ЛУКАШЭНКА ШМАТ У ЧЫМ СТАНОВІЦЦА ЗАЛОЖНІКАМ СВАЙГО ТРЫУМФА
ЛУКАШЭНКА ШМАТ У ЧЫМ СТАНОВІЦЦА ЗАЛОЖНІКАМ СВАЙГО ТРЫУМФА
Аляксандр КЛАСКОЎСКІ
Ну вось, Аляксандр Лукашэнка перамог з вынікам,
які не абяцалі нават самыя грубыя лісліўцы.
У бліжэйшыя дні, канешне, будуць бушаваць страсці вакол парушэнняў. Эмоцыі
прайграўшага боку зразумелыя, аднак малапрадукцыйныя. Так, рэжым паводзіў
сябе не па-джэнтльменску, але на тое ён і рэжым. І змагарам супраць аўтарытарызму,
паастыўшы, варта цвяроза падумаць над памылкамі. А акрамя ўсяго іншага,
улічыць: магутны правіцель не такі ўжо непахісны. Бо ён шмат у чым стаў
заложнікам свайго трыумфа.
Памылкі ж яго праціўнікаў відавочныя. Не трэба было,
напрыклад, так захапляцца ў мінулыя гады ўсялякімі байкотамі, чакаючы
нейкіх стэрыльных умоў. У выніку так і не накачалі арганізацыйныя мускулы.
З цяжкасцю і вялікімі стратамі прайшоў нават этап збору подпісаў за вылучэнне
альтэрнатыўных кандыдатаў.
І другая, нават першая па недаравальнасці, памылка: занадта доўга і пакутна
"нараджалі" адзінага кандыдата. Што раздрабіла сілы, амаль не пакінула
часу на раскрутку, аслабіла падтрымку з-за межаў краіны. Пэўныя сілы на
Захадзе і ў Расіі проста не ведалі, на каго ставіць.
У выніку нават члены палітсавета штаба Ганчарыка (у прыватнасці філосаф
і публіцыст Вячаслаў Оргіш) на прэс-канферэнцыі 4 верасня пасыпалі галаву
попелам. Так, маўляў, Масква не дапамагла так, як чакалася, але і мы,
апазіцыянеры, добрыя - цягнулі да немагчымасці… Сам Уладзімір Ганчарык
9 верасня, размаўляючы з прэсай на выбарчым участку, прызнаў, што Крэмль
фактычна падтрымаў Лукашэнку. У сэрцах апазіцыйны кандыдат дадаў: "Гэта
вялікая памылка. Расія заўсёды вылучалася нязграбнасцю сваёй палітыкі".
Разумеючы пачуцці кандыдата, варта, аднак, заўважыць, што Масква кіравалася
прагматычным разлікам, а не платанічнай любоўю да парасткаў дэмакратыі
ў суседняй краіне.
Канешне, расійскі фактар таксама адыграў сваю ролю ў паражэнні праціўнікаў
Лукашэнкі. У рашаючы перыяд перад выбарамі маскоўскія тэлеканалы прыкметна
паменшылі ўвагу да беларускай апазіцыі. Затое афіцыйны мінскі лідэр стаў
фігурыраваць часцей і ў больш спрыяльным святле. З аднаго боку, была каманда
прытрымаць забойны (у прамым сэнсе) кампрамат на беларускую ўладную вярхушку
(аб чым заявіў, у прыватнасці, 30 жніўня кіраўнік аддзела спецыяльных
інфармацыйных праектаў ОРТ, выхадзец з Беларусі Павел Шарамет). З другога
боку, злыя языкі гавораць, што афіцыйны Мінск убухаў шалёныя грошы ў рэкламу
праз расійскія мас-медыя.
Ну, а ўжо што да сваіх рупараў, тут і казаць няма чаго. Нават Цэнтральная
камісія па выбарах не змагла закрыць вочы на факт бясплатнага ўкідвання
ў скрыні выбаршчыкаў надрукаванага каласальным тыражом нумара "Советской
Белоруссии" за 5 верасня. Там, як вы ведаеце, паўтарылі праграму Лукашэнкі
і ў дадатак цэлы разварот прысвяцілі выкрыццю апазіцыі, якая, маўляў,
пад кіраўніцтвам заходніх спецслужбаў стараецца правярнуць каварны план
звяржэння дзеючай улады - аперацыю "Белы бусел". Але факт "апылення" краіны
гэтым нумарам Цэнтрвыбаркам паабяцаў разгледзець толькі пасля выбараў…
Пераможцаў жа не судзяць.
Наогул жа ўлада, можна сказаць, падавіла праціўнікаў масай піяра. Зусім
не вытанчаная, але ўсепранікаючая, як чарнобыльская радыяцыя, афіцыйная
прапаганда зрабіла сваю справу. Калі браць той скандальны нумар "Советской
Белоруссии" - наўрад ці ў масавага выбаршчыкам быў час і жаданне праштудзіраваць
дзве паласы "выкрывальнага" тэксту (зусім не моцнага, калі аналізаваць
з веданнем справы). Але вострая шапка накошт тайнай аперацыі варожых сіл
адбілася ў мазгу. Няма сумневу, што пакінула свой след і творчасць адыёзных
публіцыстаў у іншых дзяржаўных газетах, і пастаяннае клікунства вядучых
беларускага тэлебачання. Магчымасці апазіцыі агітаваць за свайго кандыдата
і абвяргаць паклёп былі несувымерна больш сціплымі. Іншая рэч, што рэжым
так і не змог прадставіць моцную канструктыўную ідэю, калі не лічыць усхвалення
ўбогай стабільнасці ў паўгалечы. Казка пра "Белага бусла", гэты апафеоз
перадвыбарнага піяра ўладаў - гэты банальнае стварэнне вобраза ворага.
Лукашэнка, дарэчы, калі браць суадносіны рэйтынгаў, мог выйграць і без
яўных агіднасцяў. Але такая ўжо створаная ім сістэма, што можа працаваць
толькі груба, па-калгаснаму. Спрэчкі аб маштабах выбарчых парушэнняў яшчэ
будуць ісці, як гэта было і пасля парламенцкіх выбараў мінулай восенню.
І таксама бакі застануцца пры сваіх меркаваннях. Абсалютную ісціну ўстанавіць,
напэўна, немагчыма. Шмат што пакрыта цемрай, у прыватнасці таму, што ўладзе
ўдалося-такі сур'ёзна пашкодзіць сістэму незалежнага назірання. У тым
ліку - прыдушыць, скомкаць паралельны падлік галасоў.
Натуральна, апазіцыя палічыць выбары цалкам сфальсіфікаванымі (што ўжо
гучыць у заявах яе лідэраў, пачынаючы з адзінага кандыдата). Улады ж,
магчыма, зробяць ласку велікадушна прызнаць асобныя дробныя фолы, якія
ніяк, маўляў, не паўплывалі на вынік гульні.
Урэшце, пытанне яшчэ і ў крытэрыях. Лукашэнка не аднойчы шчыра заяўляў,
што разлічвае на адміністрацыйны рэсурс, падтрымку "вертыкалі". Гэта цалкам
укладваецца ў рамкі яго палітычнага менталітэта.
На сённяшні дзень відавочна, што правадыр нацыі цынічна выкарыстаў першабытнае
права моцнага. І яшчэ - такія ж патрыярхальныя, архаічныя пласты ў масавай
свядомасці. Яго электарат галасаваў за ўбогую, але гарантаваную кармушку.
За ўладу, якая пазбаўляе ад пакут выбару, ад рызыкі самастойнага стварэння,
ад той адказнасці, якую заўсёды тоіць у сабе свабода.
Барацьба з хімерамі масавай свядомасці - бадай што, найцяжэйшая задача
прагрэсіўных сіл Беларусі. Рэжым будзе зламаны, калі дасягне крытычнай
масы колькасць тых, хто па кроплі выціснуў з сябе раба.
Ну а пакуль усіх хвалююць бліжэйшыя перспектывы.
Адзін з папулярных прагнозаў - "зараз Ён усім задасць".
Сапраўды, перад выбарамі Аляксандр Лукашэнка шчодра раскідваў пагрозы
- то глухія, а то і непрыкрытыя - усім катэгорыям сваіх ворагаў. Пачакайце,
маўляў, вось толькі заваюю другі тэрмін, тады ўжо з усімі разбяруся. У
прыватнасці, абяцаў пачысціць шэрагі расійскіх тэлевізійных уласных карэспандэнтаў,
пашарсціць мясцовую апазіцыйную прэсу. Апафеозам жа стала перадвыбарнае
абяцанне выдварыць кіраўніка місіі АБСЕ пасла Віка.
Адважымся, аднак, меркаваць, што суровых рэпрэсій не будзе. Ні супраць
сваёй апазіцыі, ні супраць іншаземцаў. Навошта цяпер, калі справа зроблена,
паліць апошнія масты ў адносінах з Захадам і раздражняць Крэмль, якм не
жадае чырванець за нязграбнага партнёра перад тым жа Захадам?
Лукашэнка ўскосна даў зразумець, што "падабрэў", калі размаўляў з журналістамі
9 верасня на выбарчым участку ў Мінску. Паводле яго слоў, пасля прэзідэнцкіх
выбараў адносіны Беларусі з АБСЕ і Захадам "будуць нармалізавацца сямімільнымі
крокамі". А яго саветнік Сяргей Посахаў у ноч на 10-е па-рыцарску заявіў,
што палявання на ведзьмаў не прадбачыцца (хаця пры гэтай уладзе заўсёды
можна трапіць пад раздачу…).
У цэлым жа, хутчэй за ўсё, рэжым паспрабуе фунцыянаваць у форме "вялацякучай
аўтакратыі" (тэрмін беларускага сацыёлага Алега Манаева). Гэта значыць,
не рызыкуючы ісці на татальную зачыстку палітычнага поля, вярхі будуць
усяляк скоўваць праявы апазіцыйнасці і развіццё грамадзянскай супольнасці.
разам з тым у эканоміцы трэба чакаць некаторай лібералізацыі, але пад
строгім прыглядам дзяржаўных структур. Для міжнароднай супольнасці беларускае
пытанне можа яшчэ даволі надоўга завіснуць, як недасканалая камп'ютэрная
праграма.
А наогул Лукашэнка, падкрэслім яшчэ раз, шмат у чым становіцца заложнікам
свайго трыумфа. Цяпер ён адказвае за ўсё. Давядзецца ісці на шэраг балючых,
непапулярных эканамічных мер. Цяжэй будзе спісваць няўдачы на інтрыгі
ворагаў. Воляй-няволяй трэба выстройваць дыялог з міжнароднай супольнасцю.
Нарэшце, Расія таксама будзе трымаць у цуглях: мы, маўляў, не "здалі"
у цяжкую хвіліну, дык ужо давай цяпер без выкрунтасаў…
А што ж апазіцыя? Так, яна атрымала маральны ўдар, але ў прынцыпе - няма
ліха без дабра. У артыкуле, надрукаваным 4 верасня маскоўскай "Независимой
газетой", пасол Вік - чалавек, далёкі ад эйфарыі - канстатаваў: гэтая
выбарчая кампанія ўдыхнула новыя сілы ў паміраўшую беларускую апазіцыю.
Гэта не камплімент. Прэзідэнцкая кампанія стварыла новую канфігурацыю
ў асяроддзі палітычных праціўнікаў цяперашняга кіраўніцтва. І гэта канструкцыя
ўяўляецца больш трывалай і дзейснай. У прыватнасці, на ключавыя пазіцыі
выйшлі вопытныя арганізатары і маральна аўтарытэтныя фігуры з ліку былой
наменклатуры - Васіль Лявонаў, Міхаіл Марыніч, Аляксандр Ярашук і іншыя.
Адначасова адсеялася, сыйшла на задворкі частка авантурыстаў і палітычных
маргіналаў. Тых, хто спрабаваў проста "засвяціцца". Або рэанімаваць пакрытую
эмігранцкім пылам рэпутацыю. Або проста ўрваць куш пад маркай святой барацьбы
з рэжымам.
А барацьба - сапраўдная - канешне, працягнецца.
Для апазіцыі - урэшце, як і для ўсёй ліберальнай часткі беларускага грамадства
- жыццё зусім не заканчваецца пасля вердыкту спадарыні Ярмошынай. Наадварот,
нас чакаюць яшчэ вельмі цікавыя сюжэты.