Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары Прэзідэнта Рэспублiкi Беларусь 2001 года
 
Хроніка

УЛАДЗІМІР ГАНЧАРЫК СПРАБУЕ АСПРЭЧЫЦЬ ВЫНІКІ ВЫБАРАЎ ПРЭЗІДЭНТА Ў ВЯРХОЎНЫМ СУДЗЕ БЕЛАРУСІ


2001-09-24 16:48:00

Аўтар: Ірына ЛЕЎШЫНА, БелаПАН.

Мінск, 24 верасня. 24 верасня старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларускай (ФПБ), адзіны кандыдат у прэзідэнты ад шырокай грамадзянскай кааліцыі Уладзімір Ганчарык накіраваў у Вярхоўны суд Беларусі поўны варыянт скаргі аб парушэннях выбарчага заканадаўства падчас прэзідэнцкіх выбараў. Як паведаміў БелаПАН юрыст перадвыбарнага штаба Ганчарыка Сяргей Альфер, гэты дакумент у прынцыпе адпавядае заяве, якая была накіравана Ганчарыкам у Цэнтрвыбаркам 10 верасня, на наступны дзень пасля выбараў. Разам з тым ён значна пашыраны за кошт пераліку фактаў парушэнняў выбарчага заканадаўства, а таксама інфармацыйных і сацыялагічных матэрыялаў. Як вынікае з пададзенай у Вярхоўны суд скаргі, "абвешчаныя вынікі галасавання не маюць нічога агульнага з рэальным волевыяўленнем народа. Назіральнікі зафіксавалі тысячы парушэнняў, пачынаючы з недапушчэння ў склад выбарчых камісій прадстаўнікоў палітычных партый і грамадскіх арганізацый, выкарыстоўвання дзяржаўных газет, радыё і тэлебачання для агітацыі на карысць аднаго кандыдата і для ачарнення іншых, і заканчваючы масавай падменай бюлетэняў для галасавання". Як зазначыў Сяргей Альфер, Вярхоўны суд - гэта найвышэйшая інстанцыя ў Беларусі, дзе можна аспрэчыць тое ці іншае рашэнне; далей застаецца толькі міжнародны ўзровень.