Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары ў Нацыянальны сход 2000 года
 
Маніторынг

БЕЛАРУСКІЯ ВЫБАРЫ ПАД "МІКРАСКОПАМ" МІЖНАРОДНЫХ НАГЛЯДАЛЬНІКАЎ ("БелТА")


2000-09-29

Аўтар:



Чарговы раз пацярпелі крах заклікі радыкальнай беларускай апазіцыі пакінуць краіну ў міжнароднай ізаляцыі. Зусім нядаўна, пасля неўраджаю 1999 года, яны ўпрошвалі Захад не прадаваць Беларусі збожжа, каб ускладніць наступствы неўраджаю і такім чынам прымусіць насельніцтва краіны выступіць супраць існуючай улады. Не атрымалася. Эканамічная выгада і перспектывы далейшага супрацоўніцтва з прадказальнай дзяржавай, якой з'яўляецца Беларусь, пераважылі палітычны экстрэмізм, і вельмі патрэбную пшаніцу краіна набыла. А ў гэтым годзе вырасціла сваё збожжа і забяспечыла харчовую бяспеку.

Аднак апазіцыя не супакоілася. Услед за "хлебным тэрорам" пачаўся выбарчы. Гісторыя гэта пачыналася так. Апіраючыся на дэмакратычныя прынцыпы будаўніцтва дзяржаўнасці, улада прыняла рашэнне стварыць Выбарчы кодэкс, які б адпавядаў міжнародным стандартам. 3 гэтай мэтай усім дзяржаўным і грамадскім інстытутам, грамадзянам краіны было прапанавана выкласці свае меркаванні і ідэі, якія б садзейнічалі выпрацоўцы дакумента, што забяспечыць сумленныя, свабодныя і празрыстыя выбары. Апазіцыя гэтае запрашэнне праігнаравала, а калі кодэкс быў прыняты, раптам загаварыла аб яго "недасканаласці".

Выконваючы Рэзалюцыю Стамбульскай нарады кіраўнікоў дзяржаў-членаў АБСЕ 1999 года, улады Беларусі арганізавалі грамадскапалітычны дыялог, у парадак дня якога было ўключана і пытанне аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Выбарчы кодэкс. І зноў частцы апазіцыі палітычны "прадукт", прапанаваны ўжо самім Захадам, прыйшоўся не даспадобы. А прадстаўнікі больш як ста партый і грамадскіх арганізацый працавалі над удасканаленнем выбарчага закона і ў выніку дабіліся ўнясення ў яго істотных паправак дэмакратычнага характару. У выніку ён быў высока ацэнены шэрагам міжнародных інстытутаў.

Разумеючы, што выбарчы працэс не спыніць, і вырашылі зрабіць крок, адрэпеціраваны на "хлебнай справе": заклікаць Захад пакінуць Беларусь без міжнародных наглядальнікаў, каб потым заявіць аб нелегітымнасці выбараў. Пачаліся шматлікія ваяжы "барацьбітоў з рэжымам" на Захад, якія суправаджаліся стварэннем душашчыпальных карцін "заціску ў краіне свабод і адсутнасці дэмакратыі". Аднак многія міжнародныя грамадскія інстытуты маюць у Беларусі і свае "вочы і вушы". Аналіз выбарчых дакументаў і палітычнай абстаноўкі ў краіне даў падставу для прыняцця трэцяй тэхнічнай канферэнцыяй міжнародных структур па парламенцкіх выбарах у Беларусі рашэння рэкамендаваць ключавым еўрапейскім арганізацыям накіраваць у нашу рэспубліку міжнародных наглядальнікаў.

Уважліва вывучыўшы ацэнкі Кансультатыўна-наглядальнай групы (КНГ) АБСЕ, Парламенцкай тройкі, Бюро па дэмакратычных ініцыятывах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ, а таксама даклады ўрада Беларусі і прадстаўнікоў Кансультатыўнага савета апазіцыйных партый, канферэнцыя прыняла шэраг адпаведных заключэнняў і рэкамендацый. У прыватнасці, было падкрэслена, што працягваецца палітычная цікавасць удзельнікаў форуму ў аказанні садзейнічання Беларусі ва ўз'яднанні з еўрапейскімі дэмакратыямі. У дакуменце асабліва адзначаны прагрэс па чатырох асноўных напрамках, што адносяцца да арганізацыі дэмакратычных выбараў.

Рашэнне рэкамендаваць ключавым еўрапейскім арганізацыям накіраваць у нашу краіну наглядальнікаў засведчыла аб агульным усведамленні бессэнсоўнасці ізаляцыі Беларусі. Аб гэтым гавораць і заяўкі, якія паступілі потым ад розных міжнародных грамадскіх структур, таксама прыняць іх наглядальнікаў. Цяпер такія просьбы паступілі з 17 краін. За паўмесяца да выбараў ужо 84 міжнародныя наглядальнікі выказалі жаданне выконваць сваю місію ў Беларусі. Сярод іх дырэктар Брытанскага Хельсінкскага камітэта па правах чалавека К.Стоўн і пяцёра яго супрацоўнікаў, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Федэральнага парламента Бельгіі Ж.П.Анры, Г.Верснік, П.Марыно, С.Горыс, 15 прадстаўнікоў Ізраіля, сярод якіх шэсць дэпутатаў Кнесета, мэры гарадоў Карміэль і БнейАіш Р.Грынберг і М.Басін, старшыня Выбарчай камісіі Індыі М.С.Гіл і двое яе супрацоўнікаў. Сярод жадаючых назіраць за выбарамі ў Беларусі - 10 прадстаўнікоў мясцовых органаў улады, палітычных партый і грамадскіх арганізацый Італіі, сярод якіх - П.Дзібалдзіо, М.Тамасіні, Р.Цібалда, дэпутаты Нацыянальнага сходу Польшчы К.Карп, Я.Курань і З.Анташэўскі, а таксама сем прадстаўнікоў розных структур улады і грамадскіх арганізацый гэтай краіны. Прыедуць у нашу краіну на выбары намеснік старшыні Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, сакратар Камісіі па міжнародных справах парламента Турцыі Д.Акчалы, сенатар Парламента Чэхіі Я.Дубрава, дэпутат сейма Літвы К.Прунскене, прэзідэнт Міжнароднай арганізацыі прагрэсу з Аўстрыі Х.Кехлер, галоўны адміністратар Генеральнага дырэктара прадстаўніцтва Еўрапарламента А. фон Лінген. Акрамя гэтага, будзе вялікая група наглядальнікаў з краін СНД.

Несумненна, што ўсе гэтыя людзі могуць даць аб'ектыўную ацэнку выбарам у Беларусі, якім, як не раз падкрэслівала вышэйшае кіраўніцтва краіны, улада гарантуе свабоду, сумленнасць і празрыстасць.