толькі кандыдатам, але і агонымі сваякамі
(у тым ліку ўнукамі, дзядулямі, бабулямі, братамі і сёстрамі).
Прысутнасць у выбарчай гонцы Машэравай, чый патэнцыйны электарат часткова
супадае з Лукашэнкавым давала аналітыкам падставу казаць, што будзе ажыццяўляцца
хітры сцэнар, у якім гэтыя двое выйдуць у другі тур, каб стварыць ілюзію
барацьбы. Сыход жа Машэравай сведчыць аб тым, што ўсё можа быць значна
прасцей і больш натуральна для характара сённяшняга кіраўніка краіны -
Лукашэнка рыхтуецца абвесціць аб сваёй перамозе ў першым туры.