Хроніка
У 107-Й ВЫБАРЧАЙ АКРУЗЕ МІНСКА ВЫЯЎЛЕНЫ ФАКТЫ ГРУБАГА ПАРУШЭННЯ ВЫБАРЧАГА ЗАКАНАДАЎСТВА
2001-03-18 18:44:00
Аўтар: Юрый ПАЦЁМКІН, БелаПАН.
Мінск, 18 сакавіка. У 107-й Каліноўскай выбарчай акрузе Мінска падчас паўторных выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу выяўлены факты грубага парушэння выбарчага заканадаўства.
Як паведаміў БелаПАН кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па гэтай акрузе, лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікалай Статкевіч, на выбарчым участку № 524 выяўлены факт, калі прыйшоўшы прагаласаваць выбаршчык выявіў, што па дакументах участковай камісіі ён ужо ўзяў удзел у галасаванні. На 512-м участку, паводле слоў Статкевіча, адзін з выбаршчыкаў заўважыў, што ў спісе выбаршчыкаў у якасці прагаласаваўшых фігурыруюць яго суседзі, якія выпісаліся некалькі месяцаў таму з кватэры. Акрамя таго, выяўлены факты хаджэння членаў выбарчых камісій са скрынямі для галасавання па кватэрах.
Зараз, паводле слоў лідэра БСДП (НГ), ідзе "масавае ўкідванне сфальсіфіцыраваных на карысць кандыдатаў ад улады выбарчых бюлетэняў".
Тым не менш, паводле звестак лідэра сацыял-дэмакратаў, пакуль ён узначальвае кандыдацкую гонку, апярэджваючы двух сваіх асноўных канкурэнтаў - намесніка кіраўніка адміністрацыі Першамайскага раёна сталіцы Людмілу Бур'як і прадпрымальніка Андрэя Нарэйку.
Паводле звестак Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў па стану на 16.00 яўка выбаршчыкаў у 107-й Каліноўскай акрузе Мінска склала 50,6 працэнта. Гэта самы нізкі паказчык ў усіх 13-ці акруг, дзе сёння праходзяць паўторныя выбары.