Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары Прэзідэнта Рэспублiкi Беларусь 2001 года
 
Аналітыка

АЛЯКСАНДРУ ЛУКАШЭНКУ ДАСТАТКОВА І МАЎКЛІВАЙ ПАДТРЫМКІ З БОКУ КРАМЛЯ


2001-07-05

Аўтар: Аляксандр КЛАСКОЎСКІ, журналіст



20-21 чэрвеня Лукашэнка зноў быў з візітам у Маскве. І што ж?
Ніякімі падбадзёрваючымі словамі перад усім сумленным народам расійскі лідэр свайго калегу і на гэты раз не ўдастоіў. Але ці азначае гэта, што Крэмль у думках ужо ахвяраваў фігурай Лукашэнкі і ўпотай раскручвае свой сцэнарый выбараў са стаўкай на іншую персону? Хутчэй за ўсё, робячы такую выснову, асобныя публіцысты і аналітыкі, якія маюць цягу да апазіцыі, выдаюць жадаемае за рэчаіснасць.

Куды бліжэй да ісціны тое, што нядаўна агучыў у эфіры ГРТ расійскі публіцыст Віталь Трацякоў. Зняты Беразоўскім з пасады рэдактара "Независимой газеты", але які застаецца дасведчаным аналітыкам вялікадзяржаўнага толку, Трацякоў у прыліве шчырасці назваў Лукашэнку "нашым сукіным сынам".

Так, расійскаму кіраўніцтву непрыемна выслухоўваць папрокі Захаду наконт аўтарытарных свавольстваў саюзнага прэзідэнта. Але непараўнальна горш было б страціць кантроль над Беларуссю як стратэгічным плацдармам. Лукашэнка, які па вушы завяз у інтэграцыі і паскандаліў з усім цывілізаваным светам, у гэтым сэнсе нікуды не падзенецца. А вось у выпадку перамогі іншага прэтэндэнта рызыка для расійскіх пазіцый у рэгіёне ўзрастае. Колькі б ні кляліся ў сваёй прыхільнасці саюзу з Расіяй прадстаўнікі апазіцыйнай пяцёркі, якія чаўночна ваяжыруюць у белакаменную. Да таго ж наіўна меркаваць, што афіцыйная Масква, якая і сваіх палітыкаў жадала б "пастроіць", настолькі перажывае за сённяшнюю прыгнечанасць беларускай апазіцыі, што дзеля гэтага, з чыстай любові да дэмакратыі, пойдзе на змену рэжыму. Ёй добры той рэжым, пры якім выконваецца расійскі інтарэс.

У прыватнасці, інтарэс эканамічны. І бадай, Лукашэнка амаль не крывіў душой, нястомна падкрэсліваючы па ходу візіту і пасля вяртання ў Мінск, што на перамовах і з Пуціным, і з Касьянавым, і з нафтагазавымі каралямі на першым месцы былі эканамічныя пытанні.

Так, паводле яго слоў, у бліжэйшыя гады рэзка, у паўтара разы, узрасце транзіт расійскага газу праз Беларусь на Захад: да канца гэтага года - з 20 да 27 мільярдаў кубаметраў, а да 2005 года - да 35 млрд. кубаметраў у год. Што дазволіць краіне спажываць газ практычна бясплатна: кошт гэтага паліва, якое ідзе на ўнутраныя патрэбнасці, якраз пакрыецца платай расіян за каласальны транзіт. Гутарачы з журналістамі ў сваёй рэзідэнцыі 22 чэрвеня, беларускі лідэр з выгадай для сябе падкрэсліў згаданы момант: я, маўляў, "змагаюся за гэта". Хаця з кім змагаецца, калі парект узаемавыгадны? Звычайныя дзелавыя перамовы. Але ў масавага гледача застаецца засечка: "бацька" малайчына, не шкадуе жывата, выбіваючы ў Масквы нейкія даброты.

І другая засечка ў масавай свядомасці: калі расійскае кіраўніцтва і бізнес-эліта наладжваюць з дзеючым прэзідэнтам Беларусі салідныя справы на перспектыву - значыць, бачаць у ім цалкам легітымнага і "доўгаіграючага" партнёра.

Вось гэтая нескладаная выснова электарата якраз і патрэбна Лукашэнку напярэдаўні выбараў. А як яшчэ Масква будзе сведчыць аб сваёй падтрымцы? Цяжка ўявіць, каб заўсёды стрыманы Пуцін стаў панібрацкі паляпваць "бацьку" па плячы або рассыпацца ў кампліментах адносна стылю яго праўлення. Ды і любое выказванне наконт пажаданага для расійскага кіраўніцтва зыход народнага волевыяўлення ў суверэннай Беларусі абавязкова справакавала б хвалю крытыкі: зноў рука Масквы, умяшальніцтва ў справы незалежнай дзяржавы і ўсё такое іншае. Дражніць гусей нявыгадна ні Пуціну, ні самому Лукашэнку.

Разам з тым Аляксандр Рыгоравіч як таленавіты маніпулятар паставіў сабе на карысць і маўчанне расійскага прэзідэнта. На згаданай сустрэчы з журналістамі ён рытарычна спытаўся: "Вы што, сумняваецеся ў пазіцыі У.Пуціна і іншых кіраўнікоў Расіі?". Вядома, ніякіх абвяржэнняў з Крамля не паследуе, і далейшае маўчанне можна ўжо смела трактаваць як знак згоды расійскага кіраўніцтваого: так, мы за яго, за нашага зведанага саюзніка, проста не крычым пра гэта на кожным вуглу.

На вышэйшым узроўні многае - ды практычна ўсё! - і на самай справе вырашаецца кулуарна. Так, на саміце ў Мінску 1 чэрвеня прэзідэнты краін СНД ў вузкім коле вырашылі паслаць восенню ў Беларусь назіральнікаў ад Садружнасці. І падчас сустрэчы з Пуціным 21 чэрвеня Лукашэнка якраз абмяркоўваў механізм гэтага назірання. а ў тым, што яно будзе добразычлівым, сумнявацца не даводзіцца. У згаданай гутарцы з журналістамі Лукашэнка як бы незнарок прыадчыіў заслону сакрэтнасці, падкрэсліўшы выгадныя для сябе нюансы: "Усе прэзідэнты выказалі зацікаўленасць у накіроўванні сюды назіральнікаў. І прычым, я ўжо шчыра зараз вам скажу, гэта было закрытае абмеркаванне пытання, але цікава выказаўся Нурсултан Назарбаеў. Ён сказаў так: "Калі толькі мы дазволім растаптаць Беларусь, то мы атрымаем тое ж самае праз колькі гадоў, кожную з нашых дзяржаў. Мы, урэшце рэшт, члены АБСЕ ці не члены АБСЕ? Дзе наш гонар? Мы ж былі ў складзе адной краіны. Мы павінны абараніць сёння і народ, і прэзідэнта Беларусі". Вось так кантэкст быў абмеркавання гэтага пытання і было прынята аднагалоснае рашэнне аб накіроўванні сюды назіральнікаў".

У пераказе Лукашэнкі ўсё хітра сплецена: напрыклад, ставіцца знак роўнасці паміж лёсам Беларусі і лёсам цяперашняга яе кіраўніка. Зноў жа, немагчыма праверыць, так ці не так гаварыў калега з Казахстана. Але прапагандысцкі эфект дасягнуты. Лукашэнка ўмела падаў масаву гледачу Беларускага тэлебачання карцінку салідарнай падтрымкі яго персоны ўжо не толькі Пуціным, але і ўсімі прэзідэнтам СНД.

Такая вось апрацоўка мазгоў у спалучэнні з адміністрацыйным рэсурсам і ёсць галоўныя козыры Лукашэнкі ў чарговай кампаніі барацьбы за ўладу. Яго шанцы больш важкія, чым у іншых прэтэндэндаў. І Масква, цвяроза гэта разумеючы, хутчэй за ўсё, будзе трымацца відавочнага нейтралітэту да самага канца беларускай бітвы за прэзідэнцтва. Хаця там, зразумела, не такія прастакі, каб складваць усе яйкі ў адзін кошык. Прэтэндэнтам ад апазіцыі таксама ж не даюць ад варот паварот. І яны таксама спрабуюць выдаць гэта за прыхільнасць расійскай уладнай эліты. Але ў дзеючага прэзідэнта, урэшце рэшт, куды больш магчымасцяў пераканаць выбаршчыка ў тым, што Пуцін на яго баку.

Так што апазіцыі для дыскрэдытацыі кіраўніка рэжыму трэба шукаць іншыя тэзісы, чым "Крэмль яго здаў". Што праціўнікі Лукашэнкі і спрабуюць рабіць, раскручваючы, у прыватнасці, версію аб тайным стварэнні пад яго патранажам "эскадронаў смерці".