Паколькі Аляксандр Лукашэнка не пайшоў на кампраміс ні па адной з чатырох умоў, якія дазволілі б правесці справядлівыя выбары, апазіцыйныя дэмакратычныя партыі прынялі рашэнне байкатаваць выбарчы фарс. Такім чынам, мэта антылукашэнкаўскай апазіцыі - дамагчыся таго, каб рэжым быў змушаны вярнуцца да абмеркавання ўмоў правядзення выбараў. Гэта азначае - доступ усіх апазіцыйных партый да дзяржаўных СМІ, спыненне судовых пераследаў па палітычных матывах, вяртанне да ўдасканалення выбарчых законаў, распрацоўка паправак да Канстытуцыі і закона аб парламенце. Дасягнуць гэтай мэты можна, калі на выбарчыя ўчасткі 15 кастрычніка прыйдуць меней за 50 працэнтаў выбаршчыкаў. Байкот - гэта адзіны актыўны спосаб дасягнення пастаўленай мэты. Нельга ісці і выкрэсліваць усіх, таму што гэта прывядзе да таго, што выбары фармальна адбудуцца і нехта будзе абраны.