Хроніка
ВЫШЭЙШЫ ГАСПАДАРЧЫ СУД ПРЫНЯЎ ДА РАЗГЛЯДУ ІСК БЕЛАРУСКАГА ХЕЛЬСІНКСКАГА КАМІТЭТА ДА ЦЭНТРВЫБАРКАМА
2001-03-16 19:27:00
Аўтар: Генадзь БАРБАРЫЧ, БелаПАН.
Мінск, 16 сакавіка. 16 сакавіка Вышэйшы гаспадарчы суд Рэспублікі Беларусь прыняў да разгляду іскавую заяву грамадскага аб'яднання "Беларускі Хельсінкскі камітэт" да Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў Рэспублікі Беларусь.
У іску БХК ставіцца пытанне аб прызнанні несапраўднымі "ненарматыўных актаў дзяржаўнага органа". Гэта значыць, праваабарончая арганізацыя просіць Вышэйшы гаспадарчы суд Рэспублікі Беларусь разгледзець адмову Цэнтрвыбаркама дапусціць назіральнікаў БХК на пасяджэнні гэтай камісіі, а таксама адмову растлумачыць працэдуру рэгістрацыі членаў ініцыятыўнай групы кандыдата, выдачы адпаведных пасведчанняў і шэраг іншых пытанняў, звязаных з растлумачэннем заканадаўства аб выбарах.
Вось што патлумачыў карэспандэнту БелаПАН намеснік старшыні БХК, вядомы адвакат Гары Паганяйла: "Мы лічым не адпаведнай закону пазіцыю ЦВК, праяўленую ў адказах яе старшыні Лідзіі Ярмошынай аб тым, што ўсе растлумачэнні дзеючага заканадаўства і прапановы па тлумачэнню закона будуць рабіцца толькі пасля прызначэння Палатай прадстаўнікоў прэзідэнцкіх выбараў". Намеснік старшыні Беларускага Хельсінкскага камітэта лічыць, што гэта звязвае праваабаронцам рукі. "Атрымліваецца, мы павінны чакаць абвяшчэння выбараў, і толькі тады Цэнтральная камісія патлумачыць нам артыкулы, якія выклікаюць рознае тлумачэнне. Гэта яўна незаконныя дзеянні ЦВК, і падобныя іх акты мы просім суд прызнаць несапраўднымі з моманту іх прыняцця", - сказаў Паганяйла.
Апрача таго, у адным з апошніх лістоў старшыня Цэнтрвыбаркама нагадала Беларускаму Хельсінкскаму камітэту, што дзейнасць па правядзенню навучальных семінараў для назіральнікаў, ажыццяўляемая з выкарыстаннем фінансавай дапамогі замежных дзяржаў, грамадзян або фондаў, з'яўляецца антыканстытуцыйнай. Гэта нібыта з'яўляецца падставай для таго, каб рэгіструючы орган узбудзіў супраць грамадскага аб'яднання іск аб ліквідацыі. "Падобныя сцвярджэнні цалкам у духу прэзідэнцкага дэкрэта "Аб некаторых мерах па ўдасканальванню парадку атрымання і выкарыстання замежнай бязвыплатнай дапамогі", - сказаў Паганяйла. - Мы таксама паспрабуем аспрэчыць іх у судзе. Мы лічым, што дзейнасць па падрыхтоўцы назіральнікаў на выбары не ўваходзіць у рамкі выбарчага працэсу, а таму нельга ставіць пытанне аб забароне фінансавання падобных мерапрыемстваў з боку фізічных, юрыдычных асоб іншых дзяржаў. Наадварот, спробы ўладаў перашкодзіць падрыхтоўцы назіральнкаў з'яўляюцца беззаконнасцю і самавольствам".