Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары Прэзідэнта Рэспублiкi Беларусь 2001 года
 
Аналітыка

ДРУГАЯ ПЕРАДВЫБАРЧАЯ ПРАГРАМА ПЕРШАГА ПРЭЗІДЭНТА: ПАЎТАРЭННЕ ПРОЙДЗЕНАГА


2001-06-10

Аўтар: Яраслаў РАМАНЧУК, эканамічны эксперт



Прыярытэты

А.Лукашэнка палічыў, што прыярытэты першай праграмы, ухваленай пяць гадоў таму, - харчаванне, жыллё, экспарт - былі выбраны правільна. "Аб'явіць кірункі галоўных нашых дзеянняў - гэта не проста аб'явіць. Пад гэта трэба сканцэнтраваць асноўныя матэрыяльныя і фінансавыя рэсурсы, чалавечы рэсурс трэба сканцэнраваць на гэтых прыярытэтах.... Усё астатняе мы будзем эксплуатаваць, прама скажу, настолькі, каб забяспечыць гэтыя прыярытэты". Так было і летась, такая пазіцыя на бліжэйшыя пяць гадоў.

"Будзе ў чалавека кватэра - будзе ён у яе купляць усё.... Жыллё становіцца лакаматывам эканомікі і гатова выцягваць за сабою цэлыя сферы нашай эканомікі". Гэта калі ю людзі на свае зберажэнні або самастойна прыцягнутыя крэдыты будавалі кватэры. Што гэта за лакаматыў такі, якому патрэбны бюджэтныя коні для разгону? Па словах А.Лукашэнкі, "за пяць гадоў чарга [на жыллё] скарацілася на 130 тысяч. На канец мінулага года ў нас знаходзіліся на ўліку 569 тысяч сем'яў і адзінокіх грамадзян. У 1990 годзе іх было 670 тысяч. 110 тысяч за мінулую пяцігодку мы забяспечылі кватэрамі...". Разабрацца ў такой будаўнічай арыфметыцы цяжка. Не радуе і наступная характарыстыка "лакаматыву": "Будаўнікі распранаюць нас непамернымі цэнамі. Здзіраючы з людзей па рыначных мерках, яны па арганізацыі працы, якасці, рэсурсазберажэнню, іншых параметрах вярнуліся да савецкіх часоў. Гэта значыць, пачалі будаваць, як тады: дзе паклалі раствор паміж цэглай і блокамі, а дзе не паклалі. Разваліцца - не мае значэння". Заўважце, тут слова "савецкі" значыць "дрэнны". Далей па тэксту выступлення прамоўца настальгіруе па тых самых савецкіх часах.

Пры гэтым ён зусім нават і не супраць прыватызацыі. "Калі хтосьці ў будаўніцтве хоча прыватызаваць на пэўных умовах прадпрыемства, калі ласка, у нас там усе практычна акцыянерныя прадпрыемствы. Плаціце грошы, прычым як мага танней, але будзеце выконваць тыя ўмовы, якія да вас будуць даведзены: колькасць людзей, захаванне сацыяльна базы і гэтак далей. А так што ні ўласнік, то дзіцячы сад - не трэба, сталовая - не трэба, школы - не трэба, пансіянаты - не трэба, дамы адпачынку - не трэба... Нам такая прыватызацыя не патрэбна. Такой прыватызацыі ў краіне не будзе". Так што самастойнасць прадпрыемстваў на другую пяцігодку застаецца міфам.

"Калі дзяржава хоча быць незалежнай, яна абавязана накарміць свой народ, забяспечыўшы тым самым сваю харчовую бяспеку". На жаль, за сем гадоў праўлення Лукашэнкі ўлада не змагла накарміць нас айчыннымі прадуктамі харчавання. Да канца сходу ён гэта прызнаў сам, а вось сачатку быў некалькі іншага меркавання: "Насельніцтва краіны забяспечана ўласнымі прадуктамі харчавання. Мы гарантавалі і дасягнулі харчовай бяспекі". Першы прэзідэнт настойвае на развіцці вёскі, таму што "у савецкія часы АПК даваў велізарныя даходы ў валюце". Маецца на ўвазе экспарт харчавання. На дзіва недакладны тэзіс. Далей - болей: "Нам трэба вырабіць столькі, каб прадаць, каб яно было самаакупным. Трэба смела ісці на глыбокія пераўтварэнні. Не будзем больш пладзіць утрыманцаў. Не будзем мірыцца з безадказнасцю і безгаспадарчасцю. Грошай лішніх у нас няма. Штогод мы ўкідваем у гэтую галіну велізарныя сродкі - паўмільярды долараў па ўсіх кірунках мы накіроўваем у сельскую гаспадарку штогод. Знялі амаль усе падаткі. Дзяржаўная падтрымка беларускаму сельгасвытворцу супастаўная з аналагічнымі мерамі ў краінах Еўрасаюза. А вынік? Вядома, ёсць аб'ектыўныя прычыны. Але будзем рэалістамі. На вёсцы працвітаюць безадказнасць, разгільдзяйства, п'янства, халатныя адносіны да справы. Што вы думаеце, што я пайду за вас вырашаць пытанні вытворчасці малака, мяса? Даіць кароў, карміць быкоў? Не, я сваё адкарміў... Але я гатовы, калі гэта будзе патрэбна і карысна для краіны, але я думаю, што кожны павінен займацца сваёй справай".

Вось такі наш другі лакаматыў: убухалі ў яго за 5 гадоў $2,5 млрд., а ён усё не цягне. Процьма праблем і ў галіне экспарту.

У лік новых прыярытэтаў трывала ўваходзіць інавацыйная дзейнасць. І вось чаму: "У нас няма сыравіны і багатых спонсараў. Нам усё трэба зарабіць сваім мазалём і розумам. Менавіта таму інавацыйная і інвестыцыйная дзейнасць прапаноўваюцца як аснова прыярытэтаў". Для таго каб навука стала лакаматывам, трэба зусім мала: "Для гэтага трэба вырашыць атрыманую ў спадчыну яшчэ з савецкіх часоў праблему злучэння навукі з вытворчасцю. Я неаднаразова прапаноўваў вучоным Акадэміі навук самім прапанаваць канцэпцыю таго, як у нашых умовах зрабіць навуку прадукцыйнай сілай, стварыць сістэму ўкаранення вынікаў даследаванняў, і дагэтуль я чакаю, ужо на працягу сямі гадоў. Няўжо хтосьці павінен прыйсці да вучоных, акадэмікаў, дактароў, кандыдатаў навук з вялікімі мазгамі людзям, і расказаць, як будзе развівацца навука?".

Ну, добра, не ведаюць беларускія вучоныя, як наладзіць сувязь паміж лабараторыяй і вытворчасцю. Затое, на думку прамоўцы, у краіне створаны "велізарнейшы патэнцыял у галіне інфармацыйных тэхналогій". Праўда, ён "амаль не дае аддачы". Для выхаду з сітуацыі прэзідэнт прапаноўвае запланаваць "падрытоўку агульнанацыянальнага праекта стварэння адзінага інфармацыйна-тэхналагічнага комплексу". Што гэта за цуд такі, А.Лукашэнка не тлумачыць.


Не кожны інвестар нам падыходзіць

Беларусіи не патрэбны проста грошы. Нам патрэбны сродкі толькі ад "салідных і прыстойных" інвестараў (дарэчы, чамусьці ў законе аб замежных інвестыцыях няма такога азначэння). "Неабходна кардынальным чынам змяніць сітуацыю ў сферы інвестыцыйнай дзейнасці. Прамыя інвестыцыі ў асноўныя вытворчыя фонды неабходна давесці ў канцы пяцігодкі да 1 мільярда долараў у год. Для гэтага спатрэбіцца на дзяржаўным узроўні стварыць стабільныя і прыцягальныя ўмовы для айчынных і замежных інвестараў. Салідны, прыстойны інвестар павінен стаць паважанай фігурай у Беларусі".

Відавочна, што за 7 гадоў такіх у Беларусі не з'явілася. Значыць, ёсць спадзяванне, што А.Лукашэнка хаця б у запале прэзідэнцкай гонкі паабяцае новыя правілы гульні? Няўжо дайшло да яго, што без гарантый правоў уласнасці ніхто з салідных і прыстойных грошы не інвесціруе?

Шчаслівы, хто верыць. "Я сістэму па пытаннях уласнасці мяняць не мае намеру. Калі народ выбера мяне прэзідэнтам, то я гэтую сістэму мяняць не буду. Устаноўлены такі парадак. Працоўны калектыў без усялякай цемені з боку кіраўніка абмяркоўвае пытанне, быць ці не быць прыватызацыі на гэтым прадпрыемстве. І прымаецца рашэнне працоўным калектывам і кіраўніком гэтага прадпрыемства... Далей. Гэтае прадпрыемства сёння функцыянуе на тэрыторыі нейкага раёна, вобласці, гэта значыць, яно знаходзіцца ў народнагаспадарчай схеме развіцця гэтага рэгіёна. Няўжо я магу прыняць рашэнне, не маючы заключэння кіраўніка, прадстаўніка ўлады гэтага рэгіёна? Не. Гэтае прадпрыемства - адзіны народнагаспадарчы комплекс па вертыкалі, у якім-небудзь ведамстве. Так міністр павінен выказаць сваё дакладнае меркаванне. І тады, на падставе ўсяго гэтага, урад прымае рашэнне і ўносіць прэзідэнту на зацвярджнне". Калі з тысячы інвестараў такую працэдуру пройдзе адзін, то гэта будзе ўдача. Думаю, што і гэты адзін будзе нашым суайчыннікам з афшорнай зоны.

Лукашэнка і яго ўлада так і не зразумелі, што яны і ёсць крыніца манаполіі, асноўных праблем эканомікі і збяднення людзей. Гэта ж трэба сказаць "без усялякай цемені". З такім падыходам усе гарадскія кіёскі, палаткі, прыбіральні трэба запісаць у гэты ўсёпаглынальны "народнагаспадарчы комплекс".

"Многія мяне папракаюць: "Вось няма інвестыцый. Няма дзядзькі замежнага, які б прывез вялікія мяхі зялёных долараў і ўклаў у нашы прадпрыемствы, гэтаму таму, што Лукашэнка стрымлівае рыначную эканоміку і не хоча. А вы ведаеце, што такіх дзядзек па Беларусі тысячы ходзяць?".

І першы прэзідэнт, як на фронце, трымае кругавую абарону ад надакучлівых багацеяў. "Мне ў спадчыну дастаўся акцыяніраваны Мазырскі завод. І я бачу, колькі там жулікаў і праблем верціцца. І кожны месяц мне даводзіцца трымаць рукамі гэты завод, каб яго цалкам не вывезлі куды-небудзь. Дык навошта мне гэты галаўны боль і тым болей нашаму народу?". Вось і спадчына з'явілася.

У спісе аб'ектаў, якія прамоўца абараняе грудзьмі і не дае інвестарам, знаходзяцца "Беларуськалій", мазырскі завод па здабычы солі. "Другі напрамак, які мне прапаноўваюць пусціць пад нож і прыватызаваць, - гэта нафтахімічны комплекс. Гэта Дземянцей (былы кіраўнік Вярхоўнага Савета Беларусі. - Заўвага рэд.) няхай скажа, ці гатовы ён, пабудаваўшы гэты комплекс пасля вайны на крыві і касцях нашага народа, сёння здаць яго замежнаму дзядзьку, ды яшчэ за бясплатна?". Як інвестар можа давяраць чалавеку, які прыраўноўвае прыватызацыю да знішчэння? І няўжо Дземянцей сапраўды ахвяраваў жыццямі людзей дзеля матэрыяльных даброт у выглядзе нафтапрадуктаў?


Пра залатую рыбку і запас

З прэтэнзіяй на сур'ёзнасць гучыць абяцанне, што "эмісійнага паступлення сродкаў не будзе. Друкарскі станок не можа быць універсальным інструментам вырашэння крэдытна-фінансавых праблем". Ніхто не гаворыць аб "універсальнасці". Дастаткова выкарыстаць яго два разы ў год: на пасяўную і ўборачную. Ды, ў парадку выключэння, для завяршэння будаўніцтва сацыяльна значных аб'ектаў. Банкі могут быць спакойныя - стаўленне да іх у выпадку пераабрання А.Лукашэнкі не зменіцца. На думку прэзідэнта, напрыклад, "тое, што адбылося з "БелБалтыяй", Белкамбанкам, "Поиском", можна было прадухіліць метадамі банкаўскага кантролю. Падманутыя ўкладчыкі і на сумленні Нацыянальнага банка". Пры гэтым Лукашэнка кажа, што "да 2005 года абменны курс беларускага рубля не перавысіць 2.000-2.100 рублёў".

Але гэта не самае казачнае пажаданне. Выкананне наступнага без залатой рыбкі і гэткага ж запасу Расіі проста немагчыма: "Пастаўлена задача, і яна рэалізуецца, каб сярэднемесячная інфляцыя не перавышала 2,5 працэнты. З 2002 года - не больш за 15-20 працэнтаў у год".

Абяцанні, як бачым, у асноўным тычацца далёкай будучыні. А выбары - вось яны, на носе. Пасля іх - хоць патоп?