СТРУКТУРА ПАРЛАМЕНТА
Беларускі парламент - Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь - з'яўляецца двухпалатным і складаецца з Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі.
ДАТА ВЫБАРАЎ ДЭПУТАТАЎ ПАЛАТЫ ПРАДСТАЎНІКОЎ
Выбары ў Палату прадстаўнікоў адбыліся 15 кастрычніка (першы тур) і 29 кастрычніка (другі тур) 2000 года. 18 сакавіка (першы тур) і 1 красавіка (другі тур) 2001 года прайшлі паўторныя выбары па 13 выбарчых акругах, у якіх не былі абраны дэпутаты Палаты прадстаўнікоў падчас выбарчай кампаніі 2000 года.
ТЭРМІНЫ ВЫБАРАЎ ЧЛЕНАЎ САВЕТА РЭСПУБЛІКІ
Выбары ў Савет Рэспублікі ў адпаведнасці з указам прэзідэнта праходзілі з 13 верасня да 13 снежня 2000 года.
ЭТАПЫ КАМПАНІІ ПА ВЫБАРАХ ДЭПУТАТАЎ ПАЛАТЫ ПРАДСТАЎНІКОЎ
У адпаведнасці з Выбарчым кодэксам, кампанія па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў 2000 года складалася з наступных этапаў:
Да 1 жніўня 2000 года - утварэнне акруговых выбарчых камісій.
З 6 жніўня да 4 верасня 2000 года - вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты з перадачай адпаведных дакументаў у акруговыя выбарчыя камісіі.
Да 31 жніўня 2000 года - утварэнне ўчастковых выбарчых камісій.
З 5 да 14 верасня 2000 года - рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты.
З дня рэгістрацыі кандыдата ў дэпутаты да 14 кастрычніка 2000 года - перадвыбарчая агітацыя.
З 10 да 14 кастрычніка 2000 года - датэрміновае галасаванне на ўсіх выбарчых участках;
15 кастрычніка 2000 года - першы тур выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.
29 кастрычніка 2000 года - другі тур выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.
18 сакавіка 2001 года - першы тур паўторных выбараў па 13 выбарчых акругах.
1 красавіка 2001 года - другі тур паўторных выбараў па 11 выбарчых акругах.
ЭТАПЫ КАМПАНІІ ПА ВЫБАРАХ ЧЛЕНАЎ САВЕТА РЭСПУБЛІКІ
Кампанія па выбарах членаў Савета Рэспублікі 2000 года складалася з наступных этапаў:
11 верасня - прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб прызначэнні выбараў у Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь другога склікання.
З 15 кастрычніка да 14 лістапада - вылучэнне кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі.
З 20 лістапада да 1 снежня - пасяджэнні дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню вобласці, дэпутатаў Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў па выбарах членаў Савета Рэспублікі.
7 снежня - Цэнтрвыбаркам зацвердзіў пратакол аб выніках выбараў членаў Савета Рэспублікі.
АРГАНІЗАЦЫЯ ВЫБАРАЎ
Арганізацыяй і правядзеннем выбараў у Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь займаецца Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў.
Паводле ейнага рашэння, у адпаведнасці з Выбарчым кодэксам, для выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў былі створаны акруговыя (у складзе 9-13 членаў) і ўчастковыя (у складзе 5-19 членаў) выбарчыя камісіі.
У Палату прадстаўнікоў абіраецца 110 дэпутатаў.
У Савет Рэспублікі абіраюцца 64 члены - па восем ад кожнай вобласці і горада Мінска шляхам тайнага галасавання дэпутатаў базавага ўзроўню кожнай вобласці і горада Мінска падчас пасяджэнняў дэпутатаў мясцовых Саветаў, і восем членаў Савета Рэспублікі прызначаюцца прэзідэнтам.
УМОВЫ РЭГІСТРАЦЫІ
Дэпутатам Палаты прадстаўнікоў можа быць грамадзянін Рэспублікі Беларусь ва щзросце ад 21 года і больш. Кандыдатамі ў дэпутаты не могуць быць вылучаны грамадзяне, якія не маюць права ў адпаведнасці з заканадаўствам займаць пасады ў дзяржаўным апараце ў сувязі з наяўнасцю судзімасці, не знятай і не пагашанай у парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
Права вылучэння кандыдатаў у дэпутаты належыць грамадскім аб'яднанням, працоўным калектывам і грамадзянам (шляхам збору подпісаў) у адпаведнасці з Выбарчым кодэксам.
Членам Савета Рэспублікі можа быць грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які дасягнуў узросту 30 гадоў і пражыў на тэрыторыі адпаведнай вобласці, горада Мінска не менш чым пяць гадоў.
Права вылучэння кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі належыць прэзідыумам мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню і адпаведным выканаўчым камітэтам - раённым, гарадскім (гарадоў абласнога падпарадкавання), а ў горадзе Мінску - прэзідыуму Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў і Мінскаму гарадскому выканаўчаму камітэту.
Адна і тая ж асоба не можа адначасова з'яўляцца членам абедзвюх палат Парламента. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў не можа быць дэпутатам мясцовага Савета дэпутатаў. Член Савета Рэспублікі не можа быць адначасова членам Урада. Не дапускаецца сумяшчэнне абавязкаў дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі з адначасовым знаходжаннем на пасадзе Прэзідэнта або суддзі.
ВЫБАРЧАЕ ПРАВА НА ВЫБАРАХ ДЭПУТАТАЎ ПАЛАТЫ ПРАДСТАЎНІКОЎ
Выбарчым правам на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў валодаюць усе грамадзяне Рэспублікі Беларусь, дасягнуўшыя 18 гадоў. Не валодаюць правам голасу грамадзяне Рэспублікі Беларусь, прызнаныя судом нядзеязнольнымі; асобы, якія ўтрымліваюцца па рашэнню суда ў месцах пазбаўлення волі, а таксама асобы, у дачыненні да якіх у парадку, устаноўленым крымінальна-працэсуальным заканадаўствам, абрана ў якасці меры стрымання ўтрыманне пад вартай.
ВЫБАРЧАЕ ПРАВА НА ВЫБАРАХ ЧЛЕНАЎ САВЕТА РЭСПУБЛІКІ
Выбарчым правам на выбарах членаў Савета Рэспублікі валодаюць дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню вобласці, дэпутаты Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў, якія бяруць удзел у пасяджэнні па выбарах членаў Савета Рэспублікі.
ПАРАДАК ГАЛАСАВАННЯ НА ВЫБАРАХ ДЭПУТАТАЎ ПАЛАТЫ ПРАДСТАЎНІКОЎ
Выбарчае заканадаўства Беларусі прадугледжвае датэрміновае галасаванне, якое пачынаецца за 5 дзён да даты асноўных выбараў. У перыяд з 10 да 14 кастрычніка 2000 года выбарчыя ўчасткі працавалі з 10.00 да 14.00 і з 16.00 да 19.00. Непасрэдна ў дзень выбараў - 15 кастрычніка - участкі для галасавання былі адкрытыя на працягу 12 гадзін - з 8.00 да 20.00.
Выбары ў Палату прадстаўнікоў праходзілі па 110 выбарчых акругах. Абранне дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў ажыццяўлялася на аснове дэклараваных Канстытуцыяй усеагульнага, свабоднага, роўнага, прамога выбарчага права пры тайным галасаванні. Правам на ўдзел у галасаванні валодалі ўсе грамадзяне Рэспублікі Беларусь, дасягнуўшыя да дня або ў дзень выбараў 18 гадоў. Галасаваць яны маглі на ўчастках па месцы іх пастаяннага або часовага пражывання.
Участкі для галасавання ўтвараліся з колькасцю не менш чым 20 і не больш чым 3000 выбаршчыкаў не пазней чым за два месяцы да выбараў; у раёнах і гарадах - раённымі, гарадскімі (у гарадах абласнога падпарадкавання) выканаўчымі камітэтамі, а ў гарадах з раённым дзяленнем - раённымі адміністрацыямі.
ПАРАДАК АБРАННЯ ЧЛЕНАЎ САВЕТА РЭСПУБЛІКІ
Выбары членаў Савета Рэспублікі праводзіліся з ліку зарэгістраваных Цэнтрвыбаркамам кандыдатаў на пасяджэннях дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню вобласці, дэпутатаў Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў. Гэтыя пасяджэнні лічыліся правамоцнымі, калі ў іх бралі ўдзел больш за палову ад агульнай колькасці дэпутатаў, абраных у мясцовыя Савета дэпутатаў базавага ўзроўню вобласці, у Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў. Пры гэтым у пасяджэнні дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню вобласці павінны былі ўдзельнічаць не менш чым адна чвэрць дэпутатаў ад кожнага мясцовага Савета дэпутатаў базавага ўзроўню.
Выбары членаў Савета Рэспублікі ажыццяўляліся шляхам тайнага галасавання дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню вобласці, дэпутатаў Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў, браўшых удзел у пасяджэнні па выбарах членаў Савета Рэспублікі.
УМОВЫ АБРАННЯ ДЭПУТАТАЎ ПАЛАТЫ ПРАДСТАЎНІКОЎ
Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў прызнаваліся адбыўшыміся, калі ў галасаванні бралі ўдзел больш за палову выбаршчыкаў акругі, уключаных у спісы грамадзян, маючых права ўдзельнічаць у выбарах.
Абраным у першым туры выбараў па выбарчай акрузе лічыўся кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, які атрымаў больш за палову галасоў выбаршчыкаў, што узялі ўдзел у галасаванні, калі выбары былі прызнаны адбыўшыміся.
Калі ні адзін з кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў не набіраў неабходнай колькасці галасоў, то 29 кастрычніка ў выбарчай акрузе праводзіўся другі тур галасавання па двух кандыдатах у дэпутаты, што атрымалі найбольшую колькасць галасоў выбаршчыкаў.
Выбары ў другім туры прызнаваліся адбыўшыміся, калі ў галасаванні бралі ўдзел больш чым 25 працэнтаў выбаршчыкаў, унесеных у спісы грамадзян, маючых права ўдзельнічаць у выбарах. Абраным лічыўся кандыдат у дэпутаты, што атрымаў большую колькасць галасоў выбаршчыкаў, якія ўзялі ўдзел у галасаванні. У выпадку, калі адзін з кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, уключаны ў бюлетэнь для балаціравання ў другім туры галасавання, здымаў сваю кандыдатуру, другі тур галасавання праводзіўся па адной кандыдатуры. Пры гэтым кандыдат лічыўся абраным, калі ён атрымліваў больш за палову галасоў выбаршчыкаў, што ўзялі ўдзел у галасаванні.
Калі па выбарчай акрузе пры правядзенні першага туру выбараў або другога туру галасавання выбары прызнаваліся неадбыўшыміся або несапраўднымі або ў першым туры выбараў балаціраваліся не больш за два кандыдаты і ні адзін з іх не набраў неабходнай колькасці галасоў выбаршчыкаў або калі ў другім туры галасавання застаўся для балаціравання адзін кандыдат у дэпутаты, які не набраў неабходнай колькасці галасоў выбаршчыкаў, а таксама ў выпадку выбыцця ўсіх кандыдатаў у дэпутаты Цэнтральная камісія даручала акруговай выбарчай камісіі правесці ў выбарчай акрузе паўторныя выбары.
УМОВЫ АБРАННЯ ЧЛЕНАЎ САВЕТА РЭСПУБЛІКІ
Абраным членам Савета Рэспублікі лічыўся кандыдат, які атрымаў па выніках галасавання больш за палову галасоў дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню вобласці, дэпутатаў Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў, што бралі ўдзел у галасаванні.
ФІНАНСАВАННЕ ВЫБАРАЎ
Расходы на падрыхтоўку і правядзенне выбараў у абедзве палаты Нацыянальнаха сходу ажыццяўляліся за кошт дзяржавы ў межах выдзеленых на гэтыя мэты бюджэтных сродкаў і склалі больш за 4 мільярды рублёў.