Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары Прэзідэнта Рэспублiкi Беларусь 2001 года
 
Хроніка

БЕЛАРУСКІЯ АНАЛІТЫКІ ПРАДСТАВІЛІ АНАЛІЗ ПАМЫЛАК ПАЛІТЫЧНАЙ АПАЗІЦЫІ НА ПРЭЗІДЭНЦКІХ ВЫБАРАХ


2001-10-26 11:26:00

Аўтар: Мікалай ГРАЧУХА, БелаПАН.

Мінск, 26 кастрычніка. "Беларусь пасля выбараў" - так называецца аналітычны бюлетэнь, які быў прадстаўлены 25 кастрычніка на брыфінгу ў Мінску аналітыкамі арганізацыі "Беларускія фабрыкі думкі". У цэнтры ўвагі на брыфінгу быў аналіз памылак апазіцыі пры падрыхтоўцы і правядзенні прэзідэнцкіх выбараў. Найбольш паслядоўна гэтую тэму развіў супрацоўнік аналітычнага цэнтра "Стратэгія" Валерый Карбалевіч. Ён выдзеліў некалькі найбольш значных памылак, зробленных кіраўніцтвам апазіцыйных партый, кааліцый і ініцыятыў. Гэтыя палітычныя сілы, на думку Карбалевіча, недаацанілі сацыяльную мадэль, створаную за сем гадоў кіравання Аляксандра Лукашэнкі, якая аказалася дастаткова арганізаванай і самаўзнаўляемай. Акрамя таго, адзначыў Карбалевіч, апазіцыя пераацаніла ролю пратэстнага патэнцыялу грамадства і звязаную з ёю ўстаноўку на вызначэнне адзінага кандыдата як залогу змены ўлады. Беларускае грамадства, паводле яго слоў, аказалася палітызаваным у меншай ступені, чым меркавалі лідэры апазіцыі; многія галасавалі не за праграмы, а за асобу. Не апраўдалася і меркаванне апазіцыі наконт таго, што рашаючую ролю ў выбарах адыграюць наменклатура, Расія і Захад. Выбары, паводле слоў Карбалевіча, паказалі, што беларуская наменклатура з'яўляецца не суб'ектам самастойнай палітыкі, а інструментам у руках аднаго чалавека. Не апраўдалася таксама стаўка беларускай апазіцыі на з'яўленне "трэцяй сілы", якая знаходзіцца паміж уладай і апазіцыяй. Ні Наталля Машэрава, ні Леанід Сініцын не змаглі "перайграць" уладу, якая ператварыла ўсю краіну ў выбарчы штаб Аляксандра Лукашэнкі, заявіў Валерый Карбалевіч.