Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары Прэзідэнта Рэспублiкi Беларусь 2001 года
 
Хроніка

73 ПРАЦЭНТЫ ГРАМАДСКІХ ЛІДЭРАЎ БЕЛАРУСІ ПАДЧАС ПРЭЗІДЭНЦКІХ ВЫБАРАЎ ПРАГАЛАСАВАЛІ ЗА УЛАДЗІМІРА ГАНЧАРЫКА


2001-10-10 09:51:00

Аўтар: Леанід ІГНАЦЬЕЎ, БелаПАН.

Мінск, 10 кастрычніка. "За каго вы прагаласавалі 4-9 верасня?" - з такім пытаннем да грамадскіх лідэраў і экспертаў звярнуліся супрацоўнікі Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў падчас апытання, праведзенага ў верасні. На анкету адказаў 71 чалавек; гэтыя людзі прыкладна пароўну прадстаўляюць дзяржаўныя і недзяржаўныя арганізацыі Беларусі. Пераважная большасць з іх - 73 працэнты - падчас прэзідэнцкіх выбараў прагаласавалі за Уладзіміра Ганчарыка. 6 працэнтаў рэспандэнтаў прагаласавалі супраць усіх кандыдатаў у прэзідэнты. 4 працэнты аддалі свае галасы Сяргею Гайдукевічу і 1 працэнт - Аляксандру Лукашэнку. 11 працэнтаў апытаных адмовіліся адказваць на пытанне. Астатнія 5 працэнтаў або не ўдзельнічалі ў галасаванні, або наогул праігнаравалі прапанаванае пытанне. Як высветлілася падчас апытання, 85 працэнтаў рэспандэнтаў не задаволены вынікамі прэзідэнцкіх выбараў, аб'яўленымі Цэнтрвыбаркамам. І практычна ўсе апытаныя эксперты - 96 працэнтаў - лічаць, што падчас выбараў у кандыдатаў не было роўных умоў для барацьбы. У выніку пераважная большасць - 80 працэнтаў апытаных грамадскіх лідэраў прыйшлі да высновы, што выбары прэзідэнта Беларусі 2001 года не былі свабоднымі і справядлівымі.