Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары Прэзідэнта Рэспублiкi Беларусь 2001 года
 
Хроніка

83 ПРАЦЭНТЫ ГРАМАДСКІХ ЛІДЭРАЎ ЛІЧАЦЬ, ШТО АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА НЕ ЗМОЖА ЗАБЯСПЕЧЫЦЬ ЗНАЧНЫ РОСТ УЗРОЎНЮ ЖЫЦЦЯ НАСЕЛЬНІЦТВА КРАІНЫ


2001-10-11 17:00:00

Аўтар: Леанід ІГНАЦЬЕЎ, БелаПАН.

Мінск, 11 кастрычніка. Аляксандр Лукашэнка не зможа выканаць сваё абяцанне і забяспечыць значны рост узроўню жыцця насельніцтва, якое ён даў на перадвыбарным сходзе сваіх выбаршчыкаў. Такога меркавання прытрымліваюцца 83 працэнты лідэраў грамадскай думкі і экспертаў, якія прадстаўляюць прыкладна пароўну дзяржаўныя і недзяржаўныя арганізацыі. Падчас апытання, праведзенага ў верасні супрацоўнікамі Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў, былі апытаныя больш за 70 чалавек. 4 працэнты рэспандэнтаў прытрымліваюцца супрацьлеглага меркавання. Астатнім (13 працэнтаў) апытаным было цяжка прадказаць лёс абяцанняў, дадзеных А.Лукашэнкам на перадвыбарным сходзе сваім выбаршчыкам. Каля паловы - 47 працэнтаў рэспандэнтаў лічаць, што, атрымаўшы мандат прэзідэнта на новы тэрмін, А.Лукашэнка не зменіць праводзімую раней палітыку. 37 працэнтаў схіляюцца да думкі, што "яго палітыка стане больш рэакцыйнай", а 7 працэнтаў перакананыя, што палітыка прэзідэнта стане "больш прагрэсіўнай". Астатнія (9 працэнтаў) апытаныя ўстрымаліся ад прагнозаў палітыкі А.Лукашэнкі. Адказы на пытанне "Як, на ваш погляд, паўплывае абранне А.Лукашэнкі на ўнутраную эканамічную палітыку ў Беларусі?" паказалі, што кожны другі эксперт (51 працэнт) чакае пагаршэння эканамічнай палітыкі ў Беларусі. 41 працэнт рэспандэнтаў лічаць, што змяненняў ва ўнутранай эканамічнай палітыцы не будзе, а 6 працэнтаў спадзяюцца на паляпшэнне. І 2 працэнты рэспандэнтаў устрымаліся ад адказу на прапанаванае пытанне.