Хроніка
КАМПАРТЫЯ БЕЛАРУСІ НЕ ЗАДАВОЛЕНА ВЫНІКАМІ ПАЎТОРНЫХ ВЫБАРАЎ
2001-03-21 16:52:00
Аўтар: Юрый ПАЦЁМКІН, БелаПАН.
Мінск, 21 сакавіка. Камуністычная партыя Беларусі (КПБ) не задаволена вынікамі паўторных выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі. Пра гэта БелаПАН заявіў кіраўнік справамі Цэнтральнага камітэта партыі Леанід Школьнікаў.
Паводле ягоных слоў, з сямі кандыдатаў, якіх партыя выставіла на выбары, ні адзін не выйшаў нават у другі тур галасавання. Нагадаем, што восенню 2000 года КПБ атрымала 6 дэпутацкіх мандатаў.
КПБ, адзначыў Школьнікаў, лічыць, што "Адміністрацыя прэзідэнта дэзінфармуе прэзідэнта аб якасці правядзення выбарчай кампаніі". Паводле слоў кіраўніка справамі, падчас выбарчай кампаніі былі дапушчаны "наўмысныя парушэнні Выбарчага кодэкса".
Леанід Школьнікаў не выключае, што ўсё гэта зроблена для дыскрэдытацыі кіраўніка дзяржавы, як гаранта выканання канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян напярэдадані прэзідэнцкіх выбараў.