Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары ў Нацыянальны сход 2000 года
 
Маніторынг

…А ЯРМОШЫНА ВЫГЛЯДАЛА ЖАЛЕЗАБЕТОННАЙ ЛЭДЗІ ("Народная воля")


2000-09-22

Аўтар:



Днямі ў Цэнтрвыбаркаме разглядвалі скаргі тых, каму было адмоўлена ў рэгістрацыі кандыдатамі ў дэпутаты.

Справа ў тым, што гэтыя парламенцкія выбары праводзяцца па новым выбарчым заканадаўстве, у якім для патэнцыяльных парламентарыяў схавана нямала падводных камянёў. Аб іх і разбіваліся (ці разбівалі) перадвыбарчыя кандыдацкія "караблі".

Адным з самых слабых месцаў у незарэгістраваных прэтэндэнтаў на крэсла парламентарыя стала дэкларацыя аб прыбытку і маёмасці. Распрацоўшчыкі выбарчага заканадаўства невыпадкова ўнеслі гэтую ўмову. Зразумела, што гэты дакумент многія кандыдаты ў дэпутаты раней і ў вочы не бачылі, а ў падатковай інспекцыі атрымаць грунтоўнае тлумачэнне пашанцавала далёка не ўсім. Як сказаў Віктар Харлап, які не задэклараваў старэнькі "Запарожац", што ён прадаў машыну па генеральнай даверанасці некалькі год таму: "Не хапіла вопыту ў запаўненні дэкларацыі". Між іншым менавіта на дэклараванні аўтамабільных сродкаў "пракалоліся" многія прэтэндэнты на дэпутацкі мандат. Напрыклад, Васіль Сільчук не запісаў у дэкларацыю аўтамабільны прычэп, які не лічыў транспартным сродкам. І як ён ні ўхваляў Цэнтральную выбарчую камісію, - маўляў, яму вядома, колькі зрабіў Цэнтрвыбаркам, каб былі праведзены "справядлівыя, сумленныя і дэмакратычныя выбары", Сільчука ўсё роўна знялі з дыстанцыі.

Аднак у асноўным кандыдатам інкрымінавалі ''недакладнасць сабраных подпісаў". Менавіта таму на перадвыбарчай узбочыне апынуліся Леанід Злотнікаў, Юлія Чыгір, Аляксандр Бухвостаў і шмат іншых знакавых асоб.

Але не ўсе "пагарэлі" на подпісах выбаршчыкаў. Кандыдаты ў дэпутаты Карташоў з Асіповіцкай 74-й акругі і Бычок з 75-й Шклоўскай вылучалі свае кандыдатуры ад ЛДП. Як высветлілася падчас праверкі, у стварэнні Асіповіцкай пярвічнай партыйнай арганізацыі ўдзельнічалі два грамадзяніны Расіі (з чатырох належных па Статуце), а ў Шклоўскай пярвічцы адзін быў таксама грамадзянінам Расіі, другі ж увогуле не меў ніякага дачынення да ЛДП.

Зразумела, што, акрамя вышэй згаданых прычэпак, быў і шэраг іншых, па якіх кандыдатам у дэпутаты было адмоўлена ў рэгістрацыі. Але я не стану іх далей пералічваць і перайду да некаторых асоб, якія ўразілі мяне найбольш моцна.

Так, напрыклад, экс-парламентарый Віктар Цярэшчанка не задэклараваў свой нядаўна набыты аўтамабіль "Фольксваген". Канешне, акруговая камісія не зарэгістравала яго. Таму на Цэнтрвыбаркам Віктар Іванавіч з'явіўся з выглядам бяскрыўднага ягняці і напрыканцы прамовы перад членамі камісіі з мальбой у вачах і голасе вымаўляў: "Я прашу даць мне магчымасць стаць кандыдатам! Вы ж ведаеце, што я заўсёды на баку ўлады...". Мне падалося, што, каб яшчэ крыху, дык ён укленчыў бы перад Лідзіяй Ярмошынай і пачаў бы цалаваць ёй ногі. Але да незадавальнення гледачоў, гэтага не адбылося. Цярэшчанку аднадушна адмовілі.

Цікава было назіраць і за былым галоўным юрыстам краіны Аляксандрам Пласкавіцкім. Ён яўна знаходзіўся не ў сваёй талерцы, калі тлумачыў выбарчай камісіі, чаму не змог выканаць усе ўмовы Выбарчага кодэкса. Смешна сказаць: распрацоўшчык прэзідэнцкіх дэкрэтаў, па якіх жыве і ад якіх пакутуе ўся краіна, не ведаў, што нельга весці папярэднюю агітацыйную работу, распаўсюджваць агітацыйныя ўлёткі і прыцягваць асабістыя матэрыяльныя сродкі ў перыяд агітацыі. Пласкавіцкі моршчыў лоб і, пераступаючы з нагі на нагу, як дрэнны школьнік, спрабаваў даказаць, што ўсё рабіў па законе. Можа быць, і так. Але Рыгоравіч здрады не даруе. Тым больш па адной акрузе з Аляксандрам Леанідавічам канкурыруе прэзідэнцкі пратэжэ Анатоль Красуцкі. Так што Пласкавіцкага пакінулі за бортам.

Павінна сказаць, што жанчыны паводзілі сябе больш годна, чым мужчыны. Ні адна з іх не глядзела шчанячым умольным поглядам у вочы старшыні і членаў Выбарчай камісіі. Усе кандыдаткі спрабавалі адстойваць сваё месца пад парламенцкім сонцам. Адна толькі спадарыня Цыбульская, якую не зарэгістравалі ў 63-й Бабруйскай акрузе, чаго вартая! Тонам, які не цярпеў пярэчання, яна паведаміла ўсім, што ў гэтай барацьбе пойдзе да канца і нават адмоўнае рашэнне Цэнтрвыбаркама не пераканае яе не прымаць удзел у прэзідэнцкіх выбарах. Камісіі ж пажадала з гонарам выйсці са становішча, у якім тая апынулася не па ўласнай волі.

Зразумела, што гэты артыкул быў бы няпоўным, калі б я не ўзгадала пра Шчукіна. Валерый Аляксеевіч быў у сваім рэпертуары. Ён рыхтаваўся да камісіі Цэнтрвыбаркама як да баявых дзеянняў і, узброіўшыся палымянай прамовай, прымусіў камісію слухаць яго цэлых 20 хвілін. Ярмошына некалькі разоў перапыняла яго, нагадваючы, што "гэта Вам не мітынг". Але хіба можна стрымаць Шчукіна? Напрыканцы сваёй прамовы Валерый Аляксеевіч прыгадаў парушэнні правоў чалавека і назваў Аляксандра Лукашэнку баязліўцам, які мае ў падначаленні армію, КДБ, МУС і спецслужбы, але баіцца яго, Шчукіна, на ўзбраенні якога толькі журналісцкае пяро. Між іншым такое абвінавачванне ў царскія часы змывалася крывёй на дуэлі. Таму цікава, ці выклікае маёр Лукашэнка да бар'ера капітана II ранга Шчукіна?

Аднак вярнуся ад лірычнага адступлення да рэалій. Зразумела, Шчукіну было адмоўлена, як і многім іншым неадбыўшымся кандыдатам у дэпутаты, якія не вельмі падабаюцца "ўсенароднаабранаму".

Дарэчы, трэба адзначыць, што, прызначыўшы на пасаду Лідзію Ярмошыну, Рыгоравіч не памыліўся. Усе доказы і аргументы, якія прыводзілі барацьбіты за дэпутацкі мандат, разбіваліся аб яе "жалезабетоннасць". Металічным голасам без ценю шкадавання яна вымаўляла: "У задавальненні скаргі адмовіць. Вы можаце абскардзіць гэтае рашэнне ў трохдзённы тэрмін у Вярхоўным судзе". Адным словам, не старшыня Цэнтрвыбаркама, а генерал у спадніцы.

Ведаючы, як працуюць прадстаўнікі беларускай Феміды, я вельмі сумняваюся, што хтосьці з "пракінутых" Ярмошынай зможа атрымаць перамогу ў Вярхоўным судзе. Але нават калі і так, дык над усім гэтым ёсць галоўны суддзя - час, які ўсіх калі-небудзь абавязкова рассудзіць.