Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары Прэзідэнта Рэспублiкi Беларусь 2001 года
 
Хроніка

БХК ПРАДСТАВІЎ ДАКЛАД АБ ВЫБАРАХ ПРЭЗІДЭНТА БЕЛАРУСІ


2001-11-01 20:53:00

Аўтар: Уладзімір ГЛОД, БелаПАН.

Мінск, 1 лістапада. Беларускі Хельсінкскі камітэт 1 лістапада ў Мінску прадставіў грамадскасці даклад аб выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Гэтае шматстаронкавае даследаванне падрыхтавана па выніках маніторынга, праведзенага супрацоўнікамі БХК пры падтрымцы Еўрапейскай камісіі. Прадстаўляючы даклад, старшыня Назіральнага савета БХК Мечаслаў Грыб адзначыў вялікую важнасць даследавання. У ім прыведзены грунтоўны аналіз усіх аспектаў і этапаў выбарчай кампаніі, пачынаючы з яе заканадаўчай базы і заканчваючы рэпрэсіямі супраць незалежных назіральнікаў. Галоўны вывад назірання - выбары не адпавядалі агульнапрынятым дэмакратычным стандартам. На прэзентацыі таксама выступіла старшыня БХК Таццяна Процька. Яна асабліва звярнула ўвагу на той факт, што шматлікія парушэнні выбарчага заканадаўства дагэтуль застаюцца беспакаранымі. "Пакуль такая сітуацыя будзе працягвацца, у Беларусі немагчымы дэмакратычныя свабодныя выбары", - сказала Процька. У прэзентацыі, якая была таксама прымеркавана да 6-й гадавіны БХК, удзельнічалі прадстаўнікі рэгіянальных структур гэтай праваабарончай арганізацыі, замежныя дыпламаты, журналісты.