Маніторынг
НАГЛЯДАЛЬНІКІ ПРЫЕДУЦЬ НА ВЫБАРЫ Ў БЕЛАРУСЬ ("Звязда")
2000-09-01
Уважліва вывучыўшы ацэнкі Кансультатыўнанаглядальнай
групы (КНГ) АБСЕ, Парламенцкай тройкі, Бюро па дэмакратычных інстытутах
і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ, а таксама даклады ўрада Беларусі і прадстаўнікоў
Кансультатыўнага савета апазіцыйных партый, канферэнцыя прыняла шэраг
адпаведных заключэнняў і рэкамендацый для інстытутаў, якія ўдзельнічаюць
у гэтым працэсе. У прыватнасці, было падкрэслена, што працягваецца палітычная
цікавасць удзельнікаў форуму ў аказанні садзейнічання Беларусі ва ўз'яднанні
з еўрапейскімі дэмакратыямі. У дакуменце асабліва адзначаны прагрэс па
чатырох асноўных напрамках, што адносяцца да арганізацыі дэмакратычных
выбараў, хоць, як сцвярджаецца ў заключэннях, гэты прагрэс усё яшчэ недастатковы
для дасягнення ўзгодненых міжнародных крытэрыяў.
Разам з тым, змяненне рамачных умоў правядзення парламенцкіх выбараў,
гаворыцца ў дакуменце, робіць магчымым накіраванне ў рэспубліку тэхнічнай
місіі па ацэнцы, якая будзе арганізавана і разгорнута Бюро па дэмакратычных
інстытутах і правах чалавека АБСЕ ў цесным супрацоўніцтве з Кансультатыўна-наглядальнай
групай. Тэхнічная місія БДІПЧ па ацэнцы будзе ўключаць накіраванне экспертаў
па выбарах на перыяд каля чатырох тыдняў.
Канферэнцыя таксама звярнулася з просьбай да парламенцкіх асамблей АБСЕ,
Савета Еўропы і Еўрапарламента прадоўжыць кансультатыўную і наглядальную
работу ў сувязі з маючымі адбыцца парламенцкімі выбарамі ў Беларусі. Акрамя
гэтага, прадстаўнікі Парламенцкай тройкі павінны дзейнічаць у якасці міжнародных
наглядальнікаў, што дасць ім магчымасць аб'ектыўна ацаніць выбарчы працэс.
Пад націскам некаторых краін і еўрапейскіх арганізацый, адзначаюць у беларускім
МЗС, тэхнічная канферэнцыя ў сваіх рэкамендацыях і заключэннях зрабіла
непрыемныя для Беларусі запісы. У прыватнасці, у пункце 8 сказана, што
прысутнасць Парламенцкай тройкі і тэхнічнай місіі БДІПЧ на выбарах у Беларусі
"не з'яўляецца актам міжнароднага прызнання дэмакратычнага характару і
выніку парламенцкага працэсу". Аднак з гэтым не згадзіліся дэлегацыі СНД
і Міжпарламенцкай асамблеі СНД.
Каменціруючы вынікі Венскай канферэнцыі, Павел Латушка адзначыў, што рашэнне
рэкамендаваць ключавым еўрапейскім арганізацыям накіраваць у нашу краіну
сваіх наглядальнікаў сведчыць аб агульным усведамленні бессэнсоўнасці
ізаляцыі Беларусі. Міністэрства замежных спраў, паведаміў ён, выказвае
надзею, што міжнародныя наглядальнікі дадуць аб'ектыўную і непрадузятую
ацэнку маючым адбыцца парламенцкім выбарам і адпаведным чынам праінфармуюць
свае арганізацыі аб іх зыходзе і выніках.
Як паведаміў журналістам міністр замежных спраў Урал Латыпаў, вынесеныя
рэкамендацыі былі практычна поўнасцю прыняты да ведама пастаянным Саветам
АБСЕ. Прынятыя ўдзельнікамі канферэнцыі рашэнні, паводле яго слоў, - перамога
добрай волі. "Гэта кампраміс, які адкрывае дарогу міжнароднаму нагляданню
за выбарамі", адзначыў міністр.