Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары Прэзідэнта Рэспублiкi Беларусь 2001 года
 
Аналітыка

ПАСТКА ДЛЯ КАНДЫДАТАЎ У ПРЭЗІДЭНТЫ


2001-07-25

Аўтар: Міхаіл ПАСТУХОЎ, былы суддзя Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь

Прававы аналіз прэзідэнцкага дэкрэта № 20 ад 26 чэрвеня 2001 г. "Аб абавязковым дэклараванні даходаў і маёмасці кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, яго блізкіх сваякоў, жонкі (мужа) і яе (яго) бацькоў і некаторых іншых мерах, скіраваных на правядзенне адкрытых, свабодных і сумленных выбараў" дае ўсе падставы сцвярджаць: па сваёй сутнасці і зместу ён з'яўляецца антыканстытуцыйным актам і павінен быць аднесены да разраду дакументаў правапарушальнага заканадаўства. Пацвярджэннем гэтаму, перш за ўсё з'яўляецца наступнае:

1. Артыкул 101 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у рэдакцыі 1996 года не дапускае дэлегіраванне прэзідэнту паўнамоцтваў на выданне дэкрэтаў, якія могуць дапоўніць ці змяніць канстытуцыйныя палажэнні, што тычыцца таксама праграмных законаў. У прыватнасці, прама нагадваецца аб недапушчальнасці змянення парадку выбараў прэзідэнта і парламента, абмежаванні канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян.

2. Артыкул 28 Асноўнага закона гарантуе кожнаму права на абарону ад незаконнага ўмяшальніцтва ў яго асабістае жыццё. Абмежаванне правоў і свабод асобы (арт. 23) дапускаецца толькі ў кароткім пераліку выключных выпадкаў, да ліку якіх свабодныя выбары прэзідэнта не маюць ніякага дачынення.

Дастаткова двух гэтых канстытуцыйных палажэнняў для прызнання дэкрэта № 20 юрыдычна нікчэмным, які падлягае неадкладнай адмене. Што, аднак, практычна немагчыма зрабіць, бо цяперашні беларускі парламент на летніх канікулах і можа сабрацца на сваю восеньскую сесію толькі пасля прэзідэнцкіх выбараў, 2 кастрычніка.

Апрача чыста юрыдычных аспектаў, варта звярнуць увагу і на маральны бок дэкрэта № 20.

Па дзеючаму выбарчаму заканадаўству аўтар дэкрэта А.Лукашэнка з'яўляецца раўназначным з іншымі прэтэндэнтамі на вышэйшую дзяржаўную пасаду. Відавочна, што ён не мае маральнага права, скарыстоўваючы службовае становішча, ствараць для сябе больш выгадную пазіцыю ў выбарчым працэсе. З юрыдычнага пункту гледжання яго дзеянні ў пэўнай ступені носяць карыслівы характар і могуць быць расцэнены як выкарыстанне службовага становішча ў асабістых мэтах. Наўрад ці неабходна тлумачыць, хто і як будзе правяраць правільнасць дэкларацый, прадстаўленых кандыдатам у прэзідэнты А.Лукашэнкам, яго жонкай, сваякамі. Пры ўмове, вядома, калі такія дэкларацыі наогул будуць прадстаўлены…

З гэтай нагоды абвешчаная ў прэамбуле дэкрэта мэта яго выдання - для "забеспячэння законнасці і публічнасці пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў" - выглядае, па крайняй меры, малапераканаўчай: законнасць у дадзеным выпадку відавочна парушана, што ж тычыцца публічнасці, то ёсць усе падставы меркаваць, што яна будзе насіць аднабаковы характар і распаўсюдзіцца ў поўнай меры на няўгодных уладзе прэтэндэнтаў. Улічваючы практыку дзейнасці манапалізаваных уладай сродкаў масавай камунікацыі, можна без цяжкасцей прагназаваць, якой менавіта будзе гэтая "публічнасць".

Некаторыя высновы:

1. Дэкрэт №20 уяўляе сабою супрацьзаконнае ўмяшальніцтва ў паўнамоцтвы цяперашняга заканадаўчага органа ўлады - Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

2. Істотна зменены "правілы гульні" ва ўжо распачатым працэсе выбарчай кампаніі. Супраць падобнай практыкі зусім нядаўна выступаў аўтар дэкрэта А.Лукашэнка. Ён катэгарычна адверг усе рэкамендацыі незалежных экспертаў і аўтарытэтных міжнародных арганізацый па прывядзенню беларускага выбарчага заканадаўства ў адпаведнасць з дэмакратычнымі стандартамі. Гэта можа сведчыць аб асаблівай асабістай зацікаўленасці А.Лукашэнкі ў змяненні "правілаў гульні".

3. Пры наяўнай сістэме падначаленасці (адзінаначаллі) усіх наглядаючых і кантралюючых органаў, якія будуць задзейнічаны ў праверцы прадстаўленых дэкларацый, дэкрэт № 20 з'яўляецца ідэальным сродкам для адвольнага адхілення любога прэтэндэнта на любым этапе выбарчай кампаніі, пачынаючы ад рэгістрацыі і заканчваючы непасрэдным удзелам у выбарах. Стварэнню падобнай сітуацыі змогуць актыўна садзейнічаць выбарчыя камісіі, якасны склад якіх вызначаўся выканаўчай уладай, аб'ектыўна зацікаўленай у перамозе свайго кандыдата.

4. Шырокі пералік "парушэнняў", якія могуць дапусціць шматлікія суб'екты юрысдыкцыі дэкрэта № 20 (сваякі прэтэндэнта, сваякі яго сваякоў), а гэтак жа і сам прэтэндэнт, адкрывае бязмежныя магчымасці для фальсіфікацый, а ў некаторых выпадках і правакацый. Зацікаўленыя ў дыскрэдытацыі таго ці іншага прэтэндэнта структуры без цяжкасцей могуць стварыць ілжывае ўяўленне аб рэальным маёмасным становішчы прэтэндэнта і мноства іншых звязаных з ім дэкрэтам № 20 суб'ектаў.

5. Разгорнутая дзяржаўнымі сродкамі масавай агітацыі і прапаганды кампанія па "лакіроўцы" дэкрэта № 20 - яшч адно сведчанне яго антыканстытуцыйнай сутнасці: разумны прававы дакумент, як і любы якасны прадукт, не мае патрэбы ў надакучлівай рэкламе.

Намаганні афіцыйных прапагандыстаў, апрача пастаноўкі "дымавой заслоны" вакол дэкрэта № 20, пераследуюць таксама і зусім пэўныя папулісцкія мэты. Патэнцыяльным выбаршчыкам настойліва навязваецца думка: хто супраць дэкрэта № 20, таму ёсць што хаваць, ёсць чаго баяцца пры дэклараванні даходаў і маёмасці. Значыць, гэта несумленныя людзі.

Адначасова замоўчваецца відавочнае: дэкрэт № 20 - прамы замах на канстытуцыйныя правы грамадзян, тых жа патэнцыяльных выбаршчыкаў.

Усё сказанае пацвярджае правільнасць патрабаванняў, якія вылучаліся дэмакратычнай грамадскасцю яшчэ да пачатку прэзідэнцкай выбарчай кампаніі: А.Лукашэнка абавязаны спыніць на гэты перыяд выкананне абавязкаў прэзідэнта, што можа стаць адной з гарантый недатыкальнасці дзеючага выбарчага заканадаўства і зробіць больш цяжкім у іншых формах умяшальніцтва структур выканаўчай улады ў выбары.

Унутранае і міжнароднае становішча, што склалася пасля дэкрэта № 20, без сумнення, ускладніць сітуацыю вакол прэзідэнцкіх выбараў. У грамадства застаецца ўсё меней гарантый, а значыць, і спадзяванняў на тое, што гэтыя выбары могуць быць сумленнымі, адкрытымі і справядлівымі. Улада не адмовілася ад заганнай практыкі, якая склалася восенню 2000 года пры выбарах парламента, што і стала прычынай яго непрызнання ў якасці легітымнага органа прадстаўнічай улады.

Выданне і ўвядзенне ў дзеянне дэкрэта № 20 - яшчэ адзін крок цяперашняй беларускай улады да таго, што і маючыя адбыцца выбары могуць быць вызначаны як не адпавядаючыя нават мінімальным умовам правядзення рэальна адкрытых, сумленных і справядлівых выбараў. Наступствы відавочныя - гэта далейшае паглыбленне палітыка-прававой і эканамічнай ізаляцыі краіны. Патэнцыяльныя выбаршчыкі павінны ведаць і разумець бясспрэчную ісціну: у першую чаргу горкія плады такой сусветнай ізаляцыі закрануць менавіта іх. Улада ж, як звычайна, застанецца пры сваіх інтарэсах.