ЕДНАСЦЬ І БАРАЦЬБА ДОБРАГА З ЛЕПШЫМ: КАМЕНТАР 27 ЧЭРВЕНЯ
2001-06-27
Аўтар: Аляксей ЗНАТКЕВІЧ, рэдактар сайта.
ЕДНАСЦЬ І БАРАЦЬБА ДОБРАГА З ЛЕПШЫМ
26 чэрвеня кіраўнік аграпрамысловага прафсаюза Аляксандр Ярашук заявіў, што гатовы далучыцца да пяцёркі магчымых кандыдатаў у прэзідэнты ад шырокай грамадзянскай кааліцыі (сёння у "пяцёрцы" - старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Уладзімір Ганчарык, былы кіраўнік Гродзенскай вобласці Сямён Домаш, былы міністр абароны Павел Казлоўскі, лідэр апазіцыйных камуністаў Сяргей Калякін і былы прэм'ер-міністр Міхаіл Чыгір).
Днём раней старшыня жаночай партыі "Надзея" Валянціна Палевікова паведаміла "Белорусской деловой газете", што яе партыя прыпыняе сяброўства у Каардынацыйнай радзе дэмакратычных сіл менавіта з той прычыны, што некаторыя удзельнікі КРДС нібыта спрыялі вылучэнню дадатковых кандыдатаў - Аляксандра Ярашука і нават Наталлі Машэравай. Паводле словаў спн. Палевіковай, з'яўленне новых кандыдатаў перашкодзіць "пяцёрцы", дзе ўжо адбыліся зрухі да вылучэння адзінага кандыдата. "Па меншай меры, дастаткова канкрэтныя дамоўленасці былі дасягнутыя паміж трыма з пяці кандыдатаў," - сказала яна.
Партыя "Надзея" шчыльна звязаная з афіцыйнымі прафсаюзамі, а сама спн. Палевікова працуе на Уладзіміра Ганчарыка, таму яе заява - паказчык таго, што ў "шырокай грамадскай кааліцыі" яшчэ далёка да еднасці. Сп. Ганчарыка падтрымлівае даволі значная частка апазіцыйных арганізацый Беларусі. Другая значная частка падтрымлівае кандыдатуру сп. Домаша. Астатнія кандыдаты з "пяцёркі" пакуль што маюць меншую арганізацыйную (тут не вядзецца пра фінансы ці рэйтынгі папулярнасці) падтрымку. Нягледзячы на заяву лiдэра руху "За новую Беларусь" Васiля Лявонава аб тым, што "пяцёрка" дамовiлася аб механiзме вылучэння адзiнага кандыдата, па-ранейшаму існуе рызыка з'яўлення пасля рэгістрацыі кандыдатаў як мінімум дзвюх дэмакратычных грамадзянскіх кааліцый, у кожнай з якіх будзе свой кандыдат. Калі ўлічыць, што ў выбарах верагодна будзе ўдзельнічаць і сп. Пазняк, у якога ёсць дастаткова стабільны працэнт прыхільнікаў і які кажа, што не бачыць прынцыповай розніцы паміж Аляксандрам Лукашэнкам і кандыдатамі дэмакратычнай апазіцыі, дык шанцы дэмакратаў перамагчы ў выпадку раскола "пяцёркі" будуць фактычна зведзеныя на нуль.
Што тычыцца сп. Ярашука, многія выказваюць думку, што гэта адзіны кандыдат, які можа адабраць у сп. Лукашэнкі частку вясковага электарату. Нават калі ён не здолее сабраць неабходныя для рэгістрацыі 100 тысяч подпісаў, ягоны ўдзел у першай стадыі выбарчай кампаніі можа хоць крыху разварушыць вёску. Пра далучэнне сп. Ярашука да "пяцёркі" казалі ўжо даўно, і ягоная ўчорашняя заява выглядае цалкам натуральна.
Іншая рэч - Наталля Машэрава. З аднаго боку, памяць аб яе бацьку - загінулым кіраўніку БССР - і, адпаведна, пазнавальнасць прозвішча робяць яе сур'ёзным кандыдатам. Да таго ж відавочна, што яе будуць "раскручваць" расійскія СМІ (сёння яна мае выступiць у праграме ОРТ "Здесь и сейчас"). З іншага боку, у сваіх першых інтэрв'ю пасля рэгістрацыі ініцыятыўных груп яна амаль ніводным словам не абмовілася, што яе не задавальняе ў сённяшнім беларускім рэжыме. Пакуль што спн. Машэрава перамежвае пахвалы Аляксандру Лукашэнку (стабільнасць, клопаты аб ветэранах) з агульнымі пампезнымі дэкларацыямі ("Мы пачынаем фармаваць новую эпоху").
Калі ж у адказах з'яўляецца канкрэтыка, дык бачна, што яе пазіцыі мала чым адрозніваюцца ад падыходаў сённяшняга кіраўніка дзяржавы. Напрыклад, рашучае "не" у адказ на пытанне карэспандэнта "Известий" аб магчымасці новых парламенцкіх выбараў у выпадку яе перамогі. Ці аб суверэнітэце Беларусі: "В советские времена Белоруссия отработала хорошую схему. Мы имели свой голос в ООН".
Магчыма, што ў выпадку рэгістрацыі сп. Машэравай у якасці кандыдата яна пачне больш крытычна выказвацца на адрас выканаўчай улады. Але неразумна лічыць яе магчымым альтэрнатыўным кандыдатам, бо яна хутчэй увасабляе адзін з прынцыпаў сацыялістычнага рэалізму ў мастацтве - "барацьбу добрага з лепшым" - чым рэальную альтэрнатыву сп. Лукашэнку. Пакуль што яе кампанія вядзецца па прынцыпе: "Сёння добра і стабільна, але пры Пятры Міронавічы Машэраве было лепей і стабільней".
Сп. Лукашэнка перамог у 1994 годзе ў многім таму, што добра адчуў тагачасны настрой грамадства - "прыціснуць карупцыянераў", "накралі тут", "панабудавалі катэджаў", "такую краіну развалілі". Масавае ж галасаванне за "беларускую Індзіру Гандзі" можа адбыцца толькі на падмурку настальгіі па савецкіх часах, якую даўно ўжо эксплуатуе сённяшні кіраўнік дзяржавы.