Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары Прэзідэнта Рэспублiкi Беларусь 2001 года
 
Хроніка

ПА БРЭСЦКАЙ ВОБЛАСЦІ ПРАХОДЗІЦЬ ПРЫСВЕЧАНЫ ПРЭЗІДЭНЦКІМ ВЫБАРАМ "РУХ ДОБРАЙ ВОЛІ"

Аўтар: Генадзь БАРБАРЫЧ, БелаПАН.

Мінск, 14 жніўня. Перадвыбарчая вандроўка моладзі "Рух добрай волі", якая праходзіць па Брэсцкай вобласьці з 5 па 20 жніўня, прыцягнула пільную ўвагу праваахоўных ворганаў. Як паведамілі БелаПАН арганізатары акцыі, ад Пінску вандроўку ўвесь час суправаджаюць машыны з супрацоўнікамі КДБ. Акрамя таго, пад час праходжаньня вандроўкі па тэрыторыі пэўнага калгасу да іх пад'язжае міліцэйскае альбо калгаснае начальства, правярае дакуманты, цікавіцца мэтамі мерапрыемства. Улады на ўсіх тэрыторыях, якія мае закрануць рух, ужо добра праінфармаваныя пра яго набліжэнне. Машыны КДБ едуць за калонай моладзі, не хаваючыся; як гавораць удзельнікі, яны ўжо "інтэграваліся" ў "Рух добрай волі" і падвозяць, калі трэба, яго ўдзельнікаў на машыне. За гэты час удзельнікі вандроўкі прайшлі бальш за 30 вёсак, а таксама Столін, Пінск, Іванава. У Іванаве 12 жніўня ўдзельнікі мерапрыемства зладзілі акцыю на мясцовым рынку. Яны раздалі жыхарам каля тысячы асобнікаў газэты "Брестский курьер" і каляндарыкаў, запрашаючы іх прыходзіць на выбары 9 верасня. "Рух Добрай Волі" ладзіцца напярэдадні выбараў кааліцыяй моладзевых арганізацыяў Брэсцкай вобласці з мэтай заклікаць людзей да ўдзелу ў выбарах, актывізаваць мясцовую моладзь, прыцягнуць яе да грамадзкага жыцьця.