КОЖНЫ З ТРОХ СУБ'ЕКТАЎ ВЫБАРЧАЙ КАМПАНІІ Ў БЕЛАРУСІ МАЕ ШАНЕЦ ДАКАЗАЦЬ СВАЮ ПРАЎДУ
2000-09-19
Аўтар: Уладзімір ГЛОД, журналіст
Рашэнне трэцяй тэхнічнай канферэнцыі ў Вене, дзе эксперты,
якія прадстаўляюць АБСЕ, Парламенцкую асамблею АБСЕ, Бюро па дэмакратычных інстытутах
і правах чалавека (БДІПЧ) - структурнае падраздзяленне АБСЕ, Еўрапарламент і
шэраг іншых міжнародных арганізацыяй, рэкамендавалі накіраваць у Беларусь місію
тэхнічнай ацэнкі сітуацыі пад эгідай БДІПЧ АБСЕ, спачатку моцна засмуціла прадстаўнікоў
палітычнай апазіцыі, якія меркавалі, што на "выбарчы фарс" нельга нікога накіроўваць.
Аднак, думаецца, гэта паспешлівая выснова. Венскае рашэнне, на мой погляд, аказалася
па-сапраўднаму мудрым…
Рашэнне трэцяй тэхнічнай канферэнцыі ў Вене, дзе эксперты,
якія прадстаўляюць АБСЕ, Парламенцкую асамблею АБСЕ, Бюро па дэмакратычных інстытутах
і правах чалавека (БДІПЧ) - структурнае падраздзяленне АБСЕ, Еўрапарламент і
шэраг іншых міжнародных арганізацыяй, рэкамендавалі накіраваць у Беларусь місію
тэхнічнай ацэнкі сітуацыі пад эгідай БДІПЧ АБСЕ, спачатку моцна засмуціла прадстаўнікоў
палітычнай апазіцыі, якія меркавалі, што на "выбарчы фарс" нельга нікога накіроўваць.
Аднак, думаецца, гэта паспешлівая выснова. Венскае рашэнне, на мой погляд, аказалася
па-сапраўднаму мудрым…
І на самой справе, уявім, што міжнародныя структуры пастанавілі - у Беларусь
на парламенцкія выбары нікога не пасылаць. Якая б была рэакцыя на такі падыход
беларускіх уладаў? Амаль беспамылкова можна меркаваць, што яны папросту б расперазаліся.
Калі міжнародныя арганізацыі апрыоры не прызнаюць вынікаў выбараў, не адпраўляючы
ў Беларусь сваіх прадстаўнікоў, які сэнс выконваць хаця б мінімум прыстойнасці?
У такім выпадку абранне Палаты прадстаўнікоў ператвараецца сапраўды ў цалкам
унутраную справу Беларусі і няма аніякай неабходнасці прытрымлівацца правілаў
правядзення такой важнай кампаніі.
Прынцыпова іншы падыход, гэта значыцца адпраўка прадстаўнікоў міжнародных структур
і арганізацый у рангу міжнародных назіральнікаў, азначаў бы, па-першае, відавочную
саступку міжнароднай супольнасці Аляксандру Лукашэнку. А па-другое, як ні дзіўна
гэта можа падавацца, зноў-такі развязваў бы рукі ўладам. Справа ў тым, што адпраўка
назіральнікаў у рангу міжнародных практычна аўтаматычна азначае прызнанне выбараў
дэмакратычнымі і свабоднымі. Усе выбарчыя кампаніі апошніх гадоў у розных краінах,
уключаючы і рэспублікі былога СССР, паказваюць, што калі на іх прысутнічаюць
міжнародныя назіральнікі, нягледзячы на ўсе дапушчаныя парушэнні і фальсіфікацыі,
вынікі выбараў няхай і неахвотна, але залічваюцца. І гэта ў дадзенай сітуацыі
таксама працавала на беларускія ўлады.
А вось рэальнае венскае рашэнне паставіла беларускае кіраўніцтва ў "падвешаны
стан". Цяпер яму ёсць над чым паламаць галаву, бо варыянтаў далейшых дзеянняў
шмат, а выбраць трэба лепшы. Як зрабіць - запаліць "чырвонае святло" прадстаўнікам
дэмакратычных сіл, выкарыстоўваючы, як цяпер модна казаць, адміністрацыйны рэсурс?
Або ўсё ж лепш прапусціць іх у Палату? І калі так, то каго персанальна? І ці
расчышчаць дарогу "сваім" - кандыдатаў з прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі?
Зразумела, што там, дзе існуе магчымасць выбару, прапарцыянальна і ўзрастае
магчымасць памыліцца. Да таго ж ва ўрадавым лагеры ёсць людзі, якія маюць розны
погляд на згаданыя пытанні, і барацьба паміж імі па-свойму цікавая.
Венскае рашэнне зафіксавала сур'ёзнае змяненне ў канфігурацыі палітычных сіл,
якое адбылося ў Беларусі ў апошні месяц. Калі раней на палітычным полі актыўна
дзейнічалі па сутнасці дзве сілы, якія супрацьстаялі адна адной (афіцыйныя ўлады
і апазіцыя), то зараз такіх сіл тры. Апазіцыя раздзялілася на дзве часткі -
тую, якая бярэ ўдзел у выбарах, і тую, якая іх байкатуе.
І найвышэйшая мудрасць рашэння ў Вене, на мой погляд, якраз і заключаецца ў
тым, што кожнай з трох сіл даецца шанец даказаць сваю правату.
Улады, якія на ўсіх форумах сцвярджаюць аб поўнай падтрымцы насельніцтвам сваёй
палітыкі, могуць пацвердзіць гэта вынікамі выбараў у Палату прадстаўнікоў. Але
зрабіць гэта трэба так, каб пазбегнуць папрокаў у фальсіфікацыі і махлярстве.
А гэта вельмі і вельмі няпроста, хаця б таму, што значная частка насельніцтва
ўпэўненая: без падтасоўкі вынікаў у Беларусі не абыйдзецца. Напрыклад, 15 верасня
кіраўнік сацыялагічнай лабараторыі "Новак" Андрэй Вардамацкі на чарговай прэзентацыі
маніторынгу прывёў такія звесткі: на пытанне "Як вы думаеце, ці будуць дапушчаныя
факты махлярства пры падліку галасоў на маючых адбыцца парламенцкіх выбарах?"
31,6 працэнта апытаных адказалі: "Так, і значныя". Яшчэ 37,4 працэнта адказалі:
"Так, але нязначныя". Калі да гэтага дадаць, што 17,9 працэнта рэспандэнтаў
было цяжка адказаць, то атрымліваецца, што абсалютная большасць апытаных не
вераць у сумленнасць маючых адбыцца выбараў.
Прыхільнікі байкоту, калі яны здолеюць правесці прызначаную акцыю, безумоўна,
павысяць свой рэйтынг як за мяжой, гэтак і ўнутры краіны. Паспяховым завяршэннем
байкоту яны дакажуць правату свайго падыходу, а значыць і давер да іх узрасце.
І ў гэтым шанец той часткі апазіцыі, якая ігнаруе выбары ў Палату прадстаўнікоў.
Нарэшце, і прадстаўнікі апазіцыі, якія бяруць удзел у выбарах, могуць пераканаць
у правільнасці свайго разумення сітуацыі. Зразумела, калі яны пройдуць у Палату прадстаўнікоў і складуць там сваю фракцыю, цэнтр палітычнай апазціыі перамесціцца менавіта туды. А гэта азначае перахоп ініцыятывы ў цяперашніх апазіцыйных лідэраў.
Паўтаруся, рашэнне, прынятае ў сталіцы Аўстрыі, адкрывае рэальныя магчымасці
для ўсіх трох суб'ектаў цяперашняй выбарчай кампаніі ў Беларусі. Цяпер усё залежыць ад таго, хто як здолее распарадзіцца сітуацыяй.