КОЛА ПРЭТЭНДЭНТАЎ НА ПАСАДУ ПРЭЗІДЭНТА ЗВУЖАЕЦЦА
2001-08-08
Аўтар: Уладзімір ГЛОД
Бадай, што прымянальна да палітычнага жыцця Беларусі пацвердзілася старая ісціна: без працы не выцягнуць і рыбку з сажалкі. Здавалася б, не такая ўжо значная гэтая лічба - сто тысяч подпісаў, але… Як высветлілася, з наскоку такую мяжу не ўзяць. Поспех прыйшоў да тых, хто пры зборы подпісаў абапіраўся не на паспешліва збітыя каманды, а на адладжаныя партыйныя сістэмы.
Наогул, у нас да партый ставяцца іранічна. Так, яны малаколкасныя, іх часам раз'ядаюць унутраныя супярэчнасці, амбіцыі іх лідэраў непамерныя… Але пры ўсім тым менавіта партыі дапамаглі ўзяць першую вышыню тым, хто зрабіў стаўку менавіта на гэтыя структуры. Пакінем у баку Аляксандра Лукашэнку. Як збіраліся подпісы за яго - тэма для асобнай гутаркі. Але астатнія прэтэндэнты, якія здолелі набраць неабходны мінімум подпісаў, павінны быць удзячныя за свой поспех у першую чаргу партыйным актывістам. Так адбылося ў выпадку з Сямёнам Домашам, якога падтрымалі подпісамі 161 тысяча грамадзян, Сяргеем Гайдукевічам (135 тысяч) і Уладзіміра Ганчарыкам (123 тысячы). Актывісты Аб'яднанай грамадзянскай партыі, БНФ, Ліберальна-дэмакратычнай, сацыял-дэмакратычных партый, Партыі працы, партыі жанчын "Надзея", іншых партый прайшлі ад дзвярэй да дзвярэй, збіраючы такія неабходныя подпісы.
На гэтай аснове працавалі і каманды шэрагу кандыдатаў, якія, калі верыць Цэнтрвыбаркаму, не змаглі перадаць у тэрытарыяльныя камісіі па 100 тысяч галасоў. Гэта ініцыятыўныя групы Сяргея Калякіна, Паўла Казлоўскага, Зянона Пазняка, Міхаіла Чыгіра. Паводле іх жа запэўніванняў, кожны сабраў больш за сотню тысяч подпісаў. Дзе згубілася частка з іх, чаму такое адбылося, хто "не данёс" подпісы - на ўсе гэтыя і падобныя пытанні сёння вось так з ходу не адказаць. Але агульную тэндэнцыю гэтая абставіна не мяняе.
І наадварот, тыя кандыдаты, якія рабілі стаўку на непартыйныя структуры, не мелі поспеху. Гэта тычыцца і Віктара Цярэшчанкі, і Аляксандра Ярашука, і Сяргея Скрабца…
Праўда, ёсць дзве каманды - Міхаіла Марыніча і Леаніда Сініцына, якія з партыямі напармую справу не мелі, але, набралі, паводле іх запэўніванняў, больш за сто тысяч. Цэнтрвыбаркам жа заяўляе, што ад каманд кожнага з іх у тэрытарыяльных камісіях атрымана меней за сто тысяч. У любым выпадку іх вынік унушальны. Будзем лічыць, што гэта і ёсць тое выключэнне, якое толькі пацвярджае правіла.
Іншая прычына няўдачы шэрагу кандыдатаў бачыцца ў тым, што іх ініцыятыўныя групы ў чарговы раз паспадзяваліся на ўдачу і на прыстойнасць людзей, так ці інакш звязаных са зборам подпісаў. Аказалася, што ў цяперашніх умовах так рабіць нельга. Да прыкладу, у шэрагу тэрытарыяльных камісій зборшчыкі подпісаў не бралі распісак аб здачы канкрэтнай колькасці подпісаў. Зараз жа без падобнага дакумента нічога нікому не дакажаш. Высветлілася і тое, што сярод зборшчыкаў аказаліся вельмі дзіўныя людзі. Адны, паведаміўшы ў штаб кандыдата аб здачы пэўнай колькасці подпісаў, на самай справе да тэрытарыяльных камісій іх не данеслі. Хтосьці зрабіў так (па ўласнаму прызнанню) пад пагрозай звальнення з працы, іншыя, бадай, выканалі ролю засланых казачкоў. Словам, як гаворыцца, давярай, але правярай.
Мне падаецца, што многія кандыдаты не дайшлі да прамежкавага фінішу яшчэ і таму, што або перабольшылі свае сілы і магчымасці, або недаацанілі фактар страху, які ахапіў насельніцтва, асабліва ў правінцыі. Гэта пацвярджаецца некаторымі назіраннямі. У кандыдатаў, якія апынуліся, па словах кіраўніка ЦВК Лідзіі Ярмошынай, "у пагранічным стане", гэта значыць сабралі каля ста тысяч подпісаў, самы буйны "улоў" (часам больш за дзве трэці) прыпадае на сталіцу. Або іншы прыклад. Каманда Леаніда Сініцына, як зараз высвятляецца, страціла свае галасы ў Магілёўскай і… Брэсцкай абласцях. Але ж кіраўнік выбарчага штаба і адначасова ініцыятыўнай групы Сініцына - Уладзімір Сцяпанаў да нядаўняга часу быў намеснікам старшыні менавіта Брэсцкага аблвыканкама. І пайшоў таму, што губернатар Васіль Далгалёў да канца закруціў у рэгіёне адміністрацыйныя гайкі, насадзіў атмасферу страху.
Відаць, спрацаваў і псіхалагічны фактар гэтак званага драблення галасоў. Тут цікавае параўнанне з 1994-м годам. Тады той жа прамежкавы фініш пераадолелі шэсць прэтэндэнтаў (Дубко, Кебіч, Лукашэнка, Новікаў, Пазняк, Шушкевіч), а адзін (Карпенка) ушчыльную падышоў да патрэбнай мяжы. Зараз да запаветнай лічбы зусім крыху недабрала вялікая група прэтэндэнтаў. Так што, калі палічыць агульную колькасць сабраных подпісаў, то зараз іх больш, чым сем гадоў таму. Але ёсць, як мне здаецца, і абаротны бок медаля. Калі ў 1994 годзе прыхільнікі перамен стараліся абавязкова аддаць свае подпісы Пазняку і Шушкевічу, разумеючы, што ім трэба ў што б там ні было забяспечыць неабходны мінімум для рэгістрацыі, то зараз факт мноства прэтэндэнтаў дэмакратычных поглядаў аслабіў гэты імперытыў. Многія меркавалі так: пры зручным выпадку падпішуся, да прыкладу, за Чыгіра, а за Марыніча падпішацца нехта іншы. Абавязковасць подпісу за УСІХ дэмакратычных кандыдатаў знікла. Адсюль і драбленне галасоў. Дыі партыйныя актывісты, якія, як ніхто іншы, маюць вопыт працы з насельніцтвам, таксама раздрабіліся на каманды розных кандыдатаў.
Дарэчы. яшчэ да пачатку збору подпісаў была прапанова: няхай кожны зборшчык, які прадстаўляе пэўнага кандыдата вядомай "пяцёркі", збірае подпісы адначасова за ўсіх пецярых прэтэндэнтаў ад шырокай грамадзянскай кааліцыі. Але супраць гэтай ініцыятывы выступілі самі патэнцыяльныя кандыдаты - маўляў, як тады даведацца, хто больш набярэ подпісаў?
…Такім чынам, пакуль Беларусь мае квартэт прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта. Але ў бюлетэні для галасавання, я мяркую, прозвішчаў будзе меней. Па-першае, пасля рэгістрацыі Уладзіміра Ганчарыка Сямён Домаш павінен зняць сваю кандыдатуру. Пасля гэтага застануцца ўсяго тры прэтэндэнты. Але, як казаў мне нядаўна Леанід Сініцын, не трэба прадстаўляць прэзідэнцкае атачэнне камандай класных шахматыстаў. Там аддаюць перавагу зусім іншай гульні - біць саперніка па галаве шахматнай дошкай. А таму можна выказаць здагадку, што "зарубіўшы" Ганчарыка дэкрэтам № 20 (аб дэкларацыі даходаў - уласных і гурту сваякоў), а Домаша - праверкай подпісаў (або наадварот), улады правядуць класічную партыю, у якой белымі будзе гуляць Аляксандр Лукашэнка, чорнымі - Сяргей Гайдукевіч. Зрэшты, калі следаваць логіцы Сініцына да канца, то не выключана, што 9 верасня выбаршчыкам падаруюць наогул унікальную партыю, у якой усе хады будзе выконваць толькі адзін "шахматыст".