Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары Прэзідэнта Рэспублiкi Беларусь 2001 года
 
Хроніка

ВЯРХОЎНЫ СУД АДМОВІЎ У.ГАНЧАРЫКУ Ў РАЗГЛЯДЗЕ СПРАВЫ АБ ПАРУШЭННЯХ ПАДЧАС ПРЭЗІДЭНЦКІХ ВЫБАРАЎ


2001-10-02 16:01:00

Аўтар: Наталля КУЛАГІНА, БелаПАН.

Мінск, 2 кастрычніка. Вярхоўны суд Беларусі адмовіў Уладзіміру Ганчарыку ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па ягонай скарзе, датычнай прэзідэнцкіх выбараў. У скарзе старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларускай, прэтэндэнта на пасаду кіраўніка дзяржавы, у прыватнасці, гаварылася: "Абвешчаныя вынікі галасавання не маюць нічога агульнага з рэальным волевыяўленнем народа. Назіральнікі зафіксавалі тысячы парушэнняў, пачынаючы з недапушчэння ў склад выбарчых камісій прадстаўнікоў палітычных партый і грамадскіх арганізацый, выкарыстання дзяржаўных газет, радыё і тэлебачання для агітацыі на карысць аднаго кандыдата і для ачарнення іншых, і заканчваючы масавай падменай бюлетэняў для галасавання". Скарга ўключала пералік парушэнняў, зафіксаваных падчас выбараў. Як вынікае з афіцыйнага адказу, што паступіў у штаб Уладзіміра Ганчарыка 1 кастрычніка, скарга не можа быць разгледжана ў Вярхоўным судзе, таму што непадведамасная яму. Такое рашэнне Вярхоўнага суда ў штабе Ганчарыка расцэньваюць як фармальнае. Не выключана, што яно будзе абскарджана.