Каментары
СТАРТАВЫ КАМЕНТАР
2001-06-11
Аўтар: Аляксей ЗНАТКЕВІЧ, рэдактар сайта.
Шаноўнае спадарства!
Інфармацыйная кампанія БелаПАН стварыла гэты сайт, каб дапамагчы Вам арыентавацца ў падзеях прэзідэнцкай кампаніі. Мы абяцаем Вам своечасовую і дакладную інфармацыю, узважаны аналіз і шырокі спектр меркаванняў аб тым, што будзе адбывацца гэтымі месяцамі. У хуткім часе мы плануем пашырыць наш сайт, дадаўшы новыя рубрыкі і змест на англійскай мове.
Да 9 верасня - дня выбараў - застаецца менш за тры месяцы. Ужо зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы тых, хто жадае змагацца за прэзідэнцкае крэсла, выканаць чыйсьці заказ або хаця б зрабіць сабе рэкламу. Зрэшты, прэзідэнцкая гонка пачалася ўжо даўно - сур'ёзныя кандыдаты загадзя падрыхтавалі і свае ініцыятыўныя групы, і свае выбарчыя штабы.
Цяперашняга кіраўніка Беларусі, Аляксандра Лукашэнку, многія лічаць "асуджаным" на перамогу. І хаця сацыялагічныя апытанні паказваюць такі ўзровень незадаволенасці сітуацыяй у краіне, які ў большасці іншых дзяржаў Еўропы прымусіў бы аналітыкаў гаварыць пра непазбежную змену ўлады, ёсць шмат прычын лічыць Лукашэнку фаварытам. Гэта і адсутнасць параўнальных з ім па папулярнасці альтэрнатыўных палітыкаў -- шмат у чым з прычыны яго поўнай манаполіі на дзяржаўныя СМІ. Гэта і кантроль выканаўчай улады за падлікам галасоў - тыя, хто сачыў за парламенцкімі выбарамі леташняй восенню, памятаюць, якія дзіўныя рэчы адбываліся, напрыклад, з яўкай выбаршчыкаў.
Тым не менш, дазволю сабе не пагадзіцца з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Раманам Ананьевым, які назваў прэзідэнцкую выбарчую кампанію марнаваннем грошай і прапанаваў правесці рэферэндум аб працягу паўнамоцтваў Лукашэнкі "яшчэ як мінімум на сем гадоў". Ва ўсім свеце выбарчыя кампаніі не раз ужо змянялі настроі ў грамадствах і падносілі сюрпрызы там, дзе ўсё здавалася застрахаваным ад нечаканасцяў.
Урэшце, не так даўно мне даводзілася спрачацца з людзьмі, якія не верылі, што зборная Беларусі па футболу можа змагацца за нешта большае, чым перадапошняе месца ў адборачнай групе чэмпіянату свету. Вялікія футбольныя баталіі мы зможам пабачыць не раней за 1 верасня, калі нашая каманда будзе ў Мінску прымаць украінцаў. А вось у выбарчай барацьбе перапынку ўжо не чакаецца. І калі б мы лічылі гэтую барацьбу п'есай з перадвызначаным фіналам, то не браліся б за такі праект.
Заставайцеся з намі!