Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары ў Нацыянальны сход 2000 года
 
Хроніка

ПАЛАТА ПРАДСТАЎНІКОЎ СФАРМІРАВАНА Ў ПОЎНЫМ СКЛАДЗЕ

Аўтар: Юрый ПАЦЁМКІН, БелаПАН.

Мінск, 6 красавіка. Цэнтральная камісія Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў падвяла канчатковыя вынікі другога туру паўторных выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі 2-га слікання. Як паведаміў БелаПАН сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік, ЦВК зарэгістраваў усіх 11 дэпутатаў, абраных пасля другога туру выбараў, і такім чынам цяпер Палата прадстаўнікоў сфарміравана ў поўным складзе (110 дэпутатаў). Нагадаем, што ў выніку другога туру паўторных выбараў у Палату прадстаўнікоў былі абраны: у Брэсцкай-Заходняй акруге № 1 - Уладзімір Ягораў (экс-кіраўнік КДБ Беларусі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў першага склікання); Брэсцкай-Цэнтральнай № 2 - Святлана Гіль (дырэктар брэсцкай швейнай фабрыкі "Надзея"); Брэсцкай-Усходняй № 3 - Валянціна Качан (галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Брэсцкай вобласці); Баранавіцкай-Заходняй № 4 - Уладзімір Зяневіч (галоўны ўрач тэрытарыяльнага медыцынскага аб'яднання № 2 горада Баранавічы, Брэсцкая вобласць); Баранавіцкай-Усходняй № 5 - Мікалай Сергіенка (начальнік мясцовага штаба грамадзянскай абароны); Віцебскай-Горкаўскай № 17 - Валерый Аляксандраў (былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў); Віцебскай-Чыгуначнай № 18 - Сяргей Сямашка (намеснік начальніка віцебскага аддзялення Беларускай чыгункі); Віцебскай-Кастрычніцкай № 19 - Глеб Іваноў (першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта фінансавых расследаванняў па Віцебскай вобласці); Віцебскай-Чкалаўскай № 20 - Аляксандр Гудкоў (старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане); Барысаўскай гарадской выбарчай акрузе № 77 - Віктар Гумінскі (ваеннаслужачы); мінскай Каліноўскай № 107 - Андрэй Нарэйка (прадпрымальнік). Яўка выбаршчыкаў у сярэднім па рэспубліцы склала 55,07 працэнта. Ужо ў бліжэйшы час, сказаў Мікалай Лазавік, усе новавыбраныя дэпутаты змогуць узяць удзел у пленарных пасяджэннях Палаты прадстаўнікоў. Цяпер Цэнтральная камісія, паводле слоў Мікалая Лазавіка, засяродзіць свае намаганні на падрыхтоўцы да прэзідэнцкіх выбараў. У прыватнасці, сказаў ён, да аб'яўлення выбараў ЦВК будзе займацца "тэхнічнымі пытаннямі" - распрацоўваць узоры бланкаў дакументаў і рыхтаваць рэкамендацыі для выбарчых камісій. Нагадаем, што прэзідэнцкія выбары ў Беларусі павінны прайсці восенню 2001 года.