Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары Прэзідэнта Рэспублiкi Беларусь 2001 года
 
Хроніка

ТРЫ РАБОЧЫЯ ГРУПЫ СТВОРАНЫ Ў РАМКАХ ЦЭНТРА ПАДРЫХТОЎКІ ДА ПРЭЗІДЭНЦКІХ ВЫБАРАЎ "ЗЯМЛЯ І ВОЛЯ"


2001-04-02 15:30:00

Аўтар: БелаПАН.

Мінск, 2 красавіка. Асноўныя накірункі працы цэнтра падрыхтоўкі да выбараў прэзідэнта "Зямля і воля" вызначаны на пашыраным пасяджэнні яго аргкамітэта, якое прайшло ў Мінску 31 сакавіка. Цэнтр падрыхтоўкі да выбараў "Зямля і воля" быў створаны напачатку студзеня 2001 года. У яго арганізацыйны камітэт ўвайшлі прэзідэнт Беларускага саюза фермераў Аляксандр Ласевіч, лідэр прафсаюза АПК Аляксандр Ярашук, былы міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Васіль Лявонаў, дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі 13-га склікання Генадзь Усюкевіч, палітолаг і экс-старшыня Беларускай сялянскай партыі Яўген Лугін, эканамісты-аграрнікі Міхаіл Антоненка, Уладзімір Кулажанка, Іван Нікітчанка і іншыя. Асноўная задача "Зямлі і волі" - фарміраванне ініцыятыўнай групы па збору подпісаў для рэгістрацыі аднаго з кандыдатаў на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь сярод сельскіх выбаршчыкаў. Акрамя прадстаўнікоў аргкамітэта, у пасяджэнні 31 сакавіка ўзялі ўдзел намеснік старшыні АГП Васіль Шлындзікаў і лідэр кааліцыі жаночых арганізацый Беларусі Святлана Бястужава. З апошняй структурай кіраўніцтва "Зямлі і волі" заключыла пагадненне аб супрацоўніцтве; раней аналагічнае пагадненне было падпісана з Грамадзянскім камітэтам "Выбар-2001". Асноўным вынікам пасяджэння стала зацвярджэнне новага калектыўнага органа праўлення цэнтра і стварэнне трох рабочых груп адпаведна па асноўных кірунках дзейнасці "Зямлі і волі" - арганізацыя рэгіянальных структур, праца са СМІ і падрыхтоўка праграмы для будучага кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Відавочна, што праграма "Зямлі і волі" будзе датычыцца пераважна праблем аграпрамысловага комплексу і зямельнай рэформы.