Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары Прэзідэнта Рэспублiкi Беларусь 2001 года
 
Каментары

КАМЕНТАР 19 ЧЭРВЕНЯ


2001-06-19


Шаноўнае спадарства!

19 чэрвеня Цэнтрвыбаркам скончыў рэгістрацыю ініцыятыўных груп магчымых кандыдатаў у прэзідэнты. З 25 заявак задаволеныя 22 - усе больш-менш сур'ёзныя намінанты зарэгістравалі свае групы, якія з 21 чэрвеня пачнуць збор подпісаў.

Пакуль што мы маем патэнцыйных кандыдатаў на любы густ - тут і старшыня Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Зянон Пазняк, і "пяцёрка" аб'яднанай апазіцыі, і цяперашні "наменклатуршчык" Міхаіл Марыніч, і кіраўнік выбарчага штабу Аляксандра Лукашэнкі ў 1994 годзе Леанід Сініцын, і Наталля Машэрава - дачка дагэтуль папулярнага кіраўніка БССР.

Некаторыя аглядальнікі паспяшаліся абвесціць, што ўлады абралі стратэгію "бесперашкоднага вылучэння" - маўляў, будзе зарэгістравана як мага больш кандыдатаў, каб расцерушыць пратэстны электарат. Але насамрэч пакуль што мала падставаў для такой думкі. У бліжэйшы месяц прадстаўнікі 21 групы, збіраючы подпісы, будуць даводзіць народу, што іх кандыдат лепшы за цяперашняга кіраўніка дзяржавы (і за 20 іншых альтэрнатыўных кандыдатаў). І калі нейкая група выканае гэтую няпростую задачу хоць адносна паспяхова, у Цэнтрвыбаркама можа ўзнікнуць жаданне асабліва пільна разгледзець подпісы ў падтрымку яе кандыдата.

Найбольшая верагоднасць рэгістрацыі менавіта ў тых, хто мае мала шанцаў на шырокую падтрымку - напрыклад у Зянона Пазняка ці ў лідэра апазіцыйных камуністаў Сяргея Калякіна. Пазняк можа быць зрабіцца для ўлады патрэбным кандыдатам, бо ягонае імя не толькі прывабіць сталых прыхільнікаў унутры краіны, але й будзе важным для дэмакратычнага выгляду прэзідэнцкай кампаніі ў вачах замежнай публікі.

Сярод сюрпрызаў апошніх дзён - рашэнне пасла Беларусі ў Латвіі Міхаіла Марыніча аб удзеле ў выбарчай кампаніі. Марыніча ў розных колах называюць чалавекам, за якім стаіць кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Міхаіл Мясніковіч. Таксама кажуць, што менавіта Мясніковіч кантраляваў вынікі галасавання падчас прэзідэнцкай кампаніі 1994 года і "здаў" свайго тагачаснага шэфа - прэм'ер-міністра Вячаслава Кебіча.

Пакуль Цэнтрвыбаркам рэгістраваў ініцыятыўныя групы, мясцовыя ўлады фармавалі тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі. Праўда, паводле нашай інфармацыі, спісы гэтых камісій былі зацверджаныя ўжо колькі месяцаў таму. Таму не дзіва, што з 600 прадстаўнікоў апазіцыйных партый, якія пажадалі трапіць у камісіі, не прайшоў ніводны.

Сярод крытыкаў улады толькі лянівы не казаў яшчэ, што ў Беларусі на выбарах перамагае той, хто кантралюе падлік галасоў. Досвед леташняй парламенцкай кампаніі паказвае, што гэта сапраўды так. І ніякія пратэсты назіральнікаў, ніякія апеляцыі да сусветнай супольнасці не дапамогуць, калі ў выбарчых камісіях не будзе людзей, гатовых супрацьстаяць фальсіфікацыям.

Летась шэраговыя сябры камісіяў проста заплюшчвалі вочы, калі некаторыя са старшыняў (якія звычайна прадстаўляюць выканаўчую уладу) "нацягвалі" яўку выбаршчыкаў ці па іншаму фальсіфікавалі пратаколы. Тое ж сама будзе і ў верасні, калі толькі ў грамадстве радыкальна не зменіцца настрой і людзі ў камісіях не пабачаць, што ёсць рэальны шанец змяніць уладу.

Сёння ж большасць па-ранейшаму не верыць у тое, што выбары нешта вырашаюць і што ад іх саміх нешта залежыць. Толькі змяніўшы гэты настрой, беларусы могуць разлічваць на змены ў грамадстве і ва ўладзе.