Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары ў Нацыянальны сход 2000 года
 
Хроніка

ДА 16.00 ПАЎТОРНЫЯ ВЫБАРЫ ДЭПУТАТАЎ ПАЛАТЫ ПРАДСТАЎНІКОЎ АДБЫЛІСЯ ВА ЎСІХ 11 ВЫБАРЧЫХ АКРУГАХ, ДЗЕ ПРАХОДЗІЦЬ ДРУГІ ТУР ГАЛАСАВАННЯ

Аўтар: Юрый ПАЦЁМКІН, БелаПАН.

Мінск, 1 красавіка. Па стану на 16.00 паўторныя выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі адбыліся ва ўсіх 11 выбарчых акругах, дзе праходзіць другі тур галасавання. Такія звесткі паведаміў БелаПАН сакратар Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай Лазавік. Паводле звестак Цэнтральнай камісіі, лідэрам па яўцы застаецца Віцебская-Горкаўская выбарчая акруга № 17 - 48,4 працэнта прагаласаваўшых. Аўтсайдэрам па гэтаму паказчыку застаецца 107-я Каліноўская выбарчая акруга Мінска, дзе ўдзел у галасаванні ўзялі 29,9 выбаршчыкаў. Па астатніх выбарчых акругах да 16.00 склалася наступная сітуацыя: Брэсцкая-Заходняя акруга № 1 - 40,2 працэнта; Брэсцкая-Цэнтральная акруга № 2 - 44,4; Брэсцкая-Усходняя № 3 - 38,2; Баранавіцкая-Заходняя № 4 - 39,3; Баранавіцкая-Усходняя № 5 - 43,6; Віцебская-Чыгуначная № 18 - 44,2; Віцебская-Кастрычніцкая № 19 - 45,8; Віцебская-Чкалаўская № 20 - 41,6; Барысаўская гарадская выбарчая акруга № 77 - 40,2. Ніякіх сур'ёзных парушэнняў падчас галасавання, паводле звестак ЦВК, не зафіксавана. У сярэднім па краіне ўдзел у галасаванні ўзялі 41,4 працэнта грамадзян, уключаных у спісы для галасавання. Па словах Мікалая Лазавіка, імёны пераможцаў выбараў будуць вядомыя толькі позна ўвечары, а папярэднія вынікі Цэнтральная камісія наважана абнародаваць раніцай 2 красавіка.