Хроніка
ПАВОДЛЕ ЗВЕСТАК ЦВК ДА 12.00 ЯЎКА ВЫБАРШЧЫКАЎ НА ПАЎТОРНЫХ ВЫБАРАХ ДЭПУТАТАЎ ПАЛАТЫ ПРАДСТАЎНІКОЎ СКЛАЛА Ў СЯРЭДНІМ ПА РЭСПУБЛІЦЫ 18,9 ПРАЦЭНТА
2001-04-01 14:27:00
Аўтар: Юрый ПАЦЁМКІН, БелаПАН.
Мінск, 1 красавіка. Па стану на 12.00 удзел у другім туры паўторных выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі ўзялі 18,9 працэнта выбаршчыкаў, уключаных у спісы для галасавання. Нагадаем, што выбары праходзяць у 11 выбарчых акругах.
Як паведаміў БелаПАН сакратар Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай Лазавік, найбольшая яўка выбаршчыкаў зафіксаваная ў Віцебскай-Горкаўскай выбарчай акрузе № 17 - 25,5 працэнта прагаласаваўшых. Найменшая колькасць грамадзян прыйшлі на ўчасткі для галасавання ў адзінай сталічнай выбарчай акрузе, дзе праходзіць другі тур выбараў - Каліноўскай № 107. Паводле звестак ЦВК, на 12.00 у ёй прагаласавала ўсяго 12,3 працэнта выбаршчыкаў.
Яўка па астатніх дзевяці выбарчых акругах выглядае наступным чынам: Брэсцкая-Заходняя акруга № 1 - 15 працэнтаў; Брэсцкая-Цэнтральная акруга № 2 - 17,7; Брэсцкая-Усходняя № 3 - 15,6; Баранавіцкая-Заходняя № 4 - 18; Баранавіцкая-Усходняя № 5 - 20; Віцебская-Чыгуначная № 18 - 21,9; Віцебская-Кастрычніцкая № 19 - 22,5; Віцебская-Чкалаўская № 20 - 18,6; Барысаўская гарадская выбарчая акруга № 77 - 21.
Нагадаем, што для прызнання выбараў прайшоўшымі на ўчасткі для галасавання павінны прыйсці не менш за 25 працэнтаў выбаршчыкаў. Выбарчыя ўчасткі будуць адкрыты да 20.00.