Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары ў Нацыянальны сход 2000 года
 
Хроніка

МАЛАДЗЁЖНАЯ ДЭМАКРАТЫЧНАЯ ІНІЦЫЯТЫВА ЗАКЛІКАЕ ВЫБАРШЧЫКАЎ ПРЫЙСЦІ 18 САКАВІКА НА ВЫБАРЧЫЯ ЎЧАСТКІ


2001-03-14 11:40:00

Аўтар: Аляксей АРЭШКА, БелаПАН.

Мінск, 14 сакавіка. Савет Маладзёжнай дэмакратычнай ініцыятывы (МДІ) звярнуўся да грамадзян Беларусі з заклікам прыйсці на выбарчыя ўчасткі 18 сакавіка, у дзень паўторных выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Зварот накіраваны, у тым ліку, тым грамадзянам, якія ўвосень мінулага года свядома байкатавалі парламенцкія выбары. У ім адзначаецца: "Нягледзячы на негатыўнае ўспрыяцце Палаты прадстаўнікоў сусветнай грамадскасцю, гэтаму органу нададзены фактычныя паўнамоцтвы прымаць законы, якія дзейнічаюць на ўсёй тэрыторыі краіны. Таму адсутнасць у Палаце прадстаўнікоў дэмакратычна арыентаванага дэпутата не дазволіць пры распрацоўцы і прыняцці законапраектаў улічваць меркаванне дастаткова вялікай часткі грамадства". Варта адзначыць, што старшыня Савета грамадскай арганізацыі "Маладзёжная дэмакратычная ініцыятыва" Юрый Васкрасенскі зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па 105-й выбарчай акрузе горада Мінска. Маладзёжная дэмакратычная ініцыятыва была створана летась намаганнямі былых лідэраў шэрагу найбуйнейшых маладзёжных аб'яднанняў - Беларускага саюза моладзі, Ленінскага камуністычнага саюза моладзі Беларусі (яго якраз і ўзначальваў Юрый Васкрасенскі), Беларускай сацыял-дэмакратычнай моладзі "Маладая Грамада" і некаторых іншых арганізацый. Мэтай дзейнасці МДІ з'яўляецца садзейнічанне ў пабудове ў Беларусі грамадства, заснаванага на прынцыпах свабоды, дэмакратыі і няўскоснага выканання правоў чалавека.