ПАРАЛЕЛЬНЫ ПАДЛІК ГАЛАСОЎ БУДЗЕ ПРАВЕДЗЕНЫ ПРЫКЛАДНА НА 500 ВЫБАРЧЫХ УЧАСТКАХ
2001-08-14 18:13:00
Аўтар: Генадзь БАРБАРЫЧ, БелаПАН.
Мінск, 14 жніўня. У дзень прэзідэнцкіх выбараў паралельны падлік галасоў будзе праведзены прыкладна на 500 выбарчых участках. Пра гэта на прэс-канферэнцыі, якая адбылася 14 жніўня ў Мінску, паведамілі ўдзельнікі грамадскай ініцыятывы "Незалежнае назіранне".
Кіраўнік грамадскага аб'яднання "Вясна" Алесь Бяляцкі сказаў, што колькасць незалежных назіральнікаў, якія будуць удзельнічаць у назіранні за выбарамі, расце і набліжаецца да 15 тысяч. Яны маюць намер забяспечыць сумленнасць і празрыстасць правядзення выбараў на шасці з паловай тысячах выбарчых участках. "Нашымі назіральнікамі па ўсёй тэрыторыі Беларусі павінна быць закрыта 85-90 прапцэнтаў участкаў. Мы не ставім якіх-небудзь рэвалюцыйных задач, а працуем у рамках закону аб выбарах", - сказаў А.Бяляцкі. Тым не менш, па яго словах, улады пачалі пераследаванне арганізацый, якія ўдзельнічаюць у грамадскай ініцыятыве "Незалежнае назіранне". Па Беларусі пракацілася хваля вобыскаў і канфіскацый камп'ютараў і іншай аргтэхнікі ў розных грамадскіх аб'яднаннях, такіх вядомых, як "Грамадзянскія ініцыятывы" (Гомель), "Ратуша" (Гродна) і іншых. На думку А.Бяляцкага, улады робяць гэта для таго, каб перашкодзіць нармальнай арганізацыі назірання. А гэта, у сваю чаргу, робіцца з мэтай схаваць парушэнні і фальсіфікацыі падчас правядзення галасавання і падліку галасоў.
Каментарыі Беларускага тэлебачання аб незалежным назіранні сведчаць ці аб некампетэнтнасці беларускіх уладаў і праўладных журналістаў, ці аб свядомым скажэнні, лічыць А.Бяляцкі. У гэтай сувязі члены "Незалежнага назірання" рыхтуюць правядзенне "круглага стала" з удзелам спецыялістаў у галіне сацыялогіі і статыстыкі. Па гэтым пытанні плануецца таксама сустрэча прадстаўнікоў "Незалежнага назірання" з членамі Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенню рэферэндумаў.
На прэс-канферэнцыі было расказана аб тэхналогіі паралельнага падліку галасоў, якая ўпершыню была выкарыстана ў 1978 годзе і з таго часу выкарыстоўвалася больш чым ў 40 краінах, дзе поўнасцю сябе апраўдала. Пагрэшнасць пры паралельным падліку галасоў не перавышала 2 працэнтаў. Паводле слоў старшыня праўлення Беларускага рэспубліканскага фонду падтрымкі дэмакратычных рэформ імя Льва Сапегі, кіраўніка праграмы паралельнага падліку Міраслава Кобасы, мэта гэтага мерапрыемства - прадухіленне фальсіфікацыі вынікаў выбараў і парушэння выбарчага заканадаўства. "Вопыт паказвае, што асноўныя фальсіфікацыі адбываюцца на стадыці датэрміновага галасавання і датэрміновага падліку галасоў, пры маніпуляцыях з колкасцю незарэгістраваных выбаршчыкаў, пры перадачы вынікаў галасавання з участкаў у раённыя камісіі", - лічыць М.Кобаса. На яго думку, распрацаваная спецыяльна для Беларусі сістэма паралельнага падліку галасоў здольная прадухіліць фальсіфікацыі. "Сацыялагічны выбар даных, ажыццяўляемы на аснове афіцыйнай інфармацыі, будзе праводзіцца назіральнікамі прыкладна на 500 участках, якія падабраны з дапамогай навуковых методыкаў так, каб адлюстраваць рэальную карціну па ўсёй краіне...
Напярэдадні выбараў ўся сістэма сацыялагічнай выбаркі будзе перададзена трэцяй, незалежнай асобе, каб пазбегнуць абвінавачванняў у адсутнасці абгрунтаванай сістэмы паралельнага падліку", - сказаў М.Кобаса. У выпадку, калі афіцыйныя дадзеныя аб выніках галасавання значна не супадуць з дадзенымі паралельнага падліку, яны будуць падвергнуты сумненню і апратэставаны ў судзе.
Аб досведзе выкарыстання методыкі паралельнага падліку падчас выбараў на Украіне распавёў кандыдат сацыялагічных навук, эксперт па назіранню за выбарамі Уладзімір Корабаў. Па яго словах, гэта методыка дазваляе не проста эфектыўна прадухіляць фальсіфікацыю, але фармуе грамадства, дае магчымасць тысячам людзей удзельнічаць у рэалізацыі дэмакратычных працэдур. "Дзейнасць па паралельнаму падліку галасоў на Украіне не выклікала сумненняў ні ва ўладаў, ні ў грамадскасці", - сказаў У.Корабаў.