Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары ў Нацыянальны сход 2000 года
 
Аналітыка

ТАК ЗВАНЫЯ "БУЙНЫЯ ПЕРАДВЫБАРНЫЯ ІНІЦЫЯТЫВЫ" ЛУКАШЭНКІ НОСЯЦЬ ДЭКАРАТЫЎНА-ПРАПАГАНДЫСЦКІ ХАРАКТАР


2000-08-21

Афіцыйная беларуская прэса шырока рэкламуе пасланне Аляксандра Лукашэнкі генеральнам сакратару Савета Еўрапейскага саюза Хаўеру Салане і дзеючаму старшыні АБСЕ - міністру замежных спраў Аўстрыі Беніце Ферэра-Вальднер. Датаванае 11 жніўня, яно, як спрабуюць прадставіць прапагандысты, адлюстроўвае імкненне беларускага народа зрабіць сур'ёзныя крокі насустрач патрабаванням Еўропы і ўнутранай апазіцыі адносна стварэння ўмоў для цывілізаваных, дэмакратычных выбараў у парламент, якія мяркуецца правесці 11 кастрычніка.

Аднак элементарны аналіз паказвае, што ўлада ў чарговы раз блефуе.

Такім чынам, Аляксандр Лукашэнка перад тварам аўтарытэтных міжнародных арганізацый ўрачыста заявіў наступнае:

- у склад Цэнтральнай выбарчай камісіі будуць уведзены з правам дарадчага голаса прадстаўнікі палітычных партый, што вылучылі кандыдатаў у дэпутаты;

- усе зарэгістраваныя кандыдаты ў дэпутаты незалежна ад іх палітычнай арыентацыі атрымаюць на роўных падставах бясплатны эфірны час на дзяржаўным тэлебачанні для выкладання сваіх палітычных платформ;

- ён, прэзідэнт, асабіста гарантуе выкананне перыяду даверу падчас падрыхтоўкі і правядзення выбараў і ад імя кіраўніцтва Беларусі бярэ абавязацельства не пагаршаць умоў дзейнасці грамадскіх арганізацый, палітычных партый і груп, уключаючы апазіцыю, свабодныя прафсаюзы і незалежныя СМІ;

- пашырэнне функцый парламента з'яўляецца неад'емнай часткай грамадскіх працэсаў, што развіваюцца ў Беларусі, і гэта будзе адным з кірункаў працы новага парламента.

А цяпер раскладзем усё па паліцах.

Першае. У Цэнтрвыбаркам, хутчэй за ўсё, могуць увайсці прадстаўнікі толькі тых партый, якія лічацца апазіцыйнымі з вялікай нацяжкай. Напрыклад, прадстаўнікі ПКБ - кампартыі пад кіраўніцтвам Сяргея Калякіна. Яна хаця і апынулася ў апале, калі разышлася паводле шэрагу пазіцый з "дабранадзейнымі" камуністамі Віктара Чыкіна, але прапаведуе тыя ж пастулаты адміністратыўнага сацыялізму, на якіх базуецца цяперашні рэжым. Касцяк жа апазіцыі, як вядома, схіліўся да тактыкі байкоту выбараў. І таму партыі, што задавалі тон на ліпеньскім Кангрэсе дэмакратычных сіл, дзе ў адносінах да выбараў была сфармулявана жорсткая пазіцыя, у Цэнтрвыбаркаме, відаць, прадстаўлены не будуць. (Іншая справа, што ў стане самой апазіцыі, якая паспяшалася назваць сябе аб'яднанай, намеціўся раскол з-за рашэння шэрагу яе прадстаўнікоў уключыцца-такі ў перадвыбарную гонку. Але гэта ўжо асобная тэма).

Далей. Спецыфіка працы Цэнтральнай выбарчай камісіі такая, што істотна паўплываць на ход і вынікі выбараў гэтая інстанцыя не можа. Там маюць справу толькі з лічбамі, атрыманымі з абласцей. А як лічылі галасы на месцах - адзін Бог ведае… І нават калі камісія ўстановіць па сігналах з месцаў факты асобных парушэнняў, па вялікім рахунку гэта нічога не зменіць: у цэлым выбары будуць прызнаныя адбыўшыміся.

Што датычыца эфірнага часу, то яго, відаць, і сапраўды дадуць усім кандыдатам. Іншае проста не лезла бы ні ў якія вароты - нават 2 "трыумфальную арку" беларускай дэмакратыі. Але хто ўлічыць той эфірны час, на працягу якога паслужлівыя каментатары дзяржаўнага тэлебачання будуць абліваць брудам няўгодных прэтэндэнтаў на мандаты і да нябёс узносіць тых, хто лаяльны да ўладаў? А такая методыка - калі пасля выступлення апазіцыянера на яго выліваюць з экрана цэбар раней назапашаных памыяў - на БТ, як мы неаднойчы бачылі, адпрацавана дасканала.

Накошт перыяду даверу можна прагназаваць наступнае. Так, рэжым, сціснуўшы сэрца, на нейкі час устрымаецца ад зусім ужо адыёзных разборак з апанентамі - калі іх "настаўляюць да розуму" амапаўцы з дубінкамі… Дарэчы, "галубы" з акружэння Лукашэнкі даўно кажуць : фі, ну, навошта так груба, калі ёсць больш тонкія тэхналогіі!.. І сапраўды, як добра спрацаваў на дыскрэдытацыю апазіцыі і пасрэдніцкіх намаганнях Захаду адзін толькі ліха закручаны сюжэт з былым міліцыянерам Батурыным! Дарэчы, не абавязкова кожны раз праяўляць такую творчую фантазію. У рэжыма вялізны вопыт пляжання няўгодны асоб і структур абсалютна руціннымі бюракратычнымі метадамі - ад валакіты з прастаўкай у пашпарт штампа для выезду за мяжу да бясконцых перарэгістрацый партый і СМІ, падатковых катаванняў, дамоклава мяча папярэджанняў з Міністэрства юстыцыі і Дзяржкамдруку. Наогул, цэлы арсенал фармальна зусім не палітычных прыёмчыкаў, каб неба ў аўчынку падалося.

Такім чынам, абавязацельства ўсяго толькі не пагаршаць умоў для апазіцыі выклікае горкую іронію: куды ўжо горш! Аб умацаванні гэтак званага клімату даверу - скажам, шляхам вызвалення тых, каго ў дэмакратычным лагеры аб'явілі палітычнымі вязнямі, - размовы не ідзе.

І нарэшце, аб межах, у якіх магчыма пашырэнне функцый парламента пры гэтым прэзідэнце, ён сам даў зразумець да ўзгаданага паслання, падчас паездкі па Гродзенскай вобласці. У дэмакратычным парыве беларускі лідэр амаль паабяцаў, што калі-небудзь парламент атрымае права даваць згоду на прызначэнне паслоў. Можна сказаць, атракцыён нечуванай шчодрасці ў плане падзелу ўладных паўнамоцтваў!
Ітак, у наяўнасці экаратыўнасць "буйных перадвыбарных ініцыятыў", Відаць, у акружэнні прэзідэнта даюць сабе справаздачу ў тым, што Еўропа на гэтую прынаду не клюне. Таму пасланне хутчэй за ўсё рыхтуе глебу для прапагандысцкіх спекуляцый пасля таго, як Захад афіцыйна заявіць, што назіральнікаў на выбары ўсё роўна не прышле. Вось тады і пачнецца: мы, маўляў, з адкрытай душой, а яны - са сваімі двайнымі стандартамі!

Іншая справа, што пасланне адлюстроўвае і ўнутраны страх кіраўніка. Колькі б ні заяўлялася, што выбары робяцца не для замежных дзядзькоў, а для свайго народу, аднак з-за боязі перад прывідам нелігітымнасці зноў абранага парламента не адкруцішся… Прычым відавочнае незадавальненне можа выказаць не толькі Захад, з якім і так ўсё зразумела, але і Крэмль, якому надакучыла слухаць папрокі за патуранне аўтарытарнаму беларускаму рэжыму.

І ўжо зусім, напэўна, не па сабе ад думкі, што гэтае незадавальненне спраецыруецца на маючыя адбыцца прэзідэнцкія выбары. Бо вядома, наколькі ў залежнасці цяперашні беларускі лідэр ад Масквы. Ва ўсіх сэнсах.

Так што ён працягвае лавіраваць. І гэтае пасланне, хутчэй за ўсё, зусім не апошні манеўр такога кшталту.