Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары ў Нацыянальны сход 2000 года
 
Хроніка

ПАВОДЛЕ ЗВЕСТАК ВІЦЕБСКІХ ПРАВААБАРОНЦАЎ, НА ДАВЫБАРАХ У ПАРЛАМЕНТ ПАРУШАЕЦЦА КАНСТЫТУЦЫЙНЫ ПРЫНЦЫП, ЗГОДНА З ЯКІМ "ВЫБАРЫ З'ЯЎЛЯЮЦЦА СВАБОДНЫМІ"


2001-03-16 20:28:00

Аўтар: Леанід СІМАНАЎ, БелаПАН.

Віцебск, 16 сакавіка. Паводле звестак Віцебскага аддзялення Беларускага Хельсінкскага камітэта, на паўторных выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў парушаецца канстытуцыйны прынцып, згодна з якім "выбары з'яўляюцца свабоднымі". Па Канстытуцыі, нагадваюць віцебскія праваабаронцы, "выбаршчык асабіста вырашае, ці браць яму ўдзел у выбарах". Аднак яны валодаюць звесткамі, што, напрыклад, дырэктарам школ рэкамендавана правесці бацькоўскія сходы менавіта ў перыяд датэрміновага галасавання. Бацькоў просяць з'явіцца з пашпартамі. Пасля гутаркі аб паспяховасці дзяцей грамадзян скіроўваюць да выбарчых урнаў. Паводле аператыўных звестак віцебскіх праваабаронцаў, датэрміновая яўка на размешчаныя ў школах выбарчыя ўчасткі на парадак перавышае ўзровень, які назіраўся тут жа мінулай восенню. Ёсць звесткі, што ініцыятыва такой арганізацыі выбараў належыць не выбарчым камісіям, а выканаўчай уладзе. Аддзяленне БХК валодае сведчаннямі выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу для забеспячэння датэрміновага галасавання 20-25 працэнтаў выбаршчыкаў.