ЭНДРУ КАРПЕНТЭР: "БУДУЧАЕ БЕЛАРУСІ — У РУКАХ ЯЕ ГРАМАДЗЯН"
2000-09-04
Аўтар:
Склад кансультацыйна-назіральнай групы (КНГ) АБСЕ ў Беларусі
параўнальна нядаўна папоўніўся новым супрацоўнікам
Склад кансультацыйна-назіральнай групы (КНГ) АБСЕ ў Беларусі
параўнальна нядаўна папоўніўся новым супрацоўнікам, грамадзянінам Вялікабрытаніі
Эндру Карпентэрам, які прызначаны на пасаду палітычнага дарадцы. У структурах
АБСЕ ён працуе з 1996 года. Браў удзел у назіранні за 11 выбарамі і 2 рэферэндумамі
ў краінах АБСЕ. Да камандзіроўкі ў Беларусь працаваў у Косаве.
-- Спадар Карпентэр, мяркую, нашым чытачам будзе цікавая гутарка з такім
дасведчаным чалавекам на тэму выбараў, і ў прыватнасці аб працэдуры міжнароднага
назірання за імі...
-- Як мне падаецца, першае пытанне, на якое неабходна даць адказ, гэта: чаму
праводзіцца назіранне? Як правіла, адказ уключае ў сябе дзве высновы, кожная
з якіх адлюстраваная ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. У прыватнасці,
я хачу спаслацца на артыкул 21 дэкларацыі, прынятай ААН у 1948 годзе.
Частка першая абвяшчае: "Кожны чалавек мае права браць удзел у кіраванні сваёй
краінай непасрэдна або шляхам свабодна абраных прадстаўнікоў".
Частка другая сцвярджае, што "воля народа павінна з'яўляцца асновай улады ўрада,
гэтая воля павінна знаходзіць адлюстраванне ў перыядычных і нефальсіфікаваных
выбарах, якія павінны праводзіцца пры ўсеагульным і роўным выбарчым праве, шляхам
тайнага галасавання або шляхам іншых раўназначных формаў, якія б забяспечвалі
свабоднае галасаванне".
Апрача таго, я хачу дадаць, што перыядычныя нефальсіфікаваныя і свабодныя выбары
маюць вялікае значэнне ў забеспячэнні падтрымкі палітычных правоў, што адлюстравана
і закладзена ў аснову шэрагу іншых міжнародных дагавораў і канвенцый, гэткіх,
напрыклад, як Міжнародны пакт па грамадзянскіх і палітычных правах і Еўрапейская
канвенцыя аб абароне правоў чалавека.
Але гэта ўсяго толькі тэорыя. У якім жа стане гэтыя справы на практыцы? Я б
сказаў, што існуюць пяць асноўных прычын, чаму варта праводзіць назіранне:
- для прадухілення фальсіфікацый і запалохвання;
- для надання ўпэўненасці электарату на месцах;
- для ацэнкі выбарчага працэсу і яго вынікаў;
- для стварэння даверу да вынікаў выбараў на нацыянальным і міжнародным узроўні;
- для прадастаўлення рэкамендацый па паляпшэнні выбарчага працэсу.
У межах зоны дзеяння АБСЕ (часта пра яе кажуць "ад Ванкувера да Уладзівастока")
звод стандартаў утрымліваецца ў гэтак званым Капенгагенскім дакуменце. Гэты
дакумент, прыняты ў 1990 годзе, нярэдка называецца "Абавязацельствамі па АБСЕ".
Гэтыя абавязацельствы датычна выбараў могуць быць падсумаваныя ў сямі галоўных
для дэмакратычных традыцый словах: УСЕАГУЛЬНЫЯ, РОЎНЫЯ, СПРАВЯДЛІВЫЯ, ТАЙНЫЯ,
СВАБОДНЫЯ, АДКРЫТЫЯ, АДКАЗНЫЯ.
-- Сп. Карпентэр, да прыходу ў КНГ АБСЕ вы працавалі ў Бюро па дэмакратычных
інстытутах і правах чалавека АБСЕ (БДІПЧ) -- арганізацыі, пра дзейнасць якой
мала хто ведае. Не маглі б вы расказаць пра гэтую арганізацыю, яе галоўных задачах
і мэтах, ролі ў межах АБСЕ?
-- БДІПЧ з'яўляецца адной з апорных структур АБСЕ. Для таго каб перадаць сутнасць
БДІПЧ, існуе кароткі адказ: чалавечае вымярэнне. Што ж падразумяваецца пад гэтым
тэрмінам? Чалавечае вымярэнне ўключае ў сябе сферы дзейнасці чалавека -- або,
іншымі словамі, правы чалавека. Больш поўнае вызначэнне можна даць, разгледзеўшы
структуру БДІПЧ. Асноўныя напрамкі дзейнасці БДІПЧ уключаюць: выбары -- сферу
дзейнасці, якая зразумелая ўсім; дзейнасць па дэмакратызацыі грамадства, якая
скіравана на пабудову грамадзянскай супольнасці, на вырашэнне гендэрных праблем
і праблем, звязаных з міграцыяй насельніцтва, а таксама на пашырэнне верхавенства
закона.
Што прапануе БДІПЧ сямейству АБСЕ? БДІПЧ аказвае тэхнічную экспертную падтрымку,
якая ў форме рэкамендацый, што ўтрымліваюць вынікі тэхнічных ацэнак спецыялістаў
Бюро, ідзе ў Старшынства і Пастаянны савет АБСЕ.
-- Якая важкасць рэкамендацый БДІПЧ і ці з'яўляюцца яны абавязковымі для
АБСЕ?
-- Па-першае, БДІПЧ з'яўляецца неад'емнай часткай АБСЕ. Калі перад БДІПЧ ставіцца
задача, то гэта робіцца з ведама і пры падтрымцы ўсіх інстытутаў АБСЕ. Што тычыцца
абавязковасці рэкамендацый, то я хацеў бы зазначыць, што АБСЕ з'яўляецца арганізацыяй,
у якой рашэнні прымаюцца на аснове кансенсуса. Усе 54 краіны-удзельніцы АБСЕ
ўвайшлі ў яе паводле ўласнага жадання. Кожная з суверэнных дзяржаў прыняла рашэнне
аб уступленні ў АБСЕ, у сувязі з чым падпісала шэраг дэкларацый і абавязацельстваў.
Такім чынам, адной з задач АБСЕ з'яўляецца назіранне за выкананнем краінамі-удзельніцамі
абавязацельстваў у межах АБСЕ. Калі падчас назірання фіксуюцца прэцэдэнты невыканання
абавязацельстваў, то падыход АБСЕ скіраваны на аказанне дапамогі, а не на ізаляцыю
дзяржавы, якая не справілася з выкананнем сваіх абавязацельстваў. Гэты унікальны
падыход да пытанняў "чалавечага вымярэння" магчымы менавіта дзякуючы таму, што
ўсе рашэнні прымаюцца ў арганізацыі на падставе кансенсуса; гэта азначае, што
ніводная краіна-удзельніца не можа заявіць пра тое, што нейкія з абавязацельстваў
яе не тычацца. Такім чынам, падразумяваецца, што дзяржавы-члены будуць поўнасцю
выконваць свае абавязацельствы; у адваротным выпадку навошта было з самага пачатку
падпісваць іх? Такім чынам, любыя рэкамендацыі, зробленыя БДІПЧ або іншымі інстытутамі
АБСЕ, з'яўляюцца часткай агульнай сістэмы супрацоўніцтва, скіраванай на аказанне
дапамогі ў выкананні абавязацельстваў у межах АБСЕ.
-- Значыць, гэта трэба разумець усяго толькі як дружалюбны ўдзел, але не
як умяшанне ва ўнутраныя справы дзяржаў?
-- Менавіта так, у духу міжнародных дружалюбных стасункаў. Аб краінах гавораць
як пра суседзяў, таму падтрымка, якую аказвае АБСЕ дзяржавам-членам, выкарыстоўвае
рэсурсы гэтых жа краін -- падобна да суседзяў, якія аказваюць дапамогу тым,
хто жыве побач.
-- У нашай краіне некаторыя лічаць, што калі Еўропа не прышле назіральнікаў,
то вынікі выбараў будуць аўтаматычна не прызнаныя. Апазіцыя апасаецца, што,
калі міжнародныя структуры направяць, уключаючы АБСЕ, назіральнікаў, гэта паслужыць
фактарам прызнання выбараў. У якіх выпадках прымаецца рашэнне не накіроўваць
назіральнікаў і якія наступствы гэтага рашэння?
-- Давайце зададзімся пытаннем: пра што сведчыць накіраванне назіральнікаў?
Відавочна, што нічога агульнага з прызнаннем выбараў або з пытаннямі легітымнасці.
Усе гэтыя намаганні прадпрымаюцца ў супрацоўніцтве з прымаючым бокам. Беручы
пад увагу добраахвотны характар удзелу ў АБСЕ, першай умовай для правядзення
назірання за выбарамі або накіравання Місіі па ацэнцы з'яўляецца запрашэнне,
скіраванае Міністэрствам замежных спраў прымаючай краіны ў АБСЕ. Накіраванне
запрашэння сведчыць пра тое, што краіна-удзельніца імкнецца палепшыць існуючыя
для правядзення выбараў умовы. Цалкам лагічна меркаваць, што дзяржава наўрад
ці накіруе такое запрашэнне, калі не мае намеру палепшыць умовы для правядзення
выбараў. Усё гэта ажыццяўляецца ў духу супрацоўніцтва, з аналізам наяўнай сітуацыі
і пры наяўнасці жадання прымаючай краіны быць наведанай экспертамі па пытаннях
выбарчага права з мэтай вывучэння ўмоў для выбараў.
АБСЕ робіць заключэнне аб тым, ці існуюць мінімальныя ўмовы для правдзення свабодных
і празрыстых выбараў. Калі такія адсутнічаюць, то не можа быць і гаворкі аб
накіроўванні місіі назіральнікаў.
Трэба зазначыць, што АБСЕ не з'яўляецца манапалістам на правядзенне назірання
за выбарамі, якое можа прымаць розныя формы. Унутранае назіранне можа арганізоўвацца
двума спосабамі. Першы -- нейтральнае беспартыйнае грамадскае назіранне, арганізуемае
грамадзянамі, часцей за ўсё са складу недзяржаўных арганізацый, у якіх адсутнічае
яўная прапартыйная арыентацыя. Лепш за ўсё іх ахарактарызаваць як зацікаўленых
грамадзян, якія імкнуцца браць актыўны ўдзел у грамадзянскім жыцці краіны, нягледзячы
на тое, што не з'яўляюцца членамі палітычных партый. Яны адыгрываюць тую ж ролю,
што і міжнародныя назіральнікі, і іх прысутнасць на выбарчым участку служыць
пяці вышэйзгаданым мэтам. Разам з тым, іншая катэгорыя грамадскіх назіральнікаў
уключае партыйных назіральнікаў, што адбіраюцца са складу палітычных партый.
Іх задачай на ўчастку для галасавання з'яўляецца назіранне за стаўленнем да
іх кандыдатаў, партыі і прыхільнікаў. Такім чынам, яны не могуць заставацца
нейтральнымі. Аналагічна прадстаўнікі, якія накіроўваюцца партыямі з іншых краін,
таксама з'яўляюцца партыйнымі назіральнікамі.
-- Абавязацельства па АБСЕ ў дачыненні да неабмежаванага доступу да СМІ --
як гэтыя абавязацельствы могуць быць выкананы ў Беларусі?
-- Калі сказаць коратка, то ў выніку дыялогу паміж афіцыйнымі ўладамі і апазіцыяй
павінна быць дасягнута ўзаемапаразуменне. Яго асноватворнай умовай мусіць быць
адкрыты доступ да СМІ. Канкрэтны тэхнічны бок таго, як гэта будзе дасягнута,
-- справа саміх беларусаў. Калі гэта будзе дасягнута, шляхам дыялогу або перамоў,
то тады АБСЕ будзе лічыць, што прынцыповая ўмова была выканана.
-- Чаго можна чакаць ад восені 2000 года? Якое, на ваш погляд, развіццё падзей
можна прадказаць?
-- Няма рэальнага адказу на гэтае пытанне, за выключэннем волі палітычных актараў.
Я з'яўляюся госцем гэтай краіны і яе грамадзян; будучае Беларусі -- у руках
яе грамадзян. Восенню гэтага года ў рэспубліцы адбудзецца тое, чаго пажадаюць
беларусы. Нягледзячы на сваю сціплую прысутнасць у краіне, пазіцыя АБСЕ, якая
прадстаўляе астатнія 53 дзяржавы, заключаецца ў аказанні падтрымкі Беларусі
ў кірунку развіцця дэмакратыі.
Інтэрв'ю правёў Юрый ТАПАРАШАЎ.