Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары Прэзідэнта Рэспублiкi Беларусь 2001 года
 
Хроніка

АЛЯКСАНДР ВЕШНЯКОЎ НЕ ЛІЧЫЦЬ ПРЭЗІДЭНЦКІЯ ВЫБАРЫ Ў БЕЛАРУСІ ЎЗОРАМ ДЛЯ РАСІІ


2001-11-05 10:27:00

Аўтар: Алег САКАЛОЎ, БелаПАН.

Мінск, 5 лістапада. Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі "далёка не ўзор для Расіі і для краін, якія сталі на шлях дэмакратыі", заявіў старшыня Цэнтрвыбаркама РФ Аляксандр Вешнякоў, адказваючы на адно з пытанняў чытачоў інтэрнет-выдання "Страна.Ru". "Мы бралі ўдзел у беларускіх выбарах у якасці назіральнікаў ад Асацыяцыі арганізатараў выбараў краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, - паведаміў А.Вешнякоў. - І наша выснова ў цэлым была такой: гэтыя выбары ў асноўным адпавядаюць Выбарчаму кодэксу Рэспублікі Беларусь і ў пэўнай меры міжнародным выбарчым стандартам. Але мы маем шэраг вельмі сур'ёзных пажаданняў нашым беларускім калегам, каб у будучым іх выбары адпавядалі выбарчым стандартам "не ў пэўнай", а ў поўнай меры. Для гэтага патрэбна большая празрыстасць выбарчага працэсу, больш роўныя ўмовы для кандыдатаў. Празрыстасць павінна прадугледжваць абавязковую магчымасць назіраць за ўсім працэсам падліку галасоў выбаршчыкаў, і пры датэрміновым галасаванні ў тым ліку". Для гэтага, паводле сцвярджэння старшыні ЦВК, кожны выбарчы бюлетэнь павінен дэманстравацца ўсім, хто прысутнічае на ўчастку, і любы назіральнік павінен мець магчымасць атрымаць завераную копію вынікаў галасавання на выбарчым участку, каб потым можна было на іх падставе весці паралельны падлік галасоў, у тым ліку і апазіцыйным сілам. "Гэтыя і ішыя заўвагі, я спадзяюся, будуць успрынятыя нашымі паважанымі калегамі ў Беларусі, і ў будучым мы падыдзем да той ацэнкі, якую даў прайшоўшым выбарам прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка", - заявіў Аляксандр Вешнякоў.