Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары ў Нацыянальны сход 2000 года
 
Вынікі
НАЦЫЯНАЛЬНЫ СХОД СФАРМІРАВАНЫ, ЧАСТКА АПАЗІЦЫІ БАЙКАТАВАЛА ВЫБАРЫ, АБСЕ ПРЫЗНАЛА ІХ НЕАДПАВЕДНЫМІ МІЖНАРОДНЫМ СТАНДАРТАМ

У выніку двух тураў выбараў (15 і 29 кастрычніка 2000 года) і давыбараў (18 сакавіка і 1 красавіка 2001 года) Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі была сфарміравана ў поўным складзе.

Частка апазіцыйных палітычных партый і грамадскіх арганізацый (Беларускі народны фронт, Аб'яднаная грамадзянская партыя і інш.) байкатавала гэтыя парламенцкія выбары. Другая частка (Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя "Народная Грамада", Партыя камуністаў беларуская) вылучалі сваіх кандыдатаў у дэпутаты, аднак амаль усе яны пацярпелі паразу. Большасць абраных у Палату прадстаўнікоў дэпутатаў з'яўляюцца крэатурай выканаўчай улады, якая адкрыта падтрымлівала іх на выбарах.

Беларускі Хельсінкскі камітэт заявіў аб поўнай недэмакратычнасці і незаконнасці працэдуры фарміравання Палаты прадстаўнікоў. "Маштабы парушэнняў не дазваляюць назваць гэтую працэдуру выбарамі. Меў месца масавы прымус выбаршчыкаў да галасавання з наступнай фальсіфікацыяй вынікаў", - адзначана ў заяве БХК. Паводле слоў старшыні грамадскага Каардынацыйнага савета на назіранню за выбарамі Мечыслава Грыба, незалежнымі назіральнікамі было зафіксавана больш за пяць тысяч парушэнняў заканадаўства аб выбарах.

Місія Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ канстатавала: "Выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 15 кастрычніка 2000 года не адпавядалі міжнародным стандартам, што прад'яўляюцца да дэмакратычных выбараў, а таксама патрабаванням, сфармуляваным у Капенгагскім дакуменце АБСЕ 1990 года. У прыватнасці, не былі выкананы мінімальныя абавязацельствы па правядзенню свабодных, справядлівых, роўных, падсправаздачных і адкрытых выбараў. Нягледзячы на дасягненне некаторага прагрэсу ў параўнанні з папярэднімі выбарамі, усё яшчэ існуюць пэўныя недахопы ў правядзенні выбарчага працэсу".

У той жа час у афіцыйным заключэнні дэлегацыі Цэнтравыбаркама Расійскай Федэрацыі, якая ажыццяўляла назіранне за парламенцкімі выбарамі ў Беларусі, заяўлена, што парламенцкія выбары ў Беларусі прайглі ў адпаведнасці з Канстытуцыяй і Выбарчым кодэксам, а грамадзяне рэспублікі змаглі рэалізаваць свае выбарчыя правы.

У верасні-снежні 2000 года падчас пасяджэнняў дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню Брэсцкай, Віцебскай, Гомельскай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай абласцей, дэпутатаў Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў адбыліся выбары членаў Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі - па восем ад кожнай вобласці і горада Мінска. Яшчэ сем членаў Савета Рэспублікі, згодна з беларускім заканадаўствам, у лістападзе 2000 - сакавіку 2001 гадоў прызначыў прэзідэнт. Адно крэсла ў Савеце Рэспублікі, прадугледжанае для восьмага члена - прадстаўніка прэзідэнта, пакуль не занята.