Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары ў Нацыянальны сход 2000 года
 
Хроніка

ВА ЎЛЁТЦЫ БСДП (НГ) РАСКРЫВАЮЦЦА ФАЛЬСІФІКАЦЫІ, ДАПУШЧАНЫЯ ЎЛАДАМІ НА ПАЎТОРНЫХ ПАРЛАМЕНЦКІХ ВЫБАРАХ


2001-03-31 15:58:00

Аўтар: Генадзь БАРБАРЫЧ, БелаПАН.

Мінск, 31 сакавіка. Выбарчы штаб Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) масавым тыражом распаўсюдзіў у 107-й Каліноўскай выбарчай акрузе Мінска ўлётку, у якой раскрываюцца фальсіфікацыі, дапушчаныя ўладамі на паўторных парламенцкіх выбарах. Па гэтай акрузе балаціраваўся лідэр БСДП (НГ) Мікалай Статкевіч. Паводле афіцыйных звестак, ён заняў трэцяе месца і не прайшоў у другі тур. Аднак выбарчы штаб Статкевіча мае шматлікія прамыя і ўскосныя доказы фальсіфікацый, і некаторыя з іх прыведзены ў гэтай улётцы. "Улада пайшла на самыя грубыя і адкрытыя фальсіфікацыі, не меўшыя аналагаў у сучаснай гісторыі Беларусі", - гаворыцца ў звароце Статкевіча да выбаршчыкаў 107-й Каліноўскай акругі. Потым прыводзяцца шматлікія факты выяўленых парушэнняў. Перадвыбарны штаб Статкевіча класіфікаваў іх па групах - гэта прымушэнне да папярэдняга галасавання з наступнай падменай скрыняў, фальсіфікацыя ў дзень галасавання (выдача ў адны рукі некалькіх бюлетэняў), парушэнні пры працэдуры падліку галасоў, падробка пратаколаў участковых выбарчых камісій і іншыя парушэнні. "Усё разам узятае, - адзначаецца ў звароце, - дае магчымасць адміністрацыі кантраляваць сітуацыю і забяспечваць любы вынік выбараў... Улада на працягу мясцовых, парламенцкіх і паўторных выбараў рыхтавалася да галоўных (прэзідэнцкіх) выбараў, адпрацоўвала механізм фальсіфікацыі і трэніравала выканаўцаў. Адбываўся адбор членаў камісій, іх навучалі выконваць каманды... Створана сістэма, калі падлік галасоў фактычна не патрэбны і можна зараней аб'яўляць вынік. Паўторныя выбары былі генеральнай рэпетыцыяй перад прэзідэнцкімі. І гэтая рэпетыцыя паказала, што "вертыкаль" здольная на масавыя фальсіфікацыі і гатова забяспечыць любы вынік". Тым не менш, лічаць аўтары ўлёткі, удзел у выбарах прыхільнікаў дэмакратычных перамен дазволіў паказаць людзям усю сутнасць цяперашняй улады на канкрэтных фактах. Стаў вядомы механізм фальсіфікацыі, і значыць, ёсць магчымасць супрацьстаяць яму.