Хроніка
АБНАРОДАВАНА ЗАКЛЮЧНАЯ СПРАВАЗДАЧА МІСІІ БДІПЧ АБСЕ ПА АБМЕЖАВАНАМУ НАЗІРАННЮ ЗА ВЫБАРАМІ ПРЭЗІДЭНТА БЕЛАРУСІ
2001-11-01 13:15:00
Аўтар: Уладзімір ГЛОД, БелаПАН.
Мінск, 1 лістапада. Місія Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ па абмежаванаму назіранню за выбарамі прэзідэнта Беларусі абнародавала сваю заключную справаздачу - дакумент на 38 старонках.
Як і ў папярэдняй справаздачы, місія БДІПЧ АБСЕ пацвярджае тры галоўныя высновы:
- "Прэзідэнцкія выбары 2001 года не адпавядалі абавязацельствам па АБСЕ адносна дэмакратычнасці выбараў, сфармуляваных у Капенгагенскім дакуменце 1990 года, і стандартам Савета Еўропы";
- "Місія вітае і прызнае з'яўленне плюралістычнага грамадзянскага супольніцтва -падмурка развіцця дэмакратычных палітычных структур, якія прадстаўляюць усе слаі насельніцтва";
- "Ізаляцыя краіны супярэчыць інтарэсам беларускага народа і не садзейнічае развіццю дэмакратычных працэсаў".
Місія па абмежаванаму назіранню за выбарамі прапаноўвае шэраг рэкамендацый, якія, як падкрэсліваецца ў заключнай справаздачы, варта разглядаць у спалучэнні з папярэднімі рэкамендацыямі справаздач БДІПЧ АБСЕ, датаваных ліпенем 2000 года і студзенем 2001 года. У гэтых дакументах, адпаведна, даецца ацэнка Выбарчага кодэкса Беларусі і парламенцкіх выбараў, што прайшлі ў краіне ў 2000 годзе. Сярод рэкамендацый, напрыклад, ёсць такія: "прэзідэнцкія ўказы не павінны выкарыстоўвацца для рэгулявання рамачных умоў выбараў"; "Выбарчы кодэкс і Закон аб ЦВК павінны быць зменены, каб забяспечць шматпартыйнае, плюралістычнае прадстаўніцтва ў выбарчых камісіях усіх узроўняў, а не проста права вылучэння"; "варта ўключыць у Выбарчы кодэкс палажэнні аб роўным доступе кандыдатаў ці палітычных партый да ўсіх звязаных з выбарчай кампаніяй трансляцый, уключаючы выпускі навін і іншыя інфармацыйныя праграмы" і гэтак далей.
Да заключнай справаздачы місіі БДІПЧ АБСЕ прыкладаюцца дыяграмы асвятлення выбарчай кампаніі ў СМІ і аналіз матэрыялаў, апублікаваных у прэсе.