Хроніка
ПРАБЛЕМЫ ФІНАНСАВАННЯ ПРАЙШОЎШЫХ ПРЭЗІДЭНЦКІХ ВЫБАРАЎ АБМЕРКАВАЛІ ЎДЗЕЛЬНІКІ СЕМІНАРА Ў ВІЦЕБСКУ
2001-10-15 10:38:00
Аўтар: Леанід СІМАНАЎ, БелаПАН.
Віцебск, 15 кастрычніка. Старшыня Цэнтральнага каардынацыйнага савета грамадскіх арганізацый па назіранню за выбарамі Мечаслаў Грыб і старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэта (БХК) Таццяна Процька правялі 14 кастрычніка ў Віцебску семінар "Выбары: вопыт, праблемы, перспектывы". У выніковай дыскусіі ўдзельнікі семінара - раённыя каардынатары назірання за выбарамі - сярод іншых пытанняў закранулі і праблемы фінансавання грамадскай працы і асабістай адказнасці за мэтавае выкарыстоўванне рэсурсаў.
"Барацьба за грошы, - заўважыў М.Грыб, - гэта не заўсёды барацьба па правілах". Пэўныя асобы, па словах Т.Процька, "сканцэнтравалі на сабе грашовыя патокі". Яна ж, аднак, перасцерагла ад "інсінуацый", сказаўшы, што спонсары і грантадаўцы "коса глядзяць" на тых, хто зараз мусіруе тэму фінансавага скандалу ў апазіцыі. З аднаго боку, прызнаўшы, што "мы самі вінаватыя ў тым, што ў фондаў ёсць насцярожанасць" і што "сёння не вырашана пытанне аб замежнай фінансавай дапамозе", Т.Процька акрэсліла сутнасць цяперашняга працэсу ў апазіцыі як "звядзенне рахункаў" і заключыла, што гэтае "звядзенне рахункаў выгаднае ўладзе".
З другога боку, старшыня БХК праявіла цікавасць да дакумента, прадстаўленага на семінары старшынёй Аршанскага раённага аддзялення БХК Васілём Берасневым. Гэта была копія распараджэння Аршанскага райвыканкама № 397р ад 4 кастрычніка 2001 года. З дакумента вынікае, што шэсць супрацоўнікаў раённай "вертыкалі", у тым ліку чатыры намеснікі і два загадчыкі аддзеламі райвыканкама, прэміраваныя на агульную суму ў 1 мільён рублёў, ад 150 да 200 тысяч рублёў кожны, як "найбольш актыўныя работнікі, якія бралі ўдзел у арганізацыйнай выбарчай кампаніі па выбарах Прэзідэнта РБ". У якасці падставы для гэтага прыведзена адпаведнае распараджэнне аблвыканкама.