НА ПАРЛАМЕНЦКІХ ВЫБАРАХ БЕЛАРУСКІ ЎРАД СТРАЦІЎ ВЯЛІКІ ПАЛІТЫЧНЫ ШАНЕЦ
2000-10-23
Аўтар: Ханс-Георг ВІК, кіраўнік кансультацыйна-назіральнай групы АБСЕ ў Беларусі
Выключэнне кандыдатаў, прыхільнікаў дэмакратычных рэформаў, з выбарчага працэсу
Выключэнне кандыдатаў, прыхільнікаў дэмакратычных рэформаў, з выбарчага працэсу
У дзень выбараў - 15 кастрычніка 2000 г.- у Мінску, як і па ўсёй краіне было
ціха. На выбарчых участках можна было назіраць пастаянны і разам з тым невялікі
паток выбаршчыкаў. Амаль нідзе не было бачна плакатаў, якія б нагадвалі мінакам,
што сем мільёнаў грамадзян у гэты дзень абіраюць новы парламент. Аднак на фоне
цішыні сонечнага восеньскага нядзельнага дня ўрад быў занепакоены ўплывам незалежных
дэмакратычных кандыдатаў і стратэгіяй байкоту, якую разгарнулі некаторыя апазіцыйныя
партыі, што маюць дачыненне да Вярхоўнага Cавета 13-га склікання. На працягу
кастрычніка ў Мінску і іншых гарадах краіны былі зладжаныя дэманстрацыі прыхільнікаў
байкоту, а адна з акцый прайшла нават напярэдадні дня выбараў у цэнтры сталіцы.
Урад рабіў немалыя высілкі, каб прывесці людзей на выбарчыя ўчасткі і прадухіліць
удзел у выбарах кандыдатаў, што маюць важкую рэпутацыю і займаюць крытычную
ў дачыненні да ўрада пазіцыю.
Выканаўчая ўлада кіравала дзейнасцю выбарчых камісій. Нават Вярхоўны суд блаславіў
распараджэнне выбарчай камісіі адмовіць у рэгістрацыі - на падставе вельмі хісткіх
юрыдычных аргументаў - такім кандыдатам, як Генадзь Грушавы, старшыня дабрачыннага
фонду "Дзецям Чарнобыля", і Уладзімір Ганчарык, старшыня Федэрацыі прафсаюзаў
Беларускай. Амаль 180 з 750 кандыдатаў - большасць з іх знаходзяцца ў апазіцыі
да ўрада - былі выключаныя з палітычнага спаборніцтва. Гэта выклікала адмоўную
рэакцыю насельніцтва. З-за гэтага шматлікія выбаршчыкі не ўзялі ўдзелу ў галасаванні.
Вядома ж, тыя, каму адмовілі ў рэгістрацыі, нагадвалі выбаршчыкам у акругах,
што сярод кандыдатаў, якія балатуюцца, няма прыхільнікаў рэформаў. Занепакоены
тым, каб не страціць кантроль над парламентам, - наколькі мала ўлады ў яго ні
было сёння - урад страціў вялікі палітычны шанец пашырыць палітычную базу дзяржаўных
інстытутаў і распачаць памераны і разам з тым бесперапынны працэс рэформаў,
і гэтак дамагчыся некаторай міжнароднай падтрымкі, а таксама ініцыіраваць працэс
нармалізацыі стасункаў з ключавымі еўрапейскімі інстытутамі, такімі як Еўрапейскі
саюз і яго ключавымі структурамі, як Еўрапейскі парламент, члены якога наўпрост
абіраюцца насельніцтвам 15 краін, а таксама Радай Еўропы, дзе Беларусь мела
статус адмыслова запрошанага, пакуль канстытуцыйны крызіс у лістападзе 1996
г. не спыніў працэс дэмакратызацыі. І нарэшце, мы маем на ўвазе і Парламенцкую
асамблею АБСЕ, якая працягвае вызнаваць Вярхоўны Савет 13-га склікання за дэмакратычна
абраны парламенцкі орган. Парламенцкая асамблея АБСЕ робіць высілкі, каб умацаваць
і ажывіць працэс дэмакратызацыі ў Беларусі.
Імкненне да пераменаў
Згодна з апытаннямі грамадскай думкі, што правялі некалькі акадэмічных даследчых
інстытутаў, 80 працэнтаў грамадзян, якія планавалі ўзяць удзел у выбарах, жадаюць
пераменаў у палітычнай і эканамічнай сферах. Большасць патэнцыйных выбаршчыкаў
падтрымалі патрабаванні АБСЕ па ўмацаванні дэмакратычных асноў у краіне - стварэнні
адэкватных умоў для правядзення свабодных і дэмакратычных выбараў, доступу апазіцыйных
палітычных партый да дзяржаўных СМІ і правядзення самай важнай, закладзенай
у Канстытуцыі, рэформы парламента з той мэтай, каб ён здолеў зноў атрымаць свае
першапачатковыя паўнамоцтвы і функцыі. І іншыя патрабаванні - напрыклад, аднавіць
вяршэнства закона, незалежнасць суддзяў і судоў і спыніць пераслед палітычных
апанентаў пры дапамозе юрыдычных захадаў - шырока падтрымліваюцца грамадствам.
Парламенцкая "тройка" еўрапейскіх інстытутаў прыняла да ведама гэтае імкненне
да пераменаў у сваёй "Справаздачы аб палітычнай сітуацыі ў Беларусі ў святле
парламенцкіх выбараў", якая была апублікавана падчас яе візіту ў Мінск. У справаздачы
паведамляецца, што ў выніку аналізу палітычнай сітуацыі ў настроях грамадства
відавочнае імкненне да пераменаў у бок сапраўднай дэмакратыі. Паводле заявы
"тройкі", палітычныя тэндэнцыі ў грамадзянскай супольнасці не адлюстроўваюцца
ні ў дзяржаўных СМІ, якія зарыентаваныя на падтрымку структур кіраўнічай улады,
ні на стратэгіях палітычных сіл.
Даследаванне вынікаў галасавання
Эксперты не здзіўленыя, што заявы афіцыйных органаў пра вынікі парламенцкіх
выбараў у 110 акругах успрымаюцца са скептыцызмам апазіцыйнымі партыямі і шэрагам
міжнародных інстытутаў і ўрадаў. Як паведаміла сп. Ярмошына, старшыня Цэнтральнай
выбарчай камісіі, за дзве гадзіны да закрыцця выбарчых участкаў прагаласавалі
толькі 40 працэнтаў зарэгістраваных выбаршчыкаў. Потым Цэнтральная выбарчая
камісія абвесціла, што 61,08 працэнта зарэгістраваных выбаршчыкаў узялі ўдзел
у галасаванні. Толькі у 13 ці 14 са 110 акругаў яўка ў 50 працэнтаў не была
дасягнутая. У 41 акрузе кандыдаты былі абраныя ў першым туры, у той час як у
55 акругах 29 кастрычніка 2000 г. адбудзецца другі тур.
Аднак гэтыя вынікі выклікаюць сумненні не толькі ў агульных заявах апазіцыйных
лідэраў, якія настойваюць, што яўка не перавысіла 45 працэнтаў зарэгістраваных
выбаршчыкаў. Так, старшыня Цэнтральнага каардынацыйнага савета грамадскіх аб'яднанняў
па назіранні за выбарамі прааналізаваў справаздачы 5.500 назіральнікаў, якія
прысутнічалі на 3.500 участках, ахапіўшы назіраннем больш за 50 акругаў, і заявіў,
што не толькі ў 14, але ў цэлым у 31 (калі не ў 35) акругах яўка не дасягнула
ўзроўню ў 50 працэнтаў.
Як гэта магло здарыцца? У аналітычны цэнтр Цэнтральнага каардынацыйнага савета
і ў кансультацыйна-назіральную групу АБСЕ паступіла вялікая колькасць справаздач,
дзе паведамлялася пра парушэнні ў працэсе датэрміновага галасавання, казалася
пра злоўжыванні перасоўнымі урнамі для галасавання (маецца, што бюлетэні для
галасавання адвольна дадаваліся). Аднак найбольш распаўсюджаны метад карэкціроўкі
вынікаў выбараў заключаецца ў змене колькасці зарэгістраваных выбаршчыкаў, напрыклад,
памяншэнні колькасці выбаршчыкаў, што аўтаматычна змяняе долю тых, хто прагаласаваў,
ад агульнай колькасці зарэгістраваных выбаршчыкаў.
Такія метады прымяняліся ў акругах 94 і 99. Арганізацыі і кандыдаты, якія ладзілі
назіранне, падалі скаргі ў адпаведныя камісіі. У выпадку адмовы скаргі могуць
быць перададзеныя ў Цэнтральную выбарчую камісію і ў выніку - у Вярхоўны суд.
Прыкладзеная да заяў дакументацыя дастаткова грунтоўная, і яе варта ўспрымаць
усур'ёз. Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі спасылалася на юрыдычную магчымасць
карэкціроўкі спісаў выбаршчыкаў. Калі такая магчымасць ёсць, то выключна з пэўнымі
абмежаваннямі. У некаторых акругах, згодна са справаздачамі, былі ўнесеныя змены
былі ў 12.000 чалавек, што адпаведна знізіла агульную колькасць выбаршчыкаў
на 15 працэнтаў і прывяло да таго, што доля ўдзелу ў выбарах склала больш за
50 працэнтаў.
Адна з асноўных новых рысаў парламенцкіх выбараў сёлета - больш моцныя статус
і роля грамадскіх назіральнікаў. У адказ на патрабаванні міжнароднай супольнасці
ўрад пагадзіўся павялічыць правы назіральнікаў. Не менш важным было стварэнне
Цэнтральнага каардынацыйнага савета, сфарміраванага шасцю грамадскімі арганізацыямі,
у тым ліку Беларускім Хельсінкскім камітэтам і Рэспубліканскім клубам выбаршчыкаў.
Некалькі тысяч грамадзян выказалі жаданне стаць валанцёрамі і прайсці абучэнне
ў якасці назіральнікаў, а таксама працаваць назіральнікамі на выбарчых участках
і ў выбарчых камісіях, хаця іх удзел і не заўсёды вітаўся ўладамі. На падставе
міжнароднага досведу былі распрацаваныя формы справаздачнасці для падання інфармацыі
па рамачных умовах выбараў, пра ўласна выбары. Адзначаліся такія моманты, як
праверка спісаў выбаршчыкаў, забеспячэнне сакрэтнасці галасавання ў кабінах
для галасавання і доступ назіральнікаў на пасяджэнні выбарчых камісій.
Каардынацыйны савет дэмакратычных сіл Беларусі, у склад якога ўваходзяць палітычныя
партыі, прафсаюзы і грамадскія арганізацыі, прыняў рашэнне, што дэмакратычныя
партыі будуць байкатаваць выбары, якія прывядуць да фарміравання яшчэ аднаго
безуладнага парламента. Стратэгія байкоту была разлічана на тое, каб у выніку
выбараў у парламенце не было неабходнага для яго функцыянавання кворуму. Пры
такіх абставінах урад мусіў бы праводзіць перамовы, у якіх планавалі ўзяць удзел
палітычныя партыі.
Шэраг фактараў прывёў да дастаткова нізкага ўзроўню ўдзелу ў выбарах, не апошнюю
ролю пры гэтым згуляў заклік да байкоту. Асобы, якія прапагандавалі гэтыя заклікі,
пераследаваліся праваахоўнымі органамі на падставе палажэнняў Кодэкса аб адміністрацыйных
правапарушэннях (артыкул 167, частка 3), хаця палажэнне аб забароне на заклікі
да байкоту была адмененая ў Выбарчым кодэксе. У выніку артыкул 167 быў скасаваны.
Аднак пераслед прапагандыстаў байкоту працягваўся ажно да дня выбараў, што выклікала
асабліва негатыўную рэакцыю і абурэнне сярод апанентаў ўрада. Было цяжка забяспечыць
спакойнае і дысцыплінаванае правядзенне маршаў на працягу кастрычніка.
Працэс выбараў будзе працягвацца ў другім туры 29 кастрычніка 2000 г. Каб выбары
адбыліся, неабходны ўдзел толькі 25 працэнтаў зарэгістраваных выбаршчыкаў. Пры
такіх умовах можна чакаць, што ў большасці з акругаў, дзе адбудзецца другі тур,
да канца кастрычніка будуць абраныя дэпутаты.
Аднак афіцыйная Беларусь можа не выявіць асаблівай цікавасці да арганізацыі
выбараў у тых акругах, дзе ў першым туры яўка ў 50 працэнтаў не была зафіксаваная.
Такое стаўленне традыцыйнае для Беларусі. У 1995-1996 гг. у Вярхоўным Савеце
былі занятыя толькі 180 месцаў. У той час норма 50-працэнтнага ўдзелу выбаршчыкаў
у галасаванні таксама дзейнічала і ў другім туры выбараў, і беларускім выбаршчыкам
у 1995 г. давялося чатыры разы ісці на ўчасткі дзеля таго, каб у парламенце
быў сфарміраваны кворум. Такія зацяжныя працэдуры не ўмацоўваюць прыхільнасць
грамадзян да дэмакратычных ідэй.
Шкада, што сёння ёсць парламент з вельмі абмежаванымі паўнамоцтвамі, які - з
той жа прычыны - наўрад ці можа быць вызнаны міжнароднай супольнасцю. Як доўга
змогуць грамадзяне краіны вытрымаць такую сітуацыю, калі ў іх адбіраюць права
вызначаць арыентацыю ўнутранай і знешняй палітыкі краіны шляхам свабодных, справядлівых,
важкіх і бесперашкодных выбараў?