Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары ў Нацыянальны сход 2000 года
 
Маніторынг

ЗАБЕГ ЗА ДВУМА ЗАЙЦАМІ ("Народная газета")


2000-08-30

 

Гэтаму мерапрыемству папярэднічалі неаднаразовыя візіты ў Беларусь прадстаўнікоў шэрагу еўрапейскіх арганізацый, якія ўзялі на сябе ролю строгіх кантралёраў палітычных працэсаў у нашай краіне. Спачатку ўсе яны практычна ў адзін голас патрабавалі выканання палажэння Дэкларацыі стамбульскай сустрэчы ў вярхах аб правядзенні ў Беларусі палітычнага дыялога. Калі ж гэты працэс ў сакавіку бягучага года пачаўся і набраў сілу, актыўны ўдзел у ім прыняло вышэйшае кіраўніцтва дзяржавы, а ў ходзе дыялога нарадзіліся шырокамаштабньм ініцыятывы Прэзідэнта, то раптам узніклі іншыя патрабаванні.

Цяпер, напярэдадні пасяджэння тэхнічнай канферэнцыі, у ход пушчана вялікая ідэалагічная артылерыя. Гэта калібр Злучаных Штатаў Амерыкі. Пасол ЗША ў пастаянным савеце АБСЕ Дэвід Джонсан распаўсюдзіў заяву, уякой робіць вывад, што адпраўка місіі міжнародных наглядальнікаў на выбары ў Беларусь "была б памылкай"; амерыканскі дыпламат канстатуе, што "гэтыя выбары пройдуць у час пашырэння палітычных рэпрэсій і праследавання журналістаў". У пісьме змяшчаюцца не пацверджаныя фактамі заявы, напрыклад аб тым, што "шмат незалежных газет былі закрыты ўладай".

Цікава, што гэтае пісьмо з'явілася адразу ж пасля дэпешы ў еўрапейскія структуры, напісанай радыкальнай беларускай апазіцыяй. У ёй яна слёзна просіць не накіроўваць у краіну назіральнікаў. Даволі цікавая адна з прычын, з-за якой, як лічыць апазіцыя, гэта не трэба рабіць. Аказваецца, "час, які застаўся да выбараў, не дае магчымасці дэмакратычным кандыдатам правесці нармальную кампанію". Не паспяваюць...

Вось і зрабі ў такім выпадку вывад, хто і чыёй водзіць рукой: амерыканцы дыктуюць беларускай апазіцыі патрэбныя тэксты або беларуская апазіцыя разводзіць чарніла і запраўляе самапіскі амерыканскім дыпламатам. Але мэта, выходзіць, адна: няхай будзе горш.

Аднак ужо цяпер ясна, што ў еўрапейскіх структурах не ўсе прытрымліваюцца радыкальных думак адносна выбараў у Беларусі. Аб гэтым можна меркаваць, напрыклад, нават па паводзінах апазіцыі. Літаральна 28 жніўня з яе стана ў АБСЕ паляцела дэпеша, у якой змяшчаецца рэзкая крытыка Кансультатыўна-наглядальнай групы АБСЕ па Беларусі. Так, радыкалы пішуць, што "дэмакратычная грамадскасць Беларусі са здзіўленнем назірае, як некаторыя колы Заходняй Еўропы, асабліва нямецкая дыпламатыя, садзейнічаюць расійскай акупацыйнай палітыцы ў Беларусі. Адным з інструментаў гэтай антыбеларускай палітыкі праявіла сябе Кансультатыўна-наглядальная група АБСЕ ў Мінску, якую ўзначальвае Х.Г.Вік. КНГ АБСЕ актыўна ўключылася ў працэс падрыхтоўкі выбараў".

Далей у заяве гаворыцца, што праз АБСЕ выдзелены значныя сродкі на прапаганду выбараў і падрыхтоўку наглядальнікаў. Апазіцыя патрабуе замяніць кіраўніка КНГ АБСЕ ў Мінску, бо "Вік свае магчымасці ў Беларусі вычарпаў".

Загнаўшы сябе ў палітычны кут, апазіцыя, не зусім упэўненая ў прыхільнасці да яе еўрапейскага Захаду, пачынае хітрыць і выкручвацца. Нават некаторыя партлідэры, не гаворачы ўжо аб простых "партыйцах", нагледзелі сабе акругі і вылучыліся як "незалежныя" кандыдаты. Яны разумеюць, што выбары пройдуць, парламент будзе сфарміраваны народам і пачне працу. Незалежна, колькі наглядальнікаў прыедзе ў краіну. І апазіцыйным палітыкам замест цёплай Авальнай залы зноў трэба будзе ісці на вуліцу на "халодныя" або "гарачыя" маршы. А так хочацца ўтульнасці. Вось чаму апазіцыя стараецца сядзець на двух крэслах...