Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары Прэзідэнта Рэспублiкi Беларусь 2001 года
 
Хроніка

ПРЭЗІДЭНЦКІЯ ВЫБАРЫ Ў БЕЛАРУСІ ПРАЙШЛІ Ў АДПАВЕДНАСЦІ З НАЦЫЯНАЛЬНЫМ ЗАКАНАДАЎСТВАМ, СЦВЯРДЖАЕЦЦА Ў ВЫНІКОВАЙ СПРАВАЗДАЧЫ АСАЦЫЯЦЫІ АРГАНІЗАТАРАЎ ВЫБАРАЎ


2001-10-22 15:56:00

Аўтар: Юрый ПАЦЁМКІН, БелаПАН.

Мінск, 22 кастрычніка. Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі, хаця і не ў поўнай меры, але адказвалі міжнародным стандартам і прайшлі ў адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам. Такая выснова ўтрымліваецца ў выніковай справаздачы Асацыяцыі арганізатараў выбараў краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, зацверджанай на штогадовай канферэныі гэтай арганізацыі ў Харватыі. Пра гэта БелаПАН паведаміла старшыня Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына, якая брала ўдзел у працы канферэнцыі. Прадстаўнікі асацыяцыі ажыццяўлялі кароткатэрміновае і доўгатэрміновае назіранне за выбарамі прэзідэнта Беларусі з ліпеня па верасень. Лідзія Ярмошына падкрэсліла, што "беларускае пытанне" не было асноўным на канферэнцыі ў Харватыі. У цэнтры ўвагі яе ўдзельнікаў аказаліся праблемы фінансавання выбарчых кампаній. Ярмошына нагадала, што папярэдняя справаздача доўгатэрміновай і кароткатэрміновай місій, прадстаўленая ў Мінску 10 верасня, ужо ўтрымлівала прызнанне вынікаў прэзідэнцкіх выбараў экспертамі асацыяцыі. У заключнай жа справаздачы былі дадзены ацэнкі, якія супадалі з папярэднімі высновамі. Кіраўнік ЦВК падкрэсліла, што ў выніковым заключэнні экспертаў акцэнт зроблены на выпрацоўцы рэкамендацый, якія дазволяць у будучым праводзіць выбары ў Еўропе па адзіных міжнародных стандартах, якіх цяпер "не існуе". Выпрацоўка адзіных выбарчых стандартаў стане асноўным пытаннем наступнай канферэнцыі асацыяцыі, якая пройдзе ў Маскве 2002 года, паведаміла кіраўнік ЦВК.