Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары ў Нацыянальны сход 2000 года
 
Хроніка

КАЛЯ 20 ПРАЦЭНТАЎ ВІЦЕБСКІХ ВЫБАРШЧЫКАЎ НЕ ДАВЯРАЮЦЬ НІВОДНАМУ З ЦЯПЕРАШНІХ КАНДЫДАТАЎ У ДЭПУТАТЫ ПАЛАТЫ ПРАДСТАЎНІКОЎ


2001-03-21 14:47:00

Аўтар: Леанід СІМАНАЎ, БелаПАН.

Віцебск, 21 сакавіка. Удзельнікі Віцебскай каардынацыйнай рады дэмакратычных сіл (КРДС) выказваюць сумненне ў поспеху паўторных выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па мясцовых выбарчых акругах. На пасяджэнні КРДС вечарам 20 сакавіка, у прыватнасці, зазначалася, што другі тур галасавання можа расчараваць тых, хто сёння задаволены першымі вынікамі. Бо з 74 працэнтаў выбаршчыкаў, якія прыйшлі на выбары на працягу 6 дзён галасавання, каля 20 працэнтаў (гэта як ніколі раней шмат) прагаласавалі "супраць усіх". Такім чынам, у параўнанні з восеньскімі выбарамі колькасць тых, хто не давярае ніводнаму з прэтэндэнтаў на ролю парламентарыя, узрасла на парадак. У другім туры гэтыя 20 працэнтаў могуць спыніць таго, хто на папярэднім этапе атрымаў крыху больш за чвэрць галасоў "за". Удзельнікі КРДС гаварылі аб неабходнасці азнаёміць грамадскасць з фактамі фальсіфікацыі і іншых парушэнняў выбарчага заканадаўства. Будуць выдадзены адмысловыя ўлёткі, пра гэта таксама мяркуецца гаварыць 25 сакавіка на гарадскім мітынгу апазіцыі з нагоды 83-й гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Вечарам 20 сакавіка прайшла і нарада мясцовага каардынацыйнага савета па назіранню за выбарамі, аднак прэса на яе не дапускалася.