Хроніка
73 ПРАЦЭНТЫ ЭКСПЕРТАЎ ЛІЧАЦЬ, ШТО НЕЛЬГА ДАВЯРАЦЬ ВЫНІКАМ ГАЛАСАВАННЯ, ЯКІЯ АБВЕШЧАНЫ ЦЭНТРВЫБАРКАМАМ
2001-10-10 15:44:00
Аўтар: Леанід ІГНАЦЬЕЎ, БелаПАН.
Мінск, 10 кастрычніка. Давяраць афіцыйным вынікам галасавання па выніках выбараў прэзідэнта Беларусі нельга. Такое меркаванне выказалі 73 працэнты лідэраў грамадскай думкі і экспертаў, якія прадстаўляюць прыкладна пароўну дзяржаўныя і недзяржаўныя арганізацыі, падчас экспертнага апытання, якое правялі ў верасні супрацоўнікі Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў. Былі апытаныя 71 чалавек. 13 працэнтаў рэспандэнтаў лічаць, што можна давяраць вынікам выбараў, абвешчаных Цэнтрвыбаркамам.
Прадстаўнікам беларускай эліты было таксама прапанавана адзначыць парушэнні заканадаўства, якія, на іх думку, мелі месца падчас выбарчай кампаніі. Пераважная большасць указалі на выкарыстанне дзяржаўных СМІ на карысць аднаго кандыдата (94 працэнты), а таксама тое, што ўлады чынілі перашкоды апанентам Аляксандра Лукашэнкі праводзіць агітацыйную кампанію (79 працэнтаў). Больш за палову рэспандэнтаў звярнулі ўвагу на зрывы нагляднай агітацыі (59 працэнтаў), выкарыстоўванне фінансавых рэсурсаў звыш прадугледжаных законам (58 працэнтаў) і выкарыстоўванне агітацыйных матэрыялаў без выхадных звестак (55 працэнтаў). Каля паловы апытаных (49 працэнтаў) адзначылі пераследы актывістаў, а кожны пяты эксперт (21 працэнт) сказаў, што пратаколы ўчастковых камісій пры іх перадачы ў рэгіянальныя структуры былі заменены.
У выніку большасць апытаных лідэраў грамадскай думкі і экспертаў - 75 працэнтаў - прыйшлі да высновы, што ўплывовыя міжнародныя структуры (АБСЕ, Еўрапарламент, Савет Еўропы і іншыя) справядліва назвалі прэзідэнцкія выбары ў Беларусі не адпавядаючымі стандартам АБСЕ. Несправядлівым гэтае рашэнне лічаць толькі 6 працэнтаў рэспандэнтаў. Астатнім - 19 працэнтаў - было цяжка адказаць на прапанаванае пытанне.