ЦІ МАРАЛЬНА ЎСЁ ТОЕ, ШТО СЛУЖЫЦЬ ПЕРАМОЗЕ АПАЗІЦЫІ?
2001-07-18
Аўтар: Аляксандр КЛАСКОЎСКІ, журналіст
Несумненна, праціўнікі Лукашэнкі сур'ёзна пайшлі наперад па частцы піяру. Дыскрэдытацыя кіруючай вярхушкі ідзе па нарастаючай. І за каскадам сенсацыйных публічных заяў персон, якія так ці інакш маюць дачыненне да "тайнаў мадрыдскага двара", адчуваецца жорсткая, умелая рэжысура.
Вось толькі некалькі заўважных акцый апошняга часу.
10 ліпеня ў інтэрнэт былі ўкінутыя прызнанні былых супрацоўнікаў пракуратуры Дзмітрыя Петрушкевічва і Алега Случака. Лейтматыў: кіруючая вярхушка стварыла "эскадрон смерці", ахвярамі якога сталі няўгодныя рэжыму персоны - Захаранка, Ганчар, Красоўскі, Завадскі…
У нумары штотыднёвіка "Свободные новости" за 6 - 13 ліпеня з'явілася інтэрв'ю з генерал-маёрам дзяржбяспекі Валерыем Кезам. Былы высокапастаўлены чын беларускага КДБ, а затым Савета бяспекі, звольнены ўказам прэзідэнта яшчэ ў в 1996 годзе, таксама выступіў з выкрывальнымі тэзісамі. Вось іх пафас: "Кожны год знаходжання Лукашэнкі ва ўладзе ўсё далей і далей аддаляе нас ад стварэння багатай дэмакратычнай дзяржавы і ўсё болей набліжае да аднаасобнай дыктатуры...". У прыватнасці, генерал фактычна пацвердзіў версію аб "эскадроне смерці".
Нарэшце, у нумары газеты "День" за 7 ліпеня абвінавачаннямі ў адрас Лукашэнкі разышоўся Іван Ціцянкоў, звольнены ў снежні пазамінулага года з пасады кіруючага справамі прэзідэнта. Нязграбная спроба сарваць выхад гэтага нумара толькі павялічыла непажаданы для ўладаў вынік: інтэрв'ю, "вывешанае" у інтэрнэце, ахвотна надрукавалі ці са смакам пераказалі ці не ўсе недзяржаўныя мас-медыі.
Можна толькі радавацца гэтым залпам па цытадэлі сённяшняй адыёзнай улады. Але ўсё ж напрошваецца некалькі рэмарак.
Што да прызнанняў "перабежчыкаў" з праваахоўных органаў, то ў свой час апазіцыя ўжо трапіла ў няёмкае становішча, падняўшы на шчыт былога супрацоўніка МУС Алега Батурына. Той спачатку і на самой справе зрабіў паслугу праціўнікам рэжыму, расказаўшы аб правакацыйнай ролі міліцэйскага ведамства ў крывавых падзеях "Марша свабоды" 17 кастрычніка 1999 года. Але ў хуткім часе Батурын вольна ці нявольна сам адыграў правакацыйную ролю. Памятаеце гісторыю з яго быццам бы выкраданнем беларускімі спецслужбамі, якую ён сам потым і абверг перад камерай Беларускага тэлебачання? У выніку Лукашэнка атрымаў козыр: вось, маўляў, чаго варты ўвесь гэты лямант апазіцыі аб выкраданнях…
Далей. Генерал Кез, аддадзім належнае, са шкадаваннем гаворыць аб сваёй кіруючай ролі ў адной непрыстойнай гісторыі, пасля якой, як мяркуюць старыя барацьбіты супраць рэжыму, Лукашэнка і адчуў беспакаранасць. Гаворка ідзе аб выдварэнні з залы Вярхоўнага Савета групы апазіцыйных дэпутатаў 12-га склікання, якія наладзілі забастоўку ў знак пратэсту супраць падрыхтоўкі першага лукашэнкаўскага рэферэндуму. Тады, у ноч з 11 на 12 красавіка 1995 года, людзі ў масках расправіліся з парламентарыямі проста па-садысцку. Гавораць, кадры скрытых відэаздымкаў - як вярзіла са спецслужбы з разбегу б'е нагой у худыя грудзі лідэра БНФ Пазняка - смакаваліся пасля ў самым галоўным кабінеце краіны. Цяпер генерал Кез - і гэта вынесена ў загаловак - падкрэслівае: "Маё раскаянне не кан'юнктурнае". Што ж, былы выканаўца жорсткага загаду не выпадкова спрабуе апярэдзіць заканамерныя пытанні дэмакратычнай публікі. Чаму ён не падаў у адстаўку адразу пасля гэтай ганьбы? Ці не занадта доўга ўтойваў пакуты сумлення ад шырокай грамадскасці - цэлых шэсць гадоў?! А прарвала - трэба ж - якраз да чарговых выбараў. Ці шэсць гадоў сумленне не турбавала, а тут раптам прачнулася?
Ну а Іван Ціцянкоў ў ролі барацьбіта за дэмакратыю і светлую будучыню Беларусі - гэта ўжо проста карыкатура. З'яўляючыся "заўхозам" Лукашэнкі, ён увасабляў нахабную прыватызацыю цэлай краіны маргінальным кланам, які прыйшоў да ўлады. З яго імем звязвалі мноства цёмных спраў, у выніку якіх папаўняўся ценявы фонд кіраўніка краіны. Нарэшце, менавіта Ціцянкоў публічна разарваў на даху будынка Адміністрацыі святы для апазіцыі бел-чырвона-белы сцяг, які страціў статус дзяржаўнага пасля рэферэндуму ў маі 1995 года.
І вось зараз гэты ж Ціцянкоў - галоўны герой незалежнай прэсы. Дарэчы, тое, што журналісты хватаюцца за любую сенсацыю, з чыіх бы вуснаў яна ні гучала, справа зразумелая, бо гэта іх хлеб. Пытанне не да іх. Ускосныя факты даюць падставы меркаваць, што з'яўленне дару публічна выказвацца ў шэрагу былых прыбліжаных Лукашэнкі - працэс зусім не спантанны. Не асабліва цяжка зрабіць вывад, што штабы апазіцыі актыўна прыцягваюць усіх, хто можа напаказ патрэсці бруднай бялізнай правячай вярхушкі.
Пытанні маралі пры гэтым не прымаюцца ў разлік. Ці трактуюцца ў ленінскім духу. Да чаго прывяла на практыцы натхнёная Ільічом перамога пралетарыяту над жорсткім царызмам - добра вядома. На фоне жахаў савецкага рэжыму "Мікалай Крывавы" паказаўся святым.
Што ж мы бачым сёння ў беларускім кантэксце?
Так, лідэр антылукашэнкаўскага перадвыбарнага руху "За новую Беларусь" Васіль Лявонаў - чалавек несумненн годны. Але неяк не па сабе, калі ён заяўляе ў інтэрв'ю тыднёвіку "Наша ніва", што яго структура гатовая падтрымаць любога самага моцнага ворага цяперашняй улады: "Крайні правы, крайні левы, цэнтрыст - не мае значэння". Успомнім: гэта ж некалі ён, Лявонаў, тады магутны першы сакратар абкама КПБ, апекаваў над маладым агрэсіўным дырэктарам саўгаса Лукашэнкам, у якім бачыў таран супраць старога наменклатурнага клану. Потым Лукашэнка пасадзіў свайго былога дабрадзея ў турму. І што, зараз зноў - на тыя ж граблі, зноў - куды заўгодна абы толькі зваліць цяперашнюю ўладу?
Забывацца пра ўрокі гісторыі, ігнараваць маральны аспект палітычнага выбару - справа небяспечная Ці ўлічыць гэта апазіцыя? Ці прагучаць адэкватныя, не кан'юнктурныя, маральна вывераныя ацэнкі адносна ўсялякіх выкрыццяў і іх канкрэтных аўтараў з вуснаў тых прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта, якія фігуруюць сярод спадзяванняў прагрэсіўнай грамадскасці? Пытанне зусім не пустое. Не трэба думаць, што ў тысячу разоў аблаянага айчыннага электарату зусім ужо атрафіравана пачуццё маралі. Асабліва калі гаворка ідзе пра дэмакратычны электарат, на які так разлічваюць праціўнікі Лукашэнкі.
Наконт раскаяння былых яго падручных, калі яно шчырае, можна сказаць: лепш позна, чым ніколі. Але зноў жа, барацьбітам супраць рэжыму трэба тысячу разоў узважыць, ці варта будаваць альянсы з тымі, хто ў літаральным сэнсе таптаў іх знамя.