ЧАСТКА АПАЗІЦЫІ ЗАДУМАЛА АПЕРАЦЫЮ ПАД НАЗВАЙ "БАЙКОТ-2000"
2000-08-22
Днямі палітычныя дзеячы, што называюць сябе аб'яднанай
беларускай апазіцыяй, абвясцілі аб сваіх планах на бліжэйшую восень. Сцэнарый
палітычнай барацьбы, агучаны лідэрам Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатолем
Лябедзькам, можна коратка назваць "Байкот-2000".
Комплекс мер, накіраваных на зрыў асенніх парламенцкіх выбараў, закліканы, безумоўна,
зрабіцца самым важным звёнам новага палітычнага праекта апазіцыі, разлічанага
на 2001 год. Гэты праект можна ўмоўна назваць "Адзіны кандыдат". Таму апазіцыйныя
лідэры разглядаюць маючыя адбыцца парламенцкія выбары як першы этап падрыхтоўкі
да выбараў прэзідэнта краіны. Зыходзячы з гэтага, галоўным вынікам восені-2000
мусіць зрабіцца аслабленне пазіцый Аляксандра Лукашэнкі напярэдадні самай важнай
для яго выбарчай кампаніі. Калі дэмакратычнай апазіцыі удасца захаваць ў сваіх
руках палітычную ініцыятыву, гэта спрыяльна адаб'еца на раскладзе палітычных
сіл напярэдадні выбараў.
"Гарачая восень-2000", паводле абяцанняў аб'яднаных апазіцыянераў, распачнеца
з месца ў кар'ер 1 верасня не надта зразумелай акцыяй па зборы подпісаў у падтрымку
чатырох патрабаванняў апазіцыі і АБСЕ, што датычацца стварэння ў Беларусі ўмоў
для свабодных і дэмакратычных выбараў. Незразумелая такая рэакцыя ў першую чаргу
таму, што самі арганізатары не ведаюць, як вызначыць статус гэтага мерапрыемства.
Заявіўшы напачатку аб правядзенні агульнанацыянальнага рэферэндума, яны, тым
не менш, нават не падумалі выканаць устаноўленыя заканадаўствам юрыдычныя нормы
адносна яго арганізацыі і правядзення. Цяпер арганізатары знайшлі свайму дзецяці
нейкае новае імя -- "народны рэферэндум".
Падобна, як бачна, ужо ўстаялым словаспалучэнням накшталт "народнага радыё"
або "народнай маркі". У гэтай сувязі можна прыгадаць яшчэ адну "народную" кампанію,
арганізаваную, дарэчы, тады яшчэ адзіным Беларускім народным фронтам -- кампанію
афармлення грамадзянства Беларускай Народнай Рэспублікі. Яна, дарэчы, і па гэты
дзень ідзе. Ды толькі хто пра яе помніць? Таму яшчэ адна, няхай і народная,
акцыя, па ўсім відаць, таксама закончыцца безвынікова. Праўда, у адрозненне
ад ранейшых нацыянальных кампаній, гэта будзе насіць чыста прагматычны характар.
аб'яўлены збор подпісаў, хутчэй за ўсё, будзе толькі маніторынгам грамадскай
думкі, які пасля аб'яўлення даты прэзідэнцкіх выбараў дазволіць актывістам апазіцыі,
у выпадку наяўнасці адзінага кандыдата, прабегчыся па ўжо вядомых адрасах і
набраць сто тысяч подпісаў, неабходных для яго вылучэння.
І ўсё ж, як звычайна, найбольш буйнамаштабнымі і маючымі шырокі грамадскі рэзананс
мерапрыемствамі, што арганізуе апазіцыя, застануцца вулічныя акцыі пратэсту.
У адрозненне ад мінулага года, які запомніўся адным "Маршам Свабоды", за гэты
восеньскі палітычны сезон апазіцыя мае намер правесці як мінімум тры буйныя
акцыі пратэсту. Акрамя ўжо традыцыйнага "Марша Свабоды", які намечаны на 1 кастрычніка,
дэмакраты збіраюцца прапанаваць сваім прыхільнікам навінку -- агульнарэспубліканскую
акцыю пратэсту. Акцыя з агульнай назвай "Выбарам -- так! Фарсу -- не!" павінна
прайсці 8 кастрычніка адначасова ва ўсіх абласцях Беларусі. Рэгіянальныя акцыі
-- рэч не новая. Яны штогод праводзяцца ў розных гарадах Беларусі і, як правіла,
не прыцягваюць вялікай ўвагі прэсы. Аднак на гэты раз, здаецца, апазіцыя мае
намер усур'ёз заняцца рэгіёнамі і нават наладзіць каардынацыю дзеянняў у іх.
Увогуле ў асенней кампаніі дэмакраты абяцаюць задзейнічаць 22 горада з насельніцтвам
звыш за 50 тысяч чалавек.
Магчыма, самая гарачая і напружаная асенняя акцыя адбудзецца 14 кастрычніка,
напярэдадні першага тура выбараў. Праўда, канчатковае рашэнне аб яе мэтазгоднасці
пакуль не прынята.
Акрамя таго, восенню дэмакраты маюць намер яшчэ раз прадэманстраваць сваю блізкасць
да народа і правесці сацыяльную акцыю пратэсту. Дапамагаць ім у гэтым будуць,
відавочна, прафсаюзы, на якія апошнім часам таксама ўзмацніўся ціск уладаў і
пасыпаліся абвінавачанні ў нежаданні канструктыўна з імі супрацоўнічаць.
Усе гэтыя акцыі, як адзначалася раней, будуць спалучацца з "актыўным байкотам"
выбараў. Падобны шырокамаштабны наступ апазіцыі павінен, па задуме яго лідэраў,
пашырыць рады дэмакратаў і, самае галоўнае, зрабіцца важным этапам фарміравання
ў Беларусі трох альтэрнатыўных афіцыйным агульнанацыянальных сістэм -- інфармавання
грамадзян, распаўсюджвання гэтай інфармацыі і гарантавання асабістай бяспекі
актывістаў апазіцыі. Гэта, спадзяюцца яны, дазволіць пераламіць сітуацыю на
ўнутраным інфармацыйным рынку Беларусі і нават выйграць у Лукашэнкі інфармацыйную
вайну.
Праўда, як прызналіся самі прадстаўнікі апазіцыі, для гэтага вельмі важныя дзве
ўмовы -- стопрацэнтная кансалідацыя дзеянняў апазіцыі і недапушчэнне ўдзелу
міжнародных прадстаўнікоў у назіранні за парламенцкімі выбарамі. Аднак цяпер
прыходзіцца канстатаваць, што першая ўмова аказалася для дэмакратычных сіл невыканальнай
-- адзінай апазіцыі ўжо не існуе. Усе дэкларацыі і рашэнні Каардынацый рады
дэмакратычных сіл аб адзінай тактыцы на парламенцкіх выбарах засталіся толькі
на паперы. На практыцы ж ад кожнай партыі пачалі ўжо адгаліноўвацца вылучэнцы
ў парламент. Як прызнаюцца самі дэмакраты, колькасць такіх прэтэндэнтаў пераваліла
за 60. Гэта значыць, што тэарэтычна яны ўжо змогуць закрыць 60 выбарчых акруг
са 110. У той жа час частка апазіцыі, што засталася вернай прадэклараваным прынцыпам,
марна заклікае "аблудных" адмовіцца ад гэтай задумы. Але працэс пайшоў. А сфарміраваны
аптымістычнымі заявамі апазіцыйных лідэраў і растыражыраваны ў незалежных СМІ
міф аб адзінай беларускай апазіцыі раптам пачаў трашчаць па швах.
Як гэта часта бывае са штучна створанымі альянсамі разнародных па сваіх палітычных
поглядах і праграмных устаноўках палітычных суб'ектаў, яны не вытрымалі праверкі
выбарамі. І не такое яшчэ здарыцца, калі будзе дадзены старт прэзідэнцкай кампаніі.
Колькі тады ў нас будзе "адзіных" кандыдатаў?
Асенняя кампанія яшчэ не пачалася, але тое, што яна сапраўды будзе гарачай,
сумнявацца не даводзіцца. Прычым сітуацыя будзе не толькі нагнятацца па традыцыйнай
лініі апазіцыя -- улада, але і накаляцца ўнутры самой апазіцыі. Пра перспектывы
"Байкоту-2000" таксама гаварыць пакуль не даводзіцца, паколькі ў Беларусі па
традыцыі ўсё будзе залежыць ад збегу ў большай ступені знешне-, а не ўнутрыпалітычных
фактараў.