АДЗІНЫ КАНДЫДАТ ЁСЦЬ. ЯМУ ЗАСТАЛОСЯ ЎСЯГО ТОЛЬКІ ЗДЗЕЙСНІЦЬ ЦУД
2001-07-27
Аўтар: Аляксандр КЛАСКОЎСКІ
У суботу, 21 ліпеня, нарэшце здзейснілася доўгачаканае. Тое, чаго так прагнула частка беларускага грамадства, якая не прымае цяперашні рэжым. І тое, да чаго яна даўно прымушала вядомую "пяцёрку" дэмакратычных прэтэндэнтаў. Пасля пакутлівых дыскусій "пяцёрка" назвала іграка № 1. Гэта Уладзімір Ганчарык. Зараз яму застаецца сапраўдная драбяза - перамагчы ў фантастычна няроўных умовах.
У суботу, 21 ліпеня, нарэшце здзейснілася доўгачаканае. Тое, чаго так прагнула частка беларускага грамадства, якая не прымае цяперашні рэжым. І тое, да чаго яна даўно прымушала вядомую "пяцёрку" дэмакратычных прэтэндэнтаў. Пасля пакутлівых дыскусій "пяцёрка" назвала іграка № 1. Гэта Уладзімір Ганчарык. Зараз яму застаецца сапраўдная драбяза - перамагчы ў фантастычна няроўных умовах.
Першыя каментарыі з вуснаў вядомых беларускіх апазіцыйных дзеячаў - Станіслава Шушкевіча, Ніла Гілевіча, Васіля Лявонава - прагучалі патэтычна. Маўляў, адбылася гістарычная падзея, мы ганарымся гэтым грамадзянскім подзвігам прэтэндэнтаў, беларусы ўсё-такі сапраўдны мудрыя і прыстойныя людзі…
З аднаго боку, эйфарыю можна зразумець. Вельмі ж ужо доўга ўгаворвалі "пяцёрку" апазіцыйныя структуры - Каардынацыйная рада дэмакратычных сіл, аргкамітэт руху "За новую Беларусь". У выніку ад угавораў давялося перайсці нават да ультыматыўных заяў. Вось збяром, маўляў, Кангрэс дэмсіл ці наогул сфарміруем калегію з сямі аўтарытэтных выбаршчыкаў - і проста прызначым адзінага! А адзін з удзельнікаў перадвыбарнага спаборніцтва, прадпрымальнік Юрый Данькоў на днях наогул наладзіў парадыйнае шоу - вызначэнне шуканай персоны з дапамогай рулеткі ў казіно.
Жарты жартамі, але сітуацыя насамрэч станавілася трагікамічнай. Даводзіць яе да канца, які б характарызаваўся прыказкай "без мяне мяне ажанілі", члены "пяцёркі" усё ж не захацелі. Што наўрад ці цягне на грамадзянскі подзвіг, але, па крайняй меры, паказвае наяўнасць элементарнага цвярозага розуму.
Такім чынам, зараз на цвярозы розум ацэнім перадвыбарны патэнцыял лідэра Федэрацыі прафсаюзаў Беларускай.
Плюсы Ганчарыка ў цэлым сціплыя, але відавочныя. Па-першае, у яго гіганцкая арганізацыя: амаль чатыры з паловай мільёна чалавек! Іншая рэч, што асноўная маса лічыцца ў ФПБ фармальна. Але ёсць і піраміда функцыянераў, ёсць актыў, што пры неразвітасці беларускай грамадзянскай супольнасці вельмі каштоўна. І ўжо адбілася на этапе збору подпісаў. Людзі Ганчарыка без асаблівай напругі "накасілі" каля 180 тысяч.
Далей. Прафсаюзны лідэр - па характару абаронца працоўнага люду. Каму, як не яму, убіваць у свядомасць рабацяг простыя, як цвікі, сацыяльна-эканамічныя лозунгі? А пры палітычнай нясталасці масы такія лозунгі здольныя даць найбольшы эфект. У дадатак гэта будзе выцясняць Лукашэнку з яго звыклага электаральнага поля.
Яшчэ адна добрая якасць новаспечанага адзінага кандыдата - тое, што ў дачыненні да яго персоны наменклатурная сістэма распазнавання "свой - чужы" спрацоўвае станоўча. 61-гадовы Ганчарык прайшоў праз многія ступені кар'еры савецкага функцыянера. У выпадку яго перамогі чыноўнікам з лукашэнкаўскай "вертыкалі", калі яны не нарабілі зусім ужо гнюсных спраў, можна не дрыжаць за сваю скуру. Што, адпаведна, падагрэе спакусу "здаць" цяперашняга свірэпага патрона.
Нарэшце, Ганчарык больш прымальны для Масквы, чым, скажам, Домаш. Крэмль больш за ўсё баіцца, што ў Беларусі захопіць уладу круты нацыяналіст, які адразу апалчыцца супраць "імперскага ўплыву". А на Домаша (хаця сам ён трактуе гэтыя пытанні вельмі ўзважана) ужо лягла пячатка заступніцтва з боку дэманізаванага ў вачах расійскай эліты БНФ. Дарэчы, і па беларускіх мерках Домаш - тыповы "заходнік" (нарадзіўся на Брэстчыне, жыве ў Гродне), у той час як Ганчарык, ураджэнец Лагойшчыны, нават геаграфічна сімвалізуе цэнтрызм, перапляценне дзвюх галінаў беларускай нацыі.
Відаць, гэтыя меркаванні і аказаліся рашаючымі пры пакутлівым вызначэнні адзінага кандыдата. Хаця яшчэ напярэдадні наўрад ці хто з аналітыкаў мог упэўнена прадказаць такі выбар. Сямён Домаш, ва ўсялякім выпадку, выглядаў больш пераканаўча (калі браць, напрыклад, свежыя звесткі сацыялагічнай лабараторыі "Новак") і па абсалютнаму значэнню рэйтынга, і па яго дынаміцы, і па такому паказчыку, як "каэфіцыент перацякання рэйтынгу ўнутры "пяцёркі". Апошняе азначае, што, напрыклад, будзь абраны адзіным Домаш, да яго перацяклі б 84,7 працэнта галасоў прыхільнікаў чатырох іншых прэтэндэнтаў. Ганчарык жа набірае па гэтаму параметру толькі 16,3 працэнта. Гэта значыць, прыхільнікі іншых дэмакратычных прэтэндэнтаў не надта схільныя мяняць сімпатыі на яго карысць.
Зрэшты, усе рэйтынгі апазіцыйных фігур на парадак ніжэйшыя, чым у Лукашэнкі. У Домаша паказчык ледзве пераваліў за 5 працэнтаў; у Ганчарыка пакуль вагаецца ў раёне двух, гэта значыць у межах статыстычнай памылкі; дзеючы ж прэзідэнт па розных апытаннях стабільна набірае 35-40 працэнтаў. Так што любы адзіны стартаваў бы амаль з нуля.
Але ў Ганчарыка, як відаць, палічыла "пяцёрка", больш салідныя, чым у іншых, рэзервы гэтак званай раскруткі. Хаця час для яе - гэта стала ўжо расхожым заклінаннем аглядальнікаў - катастрафічна страчаны.
На фоне харызмы Лукашэнкі вобраз Ганчарыка - кабінетнага дзеяча ў акулярах і з прыглушаным голасам - яўна прайграе. Відаць, не без падказкі паліттэхнолагаў прафсаюзны лідэр пайшоў апошнімі днямі на радыкалізацыю свайго іміджу. Ён ініцыіраваў новы віток выкрывальніцкай кампаніі наконт "эскадрона смерці". Тэзіс аб датычнасці ўладнай вярхушкі да фізічнай ліквідацыі сваіх праціўнікаў хутчэй за ўсё стане, побач з лозунгам заможнага жыцця, другім (а можа быць і галоўным) козырам перадвыбарнай кампаніі Ганчарыка.
Зараз надышоў час хуткага згуртавання апазіцыйных сіл вакол абвешчанага саперніка дзеючага прэзідэнта. Гэта, дарэчы, не так ужо проста, хаця адзіны кандыдат ужо паабяцаў паплечнікам прэстыжныя пасады. Перамога ж віламі па вадзе пісана. А між тым каманды прэтэндэнтаў адчулі смак да сваёй гульні. У тым ліку і да выкарыстоўванні нейкіх сякіх-такіх рэсурсаў. А яны, гэтыя рэсурсы ох як патрэбны зараз Ганчарыку! Асабліва з улікам татальнай праверкі з боку Камітэта дзяржкантролю, што абрынулася на офіс ФПБ апошнімі днямі. Калі знойдуць хоць мізэрную зачэпку ў сэнсе "нямэтавага выкарыстання прафсаюзных сродкаў" - самі разумееце…
Зрэшты, падвоху можна чакаць адкуль хочаш. Тэма знікнення вядомых людзей - вострая з абодвух бакоў гульня. Лукашэнка ў адным з апошніх выступленняў глуха паабяцаў нейкія сенсацыі ў адказ… Ды і вядомы дэкрэт № 20 аб дэклараванні даходаў кандыдатаў і ўсёй радні настолькі адыёзны, што абурыў нават Аляксандра Вешнякова - кіраўніка Цэнтрвыбаркама братняй Расіі, які пабываў у Мінску на мінулым тыдні. А таксама спарадзіў бліскучы загаловак у інтэрнетаўскай "Газете.Ru" - "Перамагчы Лукашэнку можа толькі круглы сірата".
Але калі сур'ёзна, пры ўсёй несувымернасці рэйтынгаў і кашмарнасці ўмоў сітуацыя Ганчарыка небезнадзейная. Беларусь - краіна балотаў. У тым ліку электаральнае балота складае да 40 працэнтаў выбаршчыкаў. За гэты масіў людзей, якія яшчэ не вызначыліся наконт 9 верасня, ёсць шанц пазмагацца. І наогул не ўсё вырашае грубая сіла. У роднай для Ганчарыка Лагойшчыны, дарэчы, добры партызанскі вопыт, калі мужыкі з самаробнай зброяй ушчэнт калашмацілі тупыя браніраваныя калоны.